Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дом з жыхарамі пакуль ніхто не купляе


У Горадні паўтараецца сытуацыя менскай вуліцы Карла Маркса. Там выставілі на аўкцыён дом у цэнтры гораду разам з жыхарамі.


Аб лёсе жыхароў, згодна з умовамі аўкцыёну, павінен паклапаціцца новы гаспадар. Аўкцыён не адбыўся, жадаючых не знайшлося.

Жыхары двух дамоў па вуліцы Міцкевіча, што ў цэнтры гораду, атрымалі з праектнага інстытуту ліст, у якім папярэджаньне, што іх дамы прадаюць на аўкцыёне. Праектыроўшчыкі на месцы дамоў ужо заплянавалі будаўніцтва кавярні.

Адзін з дамоў у прыватнай уласнасьці, а другі – у камунальнай. Нягледзячы на тое, што дамы даваеннай забудовы, людзей абурыў сам ліст, паколькі ніхто раней да іх не прыходзіў, нічога ўзамен не прапанаваў, толькі заранёў камунальшчыкі пазносілі прыбудоўкі й прыбіральні.

Кажа Андрэй Семянчук, жыхар аднаго з дамоў:

Семянчук: “У мяне тут ляжалі пліты, якія я раней купіў для будаўніцтва, дык яны павымалі, калі мяне не было ў хаце, і забралі. А калі я пайшоў патрабаваць, то сказалі, што гэта было сьмецьце”.

Побач з суседнім домам зьнесьлі ўсе прыбудоўкі й прыбіральню, а замест яе паставілі бія-прыбіральню. Вячаслаў Арцюхін кажа, што ў яе ня могуць зайсьці ягоны бацька-інвалід і 84-гадовая бабуля.

Карэспандэнт: “Але цяпер вы можаце атрымаць кватэру з усімі выгодамі...”.

Арцюхін: “Уявіце сабе, што людзі пражылі тут у цэнтры ўсё жыцьцё, а нас хутчэй за ўсё запруць недзе на ўскраіну гораду. Як быць маёй бабулі, якая тут усё жыцьцё пражыла, тут ўсе яе сяброўкі. Ёй жа 84 гады...”.

Усе гэтыя праблемы я пераказаў загадчыку аддзелу прыватызацыі Гарадзенскага гарвыканкаму Сьвятаславу Карпіцкаму. Ён, у сваю чаргу, убачыў у гэтым надуманасьць журналістаў, якія, зь яго слоў, раздзьмулі праблему на чыстым месцы.

Карпіцкі: “У нас такія рэчы прадугледжаны заканадаўствам. Могуць нават новы дом пабудаваць узамен па тым кошце, які зараз каштуе іх, альбо перанесьці гэты ў іншае месца. Нашы людзі ў такой сытуацыі абаронены заканадаўставам і пастановамі ад чыёйсьці волі альбо самадурства. Усё прапісана ў законе”.

Наступны аўкцыён па продажы надзелаў зямлі, на якіх стаяць дамы й у якіх дагэтуль жывуць людзі, прызначаны на 28 чэрвеня.

Некалькі месяцаў назад у Менску ўлады зьбіраліся высяляць людзей зь некалькіх дамоў па вуліцы Карла Марса ў цэнтры гораду. Людзі, аднак, пачалі пратэставаць і перамаглі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG