Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Навумаў вінаваціць мэдыі


Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў выказаў сваю вэрсію пра адказных за інцыдэнт, які атрымаў назву “жывы шчыт”. Таксама міністар выказаўся адносна палітвязьняў і павялічэньня ўжываньня піва.


6 чэрвеня ў Нацыянальны прэс-цэнтар прывезьлі расейскіх журналістаў, якіх запрасілі ў Беларусь па праграме асьвятленьня барацьбы з гандлем людзьмі.

На прэсавую канфэрэнцыю міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава, прысьвечаную гэтай тэме, прыйшлі і беларускія журналісты. Сярод іншага, у міністра спыталіся пра сытуацыю ў ДАІ краіны. Ці будзе міліцыя аднолькава жорстка караць усіх парушальнікаў правілаў, у тым ліку і сярод саміх міліцыянтаў? Міністар Навумаў запэўніў, што гэта будзе рабіцца і робіцца ўжо. Прыклад — хутка будзе суд над супрацоўнікамі ДАІ, якія ўтварылі гэтак званы “жывы шчыт”.
Сродкі масавай інфармацыі абвінавацілі супрацоўнікаў ДАІ да таго, як пачалося сьледзтва


Нагадаем: як паведамлялася, міліцыянты паставілі ўпоперак шашы прыватныя аўтамабілі, каб спыніць нецьвярозага кіроўцу, і ў выніку пацярпелі невінаватыя людзі. “Чаму ж міліцыя дала магчымасьць гэтаму кіроўцу потым бясьсьледна ўцячы?” — запытаў міністра Навумава карэспандэнт Радыё Свабода. Адказнасьць за гэта міністар унутраных спраў усклаў на саміх журналістаў:

“Гэта неразумнае пытаньне. Так атрымалася таму, што сродкі масавай інфармацыі абвінавацілі супрацоўнікаў ДАІ да таго, як пачалося сьледзтва. А мы так рабіць ня можам, што вось Мянцюк зрабіў злачынства, мы яшчэ не правялі ніякага разбору, а яго ўжо трэба затрымаць. Вось так і атрымалася. Пакуль мы праводзілі разборы, Мянцюк зьехаў і зараз знаходзіцца ў вышуку”.

Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 2 сакавіка. 11 сакавіка пра інцыдэнт стала вядома зь недзяржаўных мэдыяў, куды зьвярнуліся пацярпелыя грамадзяне. 14-га пракуратура завяла справу на супрацоўнікаў ДАІ, і нават тады яшчэ справа супроць Рамана Менцюка ў міліцыі не была заведзеная. Пра яе паведамілі, калі стала вядома, што кіроўца не вярнуўся з Масквы, дзе ўдзельнічаў у тэлешоў.
Спажыўцы піва “на вуліцах паводзяць сябе не агрэсіўна”


Пацярпелы Аляксей Берасьнеў ня згодны зь міністрам унутраных спраў адносна вінаватых у тым, што кіроўцу дагэтуль ня судзяць:

“Мяркую, вінаватыя супрацоўнікі міліцыі. Часу было дастаткова, каб разабрацца, тым больш улічваючы асаблівасьці справы і асобы гэтага Менцюка. Ён нават на ток-шоў у Малахава адчуваў сябе героем, як мне падалося”.

Аляксей Берасьнеў не выключае, што адпачатку супрацоўнікі ДАІ спрабавалі замаўчаць інцыдэнт, і гэтым скарыстаўся Раман Мянцюк.

Міністру Навумаву беларускія журналісты таксама нагадалі пра палітвязьняў, колькасьць якіх зноў павялічылася ў турмах. На гэта Ўладзімер Навумаў адказаў, што яму нічога пра наяўнасьць палітвязьняў невядома, а крымінальнікаў ён палітвязьнямі ня лічыць.

Расейскія журналісты зьдзівіліся колькасьці нецьвярозай моладзі, якую сустрэлі ўвечары на вуліцах Менску. “Раней такога не было!” — заявіў расейскі карэспандэнт. Уладзімер Навумаў паведаміў, што беларуская міліцыя дамагалася ўвядзеньня адказнасьці за расьпіцьцё на вуліцах піва, але аказалася бясьсільнай супроць “піўнога лобі”. Наяўнасьць такога лобі міністар пацьвердзіў лічбамі:

“Спажываньне піва апошнія 4 гады ў нас штогод павялічваецца на 20—25%”.

Пры гэтым Уладзімер Навумаў лічыць, што спажыўцы піва “на вуліцах паводзяць сябе не агрэсіўна”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG