Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: выступіў “Lombard”, пакараюць Анжаліку Борыс


За канцэрт у Горадні польскага рок-гурта “Lombard” міліцыя склала пратакол на Анжаліку Борыс, якая ўзначальвае непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў. Вулічны канцэрт у Ленінскім РАУС гораду назвалі “несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам” і сказалі спадарыні Борыс чакаць позвы ў суд.


“Lombard” выступіў у Горадні 2 траўня, калі адзначаецца Дзень палёніі — палякаў усяго сьвету. Як яны расцэньваюць дзеяньні міліцыянтаў мы папрасілі адказаць намесьніка старшыні Саюзу палякаў Юзафа Пажэцкага.
Пажэцкі: “Lombard” атрымаў візы на прыезд сюды, у Беларусь. Тым больш мы зьвярталіся да ўладаў з просьбай, каб далі якоесьці памяшканьне, нам адмовілі. Потым быў ліст са згодай на правядзеньня канцэрту ад фірмы “Форт”, якая зьяўляецца ўладальнікам гэтага падворку. Гэта боязь уладаў, боязь міліцыі, каб чаго ня выйшла, жаданьне да чагосьці прычапіцца. Бо людзі прыйшлі паслухалі канцэрт, вядома было, што “Lombard” едзе сьпяваць, а не папіць піва ў Горадні”.
Канцэрт адбыўся на прыватным падворку па адрасы вул. Будзёнага, 48а —пад вокнамі Генэральнага консульства Рэспублікі Польшча. Вядомы гурт з Польшчы запрасіла дыпляматычнае прадстаўніцтва гэтай краіны. Анжаліка Борыс у гэты дзень прадстаўляла новую фірму “Палёніка”, таму лічыцца арганізатаркай канцэрту, бо музыкі выступілі ў рамках прэзэнтацыі, яны прыяжджалі менавіта на гэтае мерапрыемства, сказаў спадар Пажэцкі.
Пажэцкі: “Міліцыя напісала, што гэта масавае несанкцыянаванае мерапрыемства. Былі таксама сьцягі бела-чырвоныя, бел-чырвона-белыя, тым больш што гэта быў таксама Дзень сьцяга Польшчы. Так што можа іх гэта найбольш уразіла, што сьцягі былі польскія і беларускія — бел-чырвона-белыя. Было многа людзей, але было ціха, спакойна, па канцэрце ўсе мірна разышліся”.
Так што не было прычынаў прымаць нейкія захады па выніках выступу “Lombardа” у Горадні, кажа Юзаф Пажэцкі. Цяпер у Саюзе палякаў чакаюць судовай позвы .
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG