Раней арганізатары рабілі фэстывальныя абвесткі на трох мовах: беларускай, ангельскай ды расейскай. Апошнія тры гады толькі па-руску. У аддзеле культуры Магілёўскага гарвыканкаму ў гэтым ня бачаць хібы. Кажуць: ў Беларусі дзьве мовы дзяржаўныя – беларускай й руская.
“У нас ёсьць дакумэнты, якія рэглямэнтуюць напісаньне афіцыйных, неафіцыйных дакумэнтаў, якія могуць быць і на рускай, і на беларускай мовах. Руская мова больш даступная. У нас трыццаць працэнтаў удзельнікаў з Расеі. Чаму мы ня можам, калі ў нас ёсьць выбар, зрабіць на рускай мове?” – зазначыла намесьніца начальніка аддзелу культуры Ірына Жабарава.
Сёлета арганізатарам фэстывалю выступае Магілёўскі гарвыканкам. Паводле Ірыны Жабаравай, у горад над Дняпром прыедуць музыкі з васьмі краінаў сьвету: Украіны, Баўгарыі, Польшчы, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Кітаю, Нямеччыны, Беларусі ды Расеі.
Пазаўчора на плошчы Леніна разгарнулі расьцяжку: на ёй анансуюцца выступы толькі расейскіх ўдзельнікаў фэстывалю. Уся інфармацыя, адпаведна, зноў жа выключна па-руску.
Дэпутат гарсавету Аляксандар Агееў лічыць, што арганізатары такім чынам паступаюць прынамсі не гасьцінна:
“Калі мы друкуем па-руску, то мы крыўдзім астатніх гасьцей фэстывалю. А астатнія, што глядзяць, на іхнай жа мове няма! На польскай, на літоўскай, ці то на баўгарскай… Атрымоўваецца так, што мы адным робім прыемнае, а да іншых паварочваемся задам”.
Улады заяўляюць: мы імкнёмся зрабіць Магілёў фэстывальным горадам. Фэстывалі “Магутны божа”, “Анімаёўка” ды “Залаты шлягер” – знакавыя для гораду. Акрамя таго, тут рэгулярна арганізуюцца Дні замежнага кіно. Абвесткі і пра гэтыя мерапрыемствы спрэс па-руску.
Магілёўская журналістка Алена Барысава лічыць недапушчальным, што няма абвестак на роднай мове. Гэта зьневажае культуру тытульнай нацыі – беларусаў, кажа яна:
“Гэта я тлумачу толькі невуцтвам нашых чыноўнікаў ад культуры. Таму й здарыўся такі парадокс з нашым фэстывалем “Магутны Божа”. Там засталася толькі форма, ды й то ня дужа добрая. Узгадайце ранейшыя фрагмэнты адкрыцьця фэстывалю, які быў зьмест! Цяпер жа гэта расейскамоўныя літаратурныя мантажы…”
Добра вядомы ў беларускамоўных колах Генадзь Суднік лічыць, што фэстываль “Магутны Божа” для сёньняшняй улады абсалютна чужы:
“Яны праспалі час, калі яго можна было зачыніць. “Магутны Божа” – гэта спалучэньне нацыянальнай ідэі й хрысьціянскага сьвету бязьмежнага, што называецца, якое канечне ж іх палохае ды насьцярожвае. Першыя фэстывалі былі настоеныя на самаадчуваньні таго, што мы і ёсьць беларусы. Той краінай, дзе, можа, Хрыста і не хапае, каб мы сталі зусім, што называецца, людзьмі”.
Што да іншых магілёўскіх фэстываляў, то Генадзь Суднік зазначае: яны ад пачатку не задумваліся як беларускія й нацыянальныя.
Адводка для вядучага: “Магутны Божа” ўпершыню правялі ў 1992 годзе. Сёлета ён адбудзецца ў шаснаццаты раз. Назва фэстывалю паходзіць ад аднайменнага музычнага твору паэткі Натальлі Арсеньевай і кампазытара Мікалая Равенскага. Паводле палажэньня, усе ўдзельнікі фэстывалю павінны ведаць гімн “Магутны божа” на мове арыгіналу.