Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інваліды першай групы – людзі другога гатунку?


“Гэтыя людзі ня маюць рэабілітацыйнага патэнцыялу: яны інваліды на ўсё жыцьцё”, – кажуць пра іх мэдыкі й чыноўнікі. Але інваліды змагаюцца за свае правы.

Жыхар Магілёву, інвалід першай групы Ўладзімер Вусікаў зьвярнуўся ў Кастрычніцкі райвыканкам па пуцёўку ў санаторый. Яму адмовілі. Паводле спадара Вусікава, спаслаліся на адсутнасьць у Беларусі спэцыялізаваных санаторыяў для інвалідаў.

У паліклініцы ж інваліду сказалі, што санаторый яму наагул забаронены.

“У яго ёсьць захворваньні сардэчныя, зь якімі ў санаторый-прафілякторый не бяруць. Гэта агульная практыка. Загад міністра аховы здароўя”, – патлумачылі “Свабодзе” ў паліклініцы.

У прыватных гутарках мэдыкі зазначаюць: інвалідам першай групы амаль не выдзяляюць пуцёвак у санаторыі. У гэтых інвалідаў адсутнічае рэабілітацыйны патэнцыял. Яны інваліды на ўсё жыцьцё – такі мэдычны вэрдыкт.

Магілёўскі лекар Васіль Аўраменка называе яшчэ адну прычыну:

“Інваліды першай групы – гэта людзі, якія маюць патрэбу ў рэгулярным даглядзе. Для такіх людзей, канечне, нашы санаторыі, за рэдкім выключэньнем, проста не прыстасаваныя. З такімі людзьмі трэба накіроўваюць яшчэ па чалавеку, які б іх даглядаў”.

Атрымаць кампэнсацыю за пуцёўку Ўладзімер Вусікаў таксама ня можа.

“Нельга. Можна толькі інвалідам і ўдзельнікам вялікай айчынай вайны. Дык я кажу: што, на паперы можна й такім інвалідам як я, а на справе – фікцыя атрымліваецца”, – пераказвае спадар Вусікаў гутарку з супрацоўнікамі Кастрычніцкага райвыканкаму.
Дзевяноста працэнтаў інвалідаў знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане.

Ва ўправе па працы, занятасьці й сацыяльнай абароне насельніцтва Магілёўскага гарвыканкаму карэспандэнта “Свабоды” запэўнілі: у сытуацыі з Вусікавым разьбяруцца.

“Трэба глядзець, што мы рэальна яму можам даць. У межах таго, што мы можам даць – мы ўсё аддаём. Таму тут нельга казаць, што яму сказалі: не і ўсё”, – сказаў супрацоўнік управы.

У Магілёўскай вобласьці 83 тысячы інвалідаў, 14 тысяч зь іх жыве ў Магілёве.

У магілёўскай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў кажуць: сытуацыя, у якой апынуўся Ўладзімер Вусікаў, тыповая:

“У прынцыпе, людзям не даводзяць інфармацыі. Можна сказаць, што яна для іх схаваная. Таму іх і адфутбольваюць, як мячык. Інфармацыя ў любой установе павінна быць даступнай для кожнага, у тым ліку й для інвалідаў. А іх чамусьці забываюць”, – зазначае супрацоўнік таварыства.

У Магілёве блізу трохсот інвалідаў-вазочнікаў. Кіраўнік Магілёўскай асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў Алег Юркоў, лічыць: праблема з аздараўленьнем такіх людзей існуе, аднак яна цяпер не настолькі актуальная:

“Дзевяноста працэнтаў інвалідаў знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане. Апатыя, страх грамадзтва. Каго пераканаеш, выцягнеш, псыхалягічна апрацуеш – усё, тады ён пачынае нешта рабіць. А яшчэ залежыць ад таго, хто зь імі побач жыве. Бывае, што сваякі прыгнятаюць: сядзі дома, навошта гэта табе патрэбна, не палохай людзей, не саром нас”.

Трэба мяняць стаўленьне да інвалідаў, зазначае Алег Юркоў:

“У нас за паняцьце інвалід сорамна стала, пачалі гаварыць “людзі з абмежаванымі магчымасьцямі”. То бок нашыя магчымасьці наперад дзяржава ўжо абмяжоўвае. Абмяжоўвае ў навучаньні, у працы, спорце. Мы павінны даказаць, што мы ня людзі з абмежаванымі магчымасьцямі, а мы такія, як і вы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG