Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць удзельнікаў мітынгу ў Дружным


У судзе Пухавіцкага раёну Менску распачаўся разгляд адміністрацыйнай справы жыхара пасёлку Дружны Сяргея Салдаценкі. Яго вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу пратэсту жыхароў пасёлку супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці заводу ядахімікатаў расейскай кампаніі “Аўгуст-Бел”.


З гэтай нагоды ў суд выклікаюць таксама жыхара пасёлку Рудзенск Міхаіла Калінкевіча.

Сяргей Салдаценка прыйшоў на судовае паседжаньне толькі дзеля таго, каб пазнаёміцца са справай і адтэрмінаваць яе разгляд, бо пра суд ён даведаўся напярэдадні:

“У суботу мне затэлефанавалі з пошты і паведамілі. Штамп стаіць, што з Мар’інай Горкі адпраўлена шостага, а мне паведамляюць толькі чатырнаццатага. Гэта проста сваволя ўладаў. У нашай краіне што — людзі ня могуць сабрацца і выказваць сваё меркаваньне? У нас ёсьць адпаведныя артыкулы Канстытуцыі пра свабоду слова, сходаў і мітынгаў. А ў нас усе тры галіны ўлады парушаюць правы чалавека”.

У судовых позвах не паведамлялася ні пра падставы выкліку, ні ў якой якасьці людзі павінны зьявіцца ў судзе. З гэтай прычыны Міхаіл Калінкевіч увогуле адмовіўся прыняць позву.

Сяргей Салдаценка браў слова на адным зь несанкцыянаваных мітынгаў, каб паведаміць, у прыватнасьці, што ўлады не даюць дазволу на правядзеньне акцыяў пратэсту. Яшчэ адну жыхарку Дружнага, Натальлю Мацэпон, склаўшы на яе пратакол, выклікалі на адміністрацыйную камісію райвыканкаму за расклейваньне ўлётак:

“Не магла я стрымацца ў адказ на рэпрэсіі, якія тут адбываюцца. Гэта ж прадстаўнікі Пухавіцкага райвыканкаму, міліцыі і пракуратуры езьдзілі па працоўных калектывах і пагражалі людзям. Маўляў, калі вы будзеце ўдзельнічаць у мітынгах, то адносна вас будуць зроблены захады, вы страціце працу. Таму я надрукавала такую абвестку, што не здавайцеся, не паддавайцеся на шантаж і пагрозы, ня бойцеся. Што ўлады дзейнічаюць забароненымі сродкамі”.

За ўдзел у мітынгу пратэсту суд Пухавіцкага раёну днямі аштрафаваў дзьвюх жыхарак Дружнага. Двойчы буйнымі штрафамі быў пакараны яшчэ адзін пратэстовец Сяргей Абразоўскі. Вось як ён камэнтуе гэтыя падзеі:

“Суды працягваюць шэраг распраў над удзельнікамі пратэсту супраць будаўніцтва прадпрыемства “Аўгуст-Бел”. На сёньняшні дзень улады не дазволілі правядзеньня ніводнага мітынгу, ніводнага пікету. Запалохваючы судамі людзей, улады спадзяюцца працягваць свае незаконныя дзеяньні ў справе арганізацыі будаўніцтва гэтага прадпрыемства”.

Суд над Сяргеем Салдаценкам перанесены на 20 чэрвеня. Нагадаем, што будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары Дружнага, Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры і іншых паселішчаў. Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстытуцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і да Аляксандра Лукашэнкі. Зараз людзі зьбіраюць подпісы пад зваротам у ААН і АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG