Сёньня кардынал Бэртонэ правёў імшу ў Менскім катэдральным касьцёле, на якую прыйшло ў храм і на вуліцу да вялікіх экранаў каля 6 тысяч чалавек, ды падвёў вынікі сваёй паездкі на прэсавай канфэрэнцыі.
Дзяржаўны сакратар Сьвятога пасада Тарчызіё Бэртонэ выказаў свой спадзеў, што візыт папы рымскага Бэнэдыкта XVI ў Беларусь на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца, аднак ніякіх тэрмінаў назваць ня змог:
"Сьвяты айцец атрымлівае вялізную колькасьць запрашэньняў з краін Эўропы, Афрыкі і Азіі. На гэтай аснове ён плянуе ланцуг сваіх візытаў на будучыню. Зразумела, прасьцей прадугледзець візыты ў эўрапейскія краіны, чым міжкантынэнтальныя... Беларусь – гэта тая краіна, да якой сьвяты айцец адносіцца зь вялікай любоўю. І мой цяперашні візыт -- гэта нешта падобнае да візыту Яна Хрысьціцеля, які адкрыў дарогу, адкрыў браму... Я буду садзейнічаць ажыцьцяўленьню гэтага візыту папы. Я не магу вызначыць час, але мы будзем спадзявацца на візыт папы ў Беларусь".
Кардынал Бэртонэ пры гэтым нагадаў звычайныя словы папы, калі той атрымлівае падобныя запрашэньні: “Калі Бог дасьць мне жыцьцё і здароўе, то я спадзяюся ажыцьцявіць і гэта”.
Гаворачы аб падрыхтоўцы да падпісаньня Ватыканам Канкардату зь беларускім урадам, кардынал Бэртонэ заявіў, што пакуль рана казаць пра ягоны зьмест, бо дыялёг толькі пачаўся. Ён нагадаў, што апрача базавай дамовы з урадам Каталіцкая царква падпісвае і пагадненьні з асобнымі міністэрствамі, якія адказваюць за розныя галіны жыцьця: выдзяленьне пляцовак для храмаў, сацыяльную працу ў шпіталях, дабрачыннасьць.
У цэлым адносіны паміж Беларусьсю і Ватыканам кардынал Бэртонэ назваў пазытыўнымі. У якасьці прыкладаў прывёў і запрашэньне папы ў Беларусь, і тое, як у Менску добра арганізавалі ягоны прыезд, і пачатак двухбаковай працы, скіраванай на магчымае падпісаньне базавага пагадненьня паміж Сьвятым пасадам і ўрадам Беларусі. Яшчэ адным з пазытываў ён назваў дзейны ў Беларусі Закон аб свабодзе сумленьня.
“Закон аб свабодзе сумленьня ў Беларусі, на мой погляд, зьяўляецца добрым законам, які адлюстроўвае неабходнасьць абароны і павагі правоў 5 асноўных канфэсій, традыцыйных для Беларусі”.
Нагадаю, што гэты закон выклікаў нэгатыўныя ацэнкі з боку пратэстантаў і іншых рэлігійных меншасьцяў, а таксама Дзярждэпартамэнту ЗША, якія назвалі яго дыскрымінацыйным. Нядаўна беларускія вернікі-пратэстанты сабралі 50 тысяч подпісаў з патрабаваньнем зьменаў у гэтым законе і перадалі іх сваім уладам і ў Эўрапарлямэнт.
Адказваючы на пытаньне аб эканамічных санкцыях ЗША супраць Беларусі, кардынал Бэртонэ сказаў, што Ватыкан лічыць любыя санкцыі супраць нейкага народу непрымальнымі, бо ад гэтага церпяць людзі, і нагадаў, што Ян Павал Другі ў свой час выступаў супраць санкцыяў адносна хусэйнаўскага Іраку.