Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, ці дзядзька Рыгор, як часта яго клічуць, нарадзіўся на Вушаччыне ў 1935 годзе.
Рыгор Барадулін – апошні з тых, каму была нададзеная годнасьць народнага паэта. Сёлета, дарэчы, роўна 55 гадоў, як ён пачаў друкаваць свае вершы – першая публікацыя была ў “Чырвонай зьмене”.
Рыгор Барадулін – апошні з тых, каму была нададзеная годнасьць народнага паэта. Сёлета, дарэчы, роўна 55 гадоў, як ён пачаў друкаваць свае вершы – першая публікацыя была ў “Чырвонай зьмене”.
З-пад пяра мастака слова выйшлі амаль 70 зборнікаў паэзіі, ён аўтар шматлікіх перакладаў іншаземных аўтараў на беларускую мову. А барадулінскія радкі перакладзеныя на 31 мову сьвету. У 2006 годзе Рыгора Барадуліна намінавалі на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.
Але ў кніжных шафах у пакоі дзядзькі Рыгора, падаецца, больш ня ўласна ягоных кніжак, а – Васіля Быкава. Дарэчы, пяць год таму выйшаў другі сумесны праект Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна – "Калі рукаюцца душы". Перад гэтым у 2000-м пабачыў сьвет іх зборнік вершаў і малюнкаў "Лісты ў Хельсінкі".
– Постаць Быкава – гэта постаць адраджэнцкая, постаць, якую даў Бог. Акурат Быкаў будзіў раніцою Беларусь, ён на ўвесь сьвет заявіў, што ёсьць такая краіна Беларусь, якая змагаецца за праўду й сваю самастойнасьць.
Гэтыя словы Рыгор Барадулін сказаў у дзень сьмерці Васіля Быкава, пяць гадоў таму. Тады ж напісаў радкі:
Будуць часам ідалы раструшчаны,
Сьвет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў.
А да дня нараджэньня свайго старэйшага сябра літаральна днямі нарадзіўся вось гэты верш, які называецца “19 чэрвеня”:
Слова пакідае зорны сьлед,
Бо яго сьвятарыць
Бог паклікаў.
Сёньня ведае вяльможны сьвет:
Беларусь дзяржавіць
Там, дзе Быкаў.