Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мытня ўзмацняе кантроль


Ад 15 траўня ўваходзяць у сілу мэтадычныя рэкамэндацыі, якія тычацца кантролю за перамяшчэньнем тавараў фізычнымі асобамі праз мытную мяжу.


Як цьвердзяць у Дзяржаўным мытным камітэце, новыя правілы закрануць найперш фізычных асобаў, якія правозяць тавар бяз выплаты мыта, у камэрцыйных мэтах.

Гэтыя рэкамэндацыі ня тычацца турыстаў, асобаў, якія працуюць за мяжой, а таксама кіроўцаў-дальнабойшчыкаў.

Рэкамэндацыі разасланыя на ўсе мытні краіны. Як паведамілі на Гарадзенскай мытні, правілы будуць вывешаныя 15 траўня і зь імі можна будзе азнаёміцца.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што ўзмацненьне кантролю можа ўскосна тычыцца й іншых катэгорый грамадзянаў:

“Я асабіста знаходжуся ў сьпісах на мяжы. І мяне пры перасячэньні мяжы кожны раз кантралююць. Праводзяць дагляд рэчаў альбо транспартнага сродку.

Я зьвяртаўся зь лістом у Мытны камітэт, і там адмаўляюць наяўнасьць нейкіх сьпісаў. Яны кажуць, што кантралююць перамяшчэньне тавараў, а не асобаў. І маюць на гэта права згодна з Мытным кодэксам.

Я і не аспрэчваў, што яны маюць права. Я пытаўся, на якой такой падставе мяне штораз правяраюць. Карацей, маё пытаньне засталося без адказу.

Яны пішуць: падстава дагляду — службовая інфармацыя альбо ўказаньне начальніка зьмены памежных войскаў. Я яшчэ зьбіраюся напісаць у памежны камітэт, можа, яны патлумачаць, што гэта такое?

Насамрэч гэта вядомая практыка. Тым больш што ў гэтым годзе выбары, і яны свае сьпісы абнавілі. Там знаходзяцца й іншыя грамадзкія дзеячы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG