Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мастацтва супраць дыктатуры": беларуская выстава ў парлямэнце Эстоніі


На выставе "Мастацтва супраць дыктатуры" ў парлямэнце Эстоніі прадстаўленыя працы і старэйшых вядомых беларускіх мастакоў, і маладых творцаў.

Выставу ладзіць эстонская грамадзкая арганізацыя "Valgevene uus tee" супольна са згуртаваньнем "Трэці шлях" і Беларускім музэем у Нью-Ёрку пры падтрымцы эстонскага парлямэнту і фонду "Адкрытая Эстонія".

У часе адкрыцьця выставы 11 чэрвеня віцэ-сьпікер парлямэнту Эстоніі Крыстына Оюланд выказала ўдзячнасьць і падтрымку беларускім дзеячам мастацтва за іх працу для захаваньня і разьвіцьця нацыянальнай культуры Беларусі.

У адкрыцьці выставы таксама ўзялі ўдзел вядомы беларускі мастак, скульптар Алесь Шатэрнік і старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, эстонскія парлямэнтары і грамадзкія дзеячы зь Беларусі і Эстоніі.

Паводле прэсавага паведамленьня арганізатараў, выстава задуманая "для прэзэнтацыі альтэрнатыўнай Беларусі, краіны з глыбокімі гістарычнымі традыцыямі і эўрапейскай культурай, з творчай элітай, якая ня хоча пагадзіцца з існуючым цяпер парадкам рэчаў, – для прэзэнтацыі той Беларусі, якая заўсёды была часткай эўрапейскай культурнай прасторы".

На выставе экспануюцца творы Алеся Шатэрніка, Алеся Марачкіна, Юр'я Платонава, Янкі Рамановіча і Юліі Шатэрнік. Усе яны зьяўляюцца ўдзельнікамі творчай суполкі "Пагоня".

Адкрыцьцё ў парлямэнце Эстоніі выставы "Мастацтва супраць дыктатуры"


Ідэя беларускай выставы "Мастацтва супраць дыктатуры" была прадстаўленая сёлета на пачатку сакавіка ў часе Кангрэсу новай беларускай дыяспары ў Таліне, у якім ўзяла ўдзел беларуская моладзь з Эўропы і Амэрыкі і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі.

Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Кангрэсу, кааардынатар грамадзкай арганізацыі "Трэці шлях" Павал Марозаў з Эстоніі паведаміў, што па выніках Кангрэсу новай дыяспары была прынятая дэклярацыя аб намерах, паводле якой адзін з кірункаў супольных дзеяньняў – прапаганда беларускай культуры за мяжой. Паводле актывіста і ініцыятара арганізацыі "Беларускі моладзевы рух Амэрыкі", якая стварыла Беларускі музэй у Нью-Ёрку, Алеся Вінакурава, выставу "Мастацтва супраць дыктатуры" плянуецца прадставіць і ў парлямэнтах Эўропы і Кангрэсе ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG