Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі: “Супрацьстаяць ЗША і НАТО Беларусь ня зможа”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 7 траўня, сераду.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі “Бібліятэкі Свабоды” з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

У Беларусі адзначылі Дзень памінаньня продкаў — Радаўніцу. Тэлефанаваньне слухача:

Спадар: “У дзень памяці нашых продкаў хочацца памянуць добрым словам беларускіх жанчын: Валянціну Лапцэвіч, Веру Церлюкевіч — патрыётак нашай краіны, якія заўчасна сышлі ў нябыт. Гонар ім і слава, і вечная памяць”.

Эўразьвяз выказаў салідарнасьць з дыпляматамі ЗША, заклікаўшы Беларусь перагледзець рашэньне аб высылцы амэрыканскіх дыпляматаў. Нагадаю, што афіцыйны Менск запатрабаваў, каб краіну пакінулі 10 прадстаўнікоў амэрыканскай дыпляматычнай місіі. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Пра дыпляматычныя стасункі Амэрыкі і Беларусі. Бачыце, справа ідзе ледзь не да разрыву дыпляматычных адносінаў. А ў наш век ня выключана ваеннае ўмяшаньне краінаў ЗША і NATO. Беларусь, вядома, супрацьстаяць ім ня зможа. Так што трывожна на душы”.

Сёлета споўнілася 65 гадоў трагедыі ў вёсцы Дражна Старадароскага раёну. “У выніку партызанскай “апэрацыі” ў Дражне былі забітыя 25 мірных жыхароў, спаленыя 37 хатаў і вясковая школа”. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Спадарыня: “Хацелася б, каб ня толькі вёску Дражна ўспаміналі, але і ўспомнілі перад 9 траўня, колькі немцы спалілі беларускіх вёсак, колькі пакутавала ад фашыстаў беларускага народу. А то ўсё Дражна, Дражна. Трэба падняць пытаньне спаленых вёсак. Няхай людзі ведаюць ня толькі памылкі беларускіх партызанаў, але і памылкі фашыстаў, якія цкавалі наш народ і палілі жыўцом”.

Спадарыня: “Партызаны ваявалі, а тыя, якія бандыты, якія немцаў сустракалі з хлебам і сольлю, вось тыя і рабавалі, і палілі. Сорам слухаць”.

Выказваньні камэнтуе гісторык Кузьма Казак:

“Канечне, пра гэта патрэбна весьці гаворку, бо мы занадта перахапілі ініцыятыву, каб распавядаць толькі пра станоўчае. Маўляў, добра змагаліся, перамагалі, а на вайне гэта ня так. Вельмі шмат было прыкладаў, калі ня толькі немцы, але і партызаны палілі вёскі. Дый самі партызаны былі вельмі розныя. Калі нават паглядзець на статыстыку: больш за 2 тысячы партызанаў былі расстраляныя самімі партызанскімі судамі. Менавіта за дрэннае стаўленьне да мясцовага насельніцтва. Бо партызаны былі і беларускія, і савецкія, былі яшчэ й ілжэпартызанскія атрады. Так што вайна на Беларусі — гэта вельмі страшная рэч. І, на вялікі жаль, ня ўсё мы яшчэ ведаем, як гэта было”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Спадарыня: “Паважаная “Свабода”, быў званок рускай жанчыны, у якім прагучаў амаль вырак беларускаму этнасу. А суцешыла ў ім тое, што рускія ў Беларусі пачынаюць чытаць “Новую зямлю” Якуба Коласа, дзе найпрыгажэйшая, самабытная беларуская мова. З павагай да гэтай жанчыны хачу сказаць: такі званок быў бы недарэчы пры Станіславе Шушкевічы на чале краіны і нават Вячаславе Кебічы. Паўсюль пачыналі гаварыць па-беларуску, вучыцца, і нарады праводзіць на прадпрыемствах па-беларуску, і многае-многае іншае. Але прыйшоў пры падтрымцы ўсходняй магутнай суседкі да ўлады “вялікі рэфарматар”. І ўсё пачало зьмяняцца, як здрада”.

Спадар: “Сёньня Дзень радыё, тэлебачаньня і сувязі. Па Беларускім тэлебачаньні шукаў Эўрапейскі і Сацыяльныя маршы, Чарнобыльскі шлях. У адказ атрымаў фігу. БТ паказала, як хавалі грузінскага мультымільянэра. А як хавалі беларускую дачку Ірыну Казуліну, яно маўчала, як у рот вады набрала. Каму патрэбна такое БТ?! Яно не апавяшчае пра факты і дзеяньні на Беларусі. Застаецца адно: слухаць “Свабоду”.

Спадарыня: “Пра тых, хто любіць радыё больш за тэлебачаньне і захоўвае ў сэрцы галасы Марыі Бабанавай, Юрыя Авяр’янава, Іны Сьвятловай. Віншую дарагую “Свабоду” з Днём радыё такім радкамі:

Калі ў краіне ночы панаваньне,
Ўсіх пасадзіць ці вышпурнуць гатовы,
Тады зьяўляецца адказны за сьвітаньне
І ахвяруе лёсам, духам, словам”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG