“Зь цябе бяруць адну стаўку – 12 ці 10% - гэта пытаньне тэхнічнае. І табе ня трэба зьбіраць усялякія паперы і дэкляраваць свае прыбыткі напрыканцы году. Гэта будзе спрыяць легалізацыі вялікіх прыбыткаў. Цяпер, калі зарабляеш больш за 700 тысячаў рублёў у месяц, ты аддаеш 15%. А калі зарабляеш 1 мільён 750 тысяч , ты аддаеш 20%. І гэтак далей да 30%. Якая карысьць працаваць у нашай краіне, калі аддаеш траціну заробку?” - кажа Сяргей Балыкін
Паводле ягоных словаў, пасьля ўвядзеньня ў Расеі 13% стаўкі, там адбылася легалізацыя прыбыткаў і падаткаплацельшчыкам стала прасьцей плаціць гэтыя падаткі.
“Калі ў Беларусі трэба было легалізаваць працу праграмістаў, то для рэзыдэнтаў парку высокіх тэхналёгіяў зрабілі адзіную стаўку – 9%. І кампаніі пачалі плаціць заробак па-беламу”.
Спадар Балыкін не выключае, што спрашчэньне падаткаабкладаньня можа прывесьці да скарачэньня цяперашняга вялікага фінансавага апарату ў аддзелах падаткаабкладаньня грамадзянаў.
“Магчыма, яны і зьяўляюцца праціўнікамі такой адзінай стаўкі. Але ж насамрэч наша падатковая сыстэма такая заблытаная, жуласная, што кожнаму падаткавіку знойдзецца нейкае месца”.