Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад і вытворцы зьмірыліся з ростам коштаў на харчы


У Беларусі за чатыры месяцы гэтага года прадукты падаражэлі на 5,1%. Урад адмаўляецца стрымліваць рост цэнаў на харчы, прапануючы больш зарабляць.

За кошт чаго растуць цэны і чаму пры сярэдняй якасьці кошты на беларускія прадукты дасягнулі ўсясьветнага ўзроўню?

Паводле Менскага гарадзкога ўпраўленьня статыстыкі, цэны на харчовыя тавары ў сталіцы за студзень-красавік 2008 году павялічыліся ў сярэднім на 18% параўнальна з такім жа пэрыядам 2007-га. Так, цана алею вырасла на 88%, макароны і сьметанковага масла — на 30%, малака і малочных прадуктаў — на 28%, сыроў — на 23%. Садавіна падаражэла на 45%.

Віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што надалей Савет міністраў будзе кампэнсаваць рост цэнаў падвышэньнем заробнай платы. Пры гэтым зразумела, што сьледам за заробкамі пацягнуцца ўверх і цэны найбольш запатрабаванай прадукцыі:

“Справа ў тым, што мы ня можам проста назіраць за тым, што адбываецца вакол нас. Калі мы зробім цэнавы аазіс на тэрыторыі нашай дзяржавы, дык можам атрымаць у адказ дэфіцытны рынак па цэлай катэгорыі тавараў. Яны ў нас ужо каштуюць у 2—2,5 разы таньней, чым у нашых суседзяў”.

Вытворцы з плянамі ўраду збольшага згодныя. Намесьніца дырэктара па эканоміцы Гарадзенскага мясакамбінату Сьвятлана Буян кажа, што падвышаць кошты трэба ўжо дзеля таго, каб не пачаўся працэс вывазу харчоў у рэгіёны, дзе цэны на прадукты харчаваньня яшчэ вышэйшыя. Але наўрад ці цяперашнія тэндэнцыі даюць падставу казаць, што беларускія прадукты ў цэнавым сэгмэнце будуць істотна саступаць замежным:

“Калі браць мясакамбінат, то ў сабекошце цаны каўбасных вырабаў 85% складае кошт мяса ад сяльгасвытворцаў. Бо сёньня таксама даражэе ўсё — кармы, дабаўкі, усё даражэе ўва ўсім сьвеце. Сама закупачная цана павінна, вядома, пакрываць выдаткі на гадоўлю жывёлы, вось у чым праблема. А яна на сёньняшні дзень, як скардзяцца сяльгасвытворцы, не пакрывае. А энэргарэсурсы — толькі малая частка таго, што зьвязана з гэтым. У дадзеным выпадку для нас. А для сяльгасвытворцаў, вядома, і энэргарэсурсы, і стратны ўвесь мэханізм зьвязаны з гэтым. Сабекошт нашага гатовага прадукту залежыць на 80—85% ад кошту мяса. Мы набываем па закупачных цэнах, якія ўсталявала нам дзяржава. Меней ня можам плаціць вытворцам. Таму адсюль потым складаецца кошт каўбасы ці паўфабрыкатаў”.

Карэспандэнт: “Карацей кажучы, з улікам усясьветных тэндэнцый, цэны на прадукты харчаваньня будуць выключна расьці?”

“Пры маёй памяці яшчэ не было такога, каб яны падалі. Ва ўсякім разе, на прадукты харчаваньня. Гэта проста ўсясьветная тэндэнцыя. Паглядзіце, колькі каштуюць усе прадукты вакол нас: у Літве, у Польшчы, у Расеі. Мы проста можам пераўтварыцца зноў у тую краіну, зь якой вывозяць прадукты харчаваньня. Таму, мабыць, пазыцыя ўраду правільная ў той частцы, што трэба падвышаць зарплату і адначасна — цэны на прадукты харчаваньня, каб яны не рабіліся сапраўды ажыятажнымі для вывазу за мяжу”.

У абход жорсткіх адміністратыўных нормаў беларускія вытворцы шукаюць магчымасьці выхаду на расейскі рынак. Туды яны намагаюцца скіраваць перадусім “малочныя рэкі” і мясную прадукцыю. Аднак, як кажа былы першы намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму Аляксандар Ярашук, які шмат гадоў адпрацаваў у аграпрамысловым комплексе, такія высілкі ня маюць асаблівага плёну: дарагую беларускую прадукцыю немагчыма прадаць дзесьці яшчэ, апроч як у Беларусі:

“Сёньня нашае масла, нашыя сыры проста неканкурэнтаздольныя. Для таго каб яны знаходзілі сабе месца на паліцах, трэба вытворчасьць датаваць. І калі размова вядзецца, што зараз шалёныя кошты на ўсясьветных рынках, дык яны і ў нас шалёныя. Як быццам у нас тут нейкі аазіс, ледзьве не бясплатна ўсё атрымліваецца. Мы ж цудоўна ведаем: зараз наша малочная прадукцыя, а пагатоў мясныя прадукты значна даражэйшыя, чым у Літве ці Польшчы.

Гэта як рака, якая заўсёды цячэ туды, дзе ніжэй. Так і тут: дзе лепш, туды і імкнуцца патокі прадукцыі. Але калі гаворку весьці пра прадукты, якія вырабляюцца з малочнай, зь мясной сыравіны, то вялікае яшчэ пытаньне — ці рэнтабэльны ў маштабах дзяржавы расейскі вэктар, ці выгадна гэта для нас, ці не? Бо ў нас прадукцыя сельскагаспадарчая і прадукцыя сельскагаспадарчай перапрацоўкі сур’ёзна датуецца. Можна казаць у гэтым выпадку, што за кошт нашага бюджэту, за кошт нашага грамадзтва ў канчатковым выніку ўсё гэта субсыдуецца для расейскіх спажыўцоў. Таму тыя 2 мільярды даляраў, якія апошнімі гадамі атрымлівалі сяльгасвытворцы і ў цэлым АПК, у канчатковым выніку пераразьмяркоўваюцца. Калі гаворка ідзе пра тое, што мы прадукцыю, ужо перапрацаваную, прадаем на расейскі рынак”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG