Паводле спадара Мілінкевіча, у Францыі вельмі многа людзей жадаюць Беларусі вяртаньня ў эўрапейскую сям’ю. Падчас візыту апазыцыйны палітык быў прыняты на самым высокім узроўні.
Аляксандар Мілінкевіч правёў перамовы з прэзыдэнтам Нікаля Сарказі і міністрам замежных справаў Бэрнарам Кушнэрам. Францыя пераймае старшынёўства ў Эўразьвязе ад 1 ліпеня, таму гэтыя сустрэчы паспрыяюць вызначэньню эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі. Аляксандар Мілінкевіч заявіў:
“Я думаю, што роля Францыі можа быць вельмі значнай у вырашэньні праблемаў сёньняшняй Беларусі: дэмакратызацыі ўлады і лібэралізацыі эканомікі. Беларусь, магчыма, не галоўная праблема Эўразьвязу, але галоўная праблема сярод суседзяў ЭЗ. Ніхто ня хоча, каб Беларусь была ізаляваная, усе жадаюць зь ёю супрацоўнічаць. І гэта залежыць найперш ад таго, як Беларусь будзе сябе паводзіць, як сёньняшняя ўлада зразумее свой гістарычны абавязак ісьці насустрач Эўразьвязу, эўрапэізаваць краіну, рабіць перш за ўсё эканамічныя рэформы, зьмяншаць залежнасьць ад іншых краінаў і берагчы незалежнасьць”.
Паводле Аляксандра Мілінкевіча, беларускія ўлады ня ў стане выканаць адразу 12 умоваў Эўразьвязу.
Наша прапанова: зрабіць так званую “дарожную мапу”.
“Таму наша прапанова: зрабіць так званую “дарожную мапу”, канкрэтныя крокі, няхай маленькія, але з абодвух бакоў. І гэта крокі, якія найперш вызначаюць лёс зьняволеных па палітычных матывах. Іх трэба вызваліць і абвясьціць мараторый на наступныя такія прэцэдэнты. Зрабіць гэта для сёньняшняй улады магчыма без праблемаў.
Трэба рабіць вольнымі мэдыі: доступ да дзяржаўных і магчымасьць разьвіцьця незалежных мэдыяў. І трэцяе – выбары. Закон трэба мяняць. Але нават сёньняшні закон, калі зрабіць практыку яго прымяненьня іншай, то нішто не перашкаджае, каб у камісіях былі прадстаўнікі апазыцыі, каб не было перасьледу, каб быў аднолькавы доступ да мэдыяў. Шмат чаго можна зрабіць, і гэта будзе крок улады да лібэралізацыі і, безумоўна, Эўропа павінна адразу адэкватна адказваць са свайго боку таксама дапамогай у рэформах беларускай эканомікі”.
Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што дыялёг з Эўразьвязам спыніўся па віне афіцыйнага Менску. Аднак трэба шукаць спробы яго наладжваць. Адначасова Мілінкевіч заклікае Захад выпрацаваць канкрэтныя мэтады ў сфэрах абароны рэпрэсаваных у Беларусі, падтрымкі незалежных мэдыяў і грамадзянскай супольнасьці.
“Таму Францыя мае вялікія шанцы ў супрацоўніцтве з намі, у супрацоўніцтве з Польшчай, якая эфэктыўна дапамагае працэсам дэмакратызацыі на Беларусі, з балтыйскімі краінамі, зрабіць значна больш. Трэба актывізаваць гэтую дзейнасьць на Беларусі”.
Ці дасягнутыя ўжо нейкія дамоўленасьці ў гэтым кірунку пад час візыту ў Францыю?
“Калі ідуць сустрэчы на палітычным высокім узроўні, там канкрэтных рэчаў не абгаворваецца. Там вырашаюцца прыярытэтныя накірункі дзейнасьці. Я думаю, што гэтыя накірункі і ёсьць прыярытэтам – і мэдыі, і рэпрэсаваныя, і грамадзянская супольнасьць. Галоўнае – гэта воля палітыкаў такога высокага ўзроўню як прэзыдэнт Сарказі”.