Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм пра Курапаты атрымаў Гран-пры каталіцкага фэстывалю


Дакумэнтальная стужка М.Жданоўскага “Ва ўсе дні” разьвівае тэму, распачатую рэжысэрам у фільме "Дарога на Курапаты".


Дакумэнтальны фільм беларускага кінарэжысэра Міхаіла Жданоўскага "Ва ўсе дні" атрымаў Гран-пры IV міжнароднага каталіцкага фэстывалю хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграмаў "Магніфікат-2008", які прайшоў 17—21 чэрвеня ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласьці.

Як паведаміў БелаПАН старшыня фэстывалю, кінарэжысэр Юры Гарулёў, фільм М.Жданоўскага разьвівае тэму, распачатую рэжысэрам у 1990-я гады стужкай "Дарога на Курапаты" (аўтар сцэнару - А.Лукашук, апэратар - С.Пятроўскі).

Дакумэнтальны фільм "Ва ўсе дні", створаны на кінастудыі "Беларусьфільм", прысьвечаны мастаку-іканапісцу Анатолю Кузняцову, які на працягу многіх гадоў піша абразы на камянях у народным нэкропалі Курапаты на паўночна-ўсходняй ўскраіне Менску, дзе ляжаць дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1930—1940-х гадоў.

На фэстывалі было прадстаўлена 35 фільмаў і тэлепраграм зь Беларусі, Грузіі, Італіі, Канады, Латвіі, Лівана, Літвы, Польшчы, Расіі, ЗША, Украіны, Францыі, Харватыі і Швайцарыі. Заснавальнікамі творчай акцыі, якая праводзіцца пад патранажам Канфэрэнцыі каталіцкіх япіскапаў у Беларусі, зьяўляюцца каталіцкая асацыяцыя для камунікацый "SIGNIS-Беларусь", незалежная студыя "Стопкадр", рэдакцыя рэлігійна-асьветніцкага часопісу "Дыялёг" (Баранавічы), а таксама Віцебская дыяцэзія Беларускай рымска-каталіцкай царквы. Фэстываль праводзіцца пры ўдзеле Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG