Свае меркаваньні выказваюць Мікола Маркевіч з Горадні і Станіслаў Суднік зь Ліды.
Журналіст Мікола Маркевіч — адзін са стваральнікаў сайту pahonia.org, раней галоўны рэдактар газэт “Пагоня” і “День” кажа, што нічога добрага ад новага закону аб СМІ не чакае.
Маркевіч: “Трэба заўсёды задавацца пытаньнем: дзеля чаго гэта зноў робіцца? І ў мяне такая парадаксальная думка, што ня толькі дзеля таго, каб больш жорсткімі зрабіць умовы існаваньня для інтэрнэт-прасторы. Адна з галоўных прычын, мне падаецца, зьвязаная з тым, што дзяржава як гакер спыняла сайты, блякавала іх, усё гэта рабілася ананімна. Я думаю, што дзяржава хоча ўзаконіць сваё права ўлазіць беспардонна ў жыцьцё СМІ яшчэ больш”.
Мікола Маркевіч лічыць, што для журналістаў будуць створаны яшчэ больш жорсткія ўмовы існаваньня, калі будзе прыняты новы закон аб СМІ.
Маркевіч: “Вельмі сумна, што ён сёньня прымаецца людзьмі, якія зьяўляюцца абсалютна паслухмянымі, гэтыя дэпутаты выканаюць любую волю выканаўчай улады. З другога боку, я ведаю толькі тое, што ўсе намаганьні іхнія ішлі і дагэтуль намарна і потым будуць, бо гэтыя дзеяньні накіраваныя ня столькі супраць журналістаў і журналізму, колькі супраць уласнай краіны, супраць інтарэсаў нашай дзяржавы”.
Чаго чакаць стваральнікам інтэрнэт-выданьняў у бліжэйшы час, калі новы закон аб СМІ будзе зацьверджаны і пачне дзейнічаць?
Маркевіч: “Тое, што зьвязанае з інтэрнэтам, яны будуць зьнішчаць, абмяжоўваць, кантраляваць яшчэ больш старанна. Але інтэрнэт — ён будзе выжываць. Іншая справа, што пастаўлена задача абмежаваць уплыў журналістаў на шырокую аўдыторыю. І гэтая задача ў нейкі лякальны пэрыяд, скажам, падчас будучых парлямэнцкіх выбараў, будзе выканана. Для іх гэта самае галоўнае, бадай што”.
Станіслаў Суднік рэдагуе газэту ТБМ “Наша Слова”. Ён настроены больш спакойна.
Суднік: “Поўнай вэрсіі закону ня бачыў, толькі фрагмэнты, камэнтары. Але маё абсалютнае перакананьне, што ніякай панікі быць не павінна. Стары закон цалкам дазваляў рабіць зь незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі ўсё што хочаш. Сытуацыя такая, што тапелец дажджу не баіцца… Так што новы закон на сытуацыю са сродкамі масавай інфармацыі паўплывае мала ці не паўплывае зусім. З інтэрнэтам ваяваць гэтым законам таксама бессэнсоўна, бо сайты пачнуць разьмяшчацца на замежных сэрвэрах, рэгістравацца як замежныя і будуць пісаць пра тое самае. Я не разумею ўвогуле — для чаго ён патрэбны”.