Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Процька: “Узровень карупцыі — найлепшая ацэнка дзейнасьці спэцслужбаў”


Цягам гэтага тыдня Тацяна Процька расказвае пра тое, што ўяўляе сабой сёньня дзейнасьць КДБ й іншых спэцслужбаў, а таксама ўзгадае гістарычныя паралелі. Сёньня Тацяна Процька расказвае пра тое, як спэцслужбы змагаюцца з карупцыяй.

Узгадаю, што да карупцыйных злачынстваў адносяцца хабарніцтва, незаконны пратэкцыянізм, прысваеньне дзяржаўнай маёмасьці службовай асобай, злоўжываньне службовым становішчам дзеля атрыманьня асабістых даброт і да т.п.
Карупцыя прызнаная зьявай, якая шкодзіць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі, і таму ўваходзіць у сфэру дзейнасьці спэцслужбаў. І хоць дзяржаўныя прапагандысты любяць спасылацца на тое, што ўзровень карумпаванасьці ў нашай краіне адзін з найніжэйшых сярод краінаў СНД, ён дастатковы, каб яго пачалі адчуваць ня толькі бізнэсоўцы, але й простыя грамадзяне.
Маштабаў карумпаванасьці ніхто дакладна вызначыць ня можа, бо гэтыя злачынствы заўсёды патаемныя, нябачныя. Таму толькі празь дзейнасьць спэцслужбаў зь іх спэцыфічнымі сродкамі можна выявіць і абясшкодзіць карупцыянера.
Міжнародная арганізацыя Transparency International штогод вызначае індэкс карупцыі. У 2006 годзе Беларусь займала 151 месца сярод 163 краін (у 2002 годзе — 36 месца). У 2006 годзе скончылася першая дзяржаўная праграма па барацьбе з карупцыяй, разьлічаная на пяць гадоў. Вынікі, як мы бачым, адваротныя. За гэтыя гады ўзровень карупцыі толькі ўзрос.
Летась складзеная новая праграма, разьлічаная да 2010 году. Створаны спэцыяльны орган — Каардынацыйная нарада ў складзе старшыні КДБ, Генэральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў, якая павінна зьбірацца па пытаньнях карупцыі раз на паўгода.
Штогод спэцслужбы раскрываюць тысячы карупцыйных злачынстваў. Галоўную ролю адыгрываюць, аднак, не спэцыялісты КДБ, а структурныя падразьдзяленьні міліцыі й пракуратура. Вялікая ім за гэта хвала і павага. Але чым жа праславіліся непасрэдна чэкісты? На жаль, іх энэргія канцэнтруецца на іншым напрамку...
Перада мной ляжыць нумар газэты “Витебский курьер” за 30 красавіка. Толькі ў гэтым нумары апісаны: апэрацыя віцебскіх міліцыянтаў па затрыманьні накладу незалежнага тыднёвіка, зварот грамадзкай дзяячкі Вольгі Карач да старшыні КДБ са скаргай на зьдзеклівыя дзеяньні адносна яе і ейнай сям’і, вобыскі, якія правялі супрацоўнікі Ўпраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці сярод дэмакратычных журналістаў па справе “мульцікаў”, якія быццам бы зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта.
Колькі горычы, прыніжэньня асобы апісана ў гэтых артыкулах! І гэта толькі адзін тыдзень аднаго, хай і абласнога гораду. Ведама, дзе тут хопіць сіл на змаганьне з карупцыяй!..
Тацяна Процька нарадзілася ў Менску. Скончыла Белдзяржунівэрсытэт, асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права НАН Беларусі. Кандыдат філязофскіх навук. Працавала на катэдры фізыкі паўправаднікоў, выкладчыцай на катэдры ядзернай фізыкі БДУ. Пазьней — старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Рэдактар радыёчасопісу “Наша мінуўшчына”, палітычны камэнтатар на Беларускім радыё.
У 1995 годзе ўзначаліла Беларускі Хэльсынскі камітэт. Сёлета ў траўні абвясьціла пра сыход з кіраўніцтва БХК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG