Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Жэнэве “жорсткая размова” зь Беларусьсю?


У Жэнэве праходзіць 97-я сэсія Міжнароднай арганізацыі працы. Учора ў Швайцарыю вылецела прадстаўнічая афіцыйная трохбаковая дэлегацыя і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.


Мяркуецца, што 5 чэрвеня Камітэт па нормах і стандартах МАП будзе абмяркоўваць беларускае пытаньне.

Дарэчы, летась афіцыйную дэлегацыю ачольвалі віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў і намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч. Сёлета дэлегацыю ачольвае міністар працы Ўладзімер Патупчык, а ў яе складзе – прадстаўнікі Мінпрацы, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і прадстаўнікі наймальнікаў. Начальнік Упраўленьня зьнешніх сувязяў і партнэрскай палітыкі Міністэрства працы Ігар Старавойтаў удакладняе:

«Гэта не гучыць, як «беларускае пытаньне». Гэта гучыць, як «Прымяненьне ў Рэспубліцы Беларусь Канвэнцыі МАП №87». 5 чэрвеня Беларусь разам зь яшчэ 20 – 25 краінамі будзе даваць справаздачу аб мерах, зьвязаных з прымяненьнем Канвэнцыі 87 у Рэспубліцы Беларусь».

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук лічыць, што ў Жэнэве на сур'ёзным узроўні будуць абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі. Сёмы год запар разглядаецца беларуская пытаньне, пяць разоў краіну ўносілі ў “спэцпараграф”, адзін раз стваралі камісію па расьсьледаваньні. Летась Эўразьвяз пазбавіў Беларусь гандлёвых прэфэрэнцыяй, але, на думку Аляксандра Ярашука:

«Становішча прынцыпова не памянялася, і яно ня можа памяняцца. Канечне, усялякія крокі па выкананьні рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы (дарэчы, іх таксама 12) ёсьць ні што іншае, як рэфармаваньне палітычнай сыстэмы ў бок дэмакратыі. Сёньняшні рэжым яшчэ не дасьпеў да такога стану, ён не самазабойца, тым больш і не вялікі рэфарматар. Канечне, і сытуацыя з правамі прафсаюзаў у краіне ня можа прынцыпова мяняцца ў лепшы бок».

На думку старшыні БКДП Аляксандра Ярашука, размова ў Жэнэве будзе жорсткай, ён не выключае, што Беларусь і ў шосты раз запар трапіць у так званы «спэцпараграф». Да таго ж, улады так і не прынялі Закон аб прафсаюзах, які ў адпаведнасьці з Указам прэзыдэнта павінен быць прыняты яшчэ вясной мінулага году. А Міжнародная арганізацыя працы вызначаецца сваёй прынцыповай пазыцыяй, кажа Аляксандар Ярашук:

«МАП рашуча настойвае на выкананьні сваіх рэкамэндацыяў і не адступае. Больш за тое, ён гатовы нават пайсьці на радыкальныя крокі – прымяненьне параграфа 33 Статуту МАП. Гэта азначае заклік да краінаў міжнароднай супольнасьці прыпыніць усялякія стасункі з урадам Беларусі. І па-другое, вельмі непрыемныя пэрспэктывы, якія напрасткі зьвязаныя з гандлёвымі прэфэрэнцыямі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG