Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Трэба адмучыцца гэтую пяцігодку" <img src="/img/icon-listen.gif" border=0 />


Учора Аляксандар Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і парлямэнту.



Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, ацэньваючы зьмест пасланьня Лукашэнкі, зазначыў:

Вінцук Вячорка
“Анансуецца вяртаньне на кругі свая, ніякіх адлігаў эканамічных і палітычных ня будзе, падводзіцца рыса пад пабудовай мусалініеўскай карпаратыўнай дзяржавы з 4-ма слупамі: моладзевая. жаночая, прафсаюзная арганізацыі, і апошні слуп ці кол – Белая Русь. Нездарма ён так шмат увагі ёй аддаў”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў: “Гэтая рыторыка – паўтор таго, што было раней, нічога новага няма. Адзінае, што я не адчуў упэўненасьці ў ягоных словах. Паўтаруся, нічога новага мы не пачулі. На мой погляд, гэтага варта было чакаць. З таго, што мы бачылі апошнім часам ва ўнутранай палітыцы… калі так сябе паводзяць улады, яны не зьбіраюцца ісьці на значныя саступкі”.

13.50 "Мы пануканьня трываць ня будзем. Вы, калі ласка, ня грукайце мне ці ў іншыя дзьверы з патрабаваньнем вызваліць таго ці іншага палітвязьня... Не прыніжайце нашую нацыянальную годнасьць! Калі амэрыканцы думаюць, што яны будуць уводзіць санкцыі, а мы заўтра рухнем - лухта! І Ня трэба баяцца, што заўтра эўрапейцы да амэрыканцаў падключацца".

Ацэньваючы выказваньні прэзыдэнта, палітоляг Алесь Лагвінец заявіў "Свабодзе":

“У дадзеным выпадку ёсьць падмена паняцьцяў: Лукашэнка атаясамлівае свой уласны сувэрэнітэт над Беларусьсю, над беларускім народам з сувэрэнітэтам Беларусі. Сувэрэнітэт Беларусі можа быць гарантаваны толькі дэмакратычна выказанай воляй беларускага народу, а ня прыхамацьцю кіраўніка, які ня ў стане выйграць у нармальнай, адкрытай выбарчай кампаніі”.


14.02 Пра Аляксандра Казуліна: “Знайшлі апазыцыянэра, які набраў паўтара адсотка, зрабілі яго вялікім палітвязьнем... Апазыцыя ўжо ня хоча, каб яго выпускалі. Майце на ўвазе: калі ён заўтра выйдзе на волю, апазыцыі ня будзе. Няўжо вы не разумееце, што гэта за чалавек? Сьвятога няма! Сьвятога няма ў гэтым чалавеку. Мы ведаем, чым дыхае апазыцыя і чаго яна хоча. У яго была магчымасьць... пяцёра палітвязьняў гэта скарысталі, ён адмовіўся. Яму, бачыце, момант не наступіў. Трэба, каб увесь сьвет выступіў за ягонае вызваленьне і каб уся ўлада пад ціскам сьвету рухнула. Ды каму ты патрэбны! Цябе як туалетную паперу выкарытоўваюць кожны дзень і ты лічыш, што ты камусьці патрэбны. Гэта мінулы этап ".

Слухаць:



Юлія Казуліна: “Мы ўжо сазваніліся з усімі родзічамі. Мы ўсе ў шоку. Самае жудаснае, што я пачула, што майго бацьку назвалі вашывым апазыцыянэрам, які ня мае нічога сьвятога. Вельмі цяжка гэта чуць ад чалавека, які сапраўды ня мае нічога сьвятога".

Ігар Рынкевіч

Адвакат Ігар Рынкевіч: “Хамскія выпады на адрас Аляксандра Казуліна застануцца на сумленьні Аляксандра Лукашэнкі, які вельмі добра ведае, на якіх умовах прафэсару Казуліну прапаноўвалася свабода. Як раз тут ён хлусіць. У цывілізаванай краіне за такія рэчы трэба прыцягваць да адказнасьці за зьнявагу. Адзінае, што Казулін ня можа адказаць. Фактычна Лукашэнка адаслаў нас да спадчыннай манархіі, што ня мае ніякага дачыненьня да рэспубліканскай традыцыі, да сыстэмы выбараў вышэйшага кіраўніка дзяржавы. Заўважна, што ён яшчэ не адну пяцігодку зьбіраецца нам распавядаць пра свае пляны. Мы ўсе зьяўляемся закладнікамі палітыкі аднаго чалавека”.


13.37 Пра АЭС: “Я сам доўга прыходзіў да высновы пра неабходнасьць АЭС. Памылка ў тым, што мы зьвязваем гэта з досьведам аварыі на ЧАЭС. Гарантую, што абярэм такі праект, што рызыка будзе зьведзеная да мінімуму".




13.31 "Беларусь павінна ўвайсьці ў 30-ку найбольш спрыяльных для інвэстыцый дзяржаў, сяброўскай для капіталу краінай. Папярэджваю: намэклятурнай прыватызацыі ня будзе."
Ніякай намэнклятурнай прыватызацыі ў Беларусі няма і ня будзе

Эканаміст Яраслаў Раманчук: “Гэтае пасланьне сатканае з супрацьлеглых тэзаў. У адным сказе Лукашэнка кажа, што заробак трэба зарабляць. У іншым – заробак усім будзе па 700 даляраў напрыканцы 2010 году. Ён кажа, што патрэбная канкурэнтаздольнасьць, а пасьля кажа, што будзе
пускаць у краіну толькі тых, якія нам падабаюцца. І пры гэтым ён нічога ня кажа пра працэдуры, якія будуць забясьпечваць правы ўласнасьці і правы інвэстараў. Кажа пра тое, што намэнклятурнай прыватызацыі ня будзе, а фактычна яна ўжо ідзе. Па сутнасьці, расьпісваецца ў тым, што ня можа яе кантраляваць. Такога супярэчлівага пасланьня яшчэ не было. Гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка ня ведае, што рабіць”.


13.31 "Ніякай намэнклятурнай прыватызацыі ў Беларусі няма і ня будзе".


13.30 "Беларусь павінна ўвайсьці ў трыццатку краінаў па інвэстыцыйным клімаце".


13.26 А.Лукашэнка пра бюракратызм чыноўнікаў:



"Дзяржапарат пагруз у бюракратызьме. Ён ня можа пачаць працаваць па-новаму. Або вы хабару чакаеце, або проста ня можаце нармальна працаваць".


13.24 А.Лукашэнка пра праблемы прадпрымальніка
Да мяне ў кабінэт не прыходзіць драбната. Гэта кіты
ў:



"Канкураваць трэба на роўных умовах. А ня так, што зарэгістраваўся прадпрымальнікам, карыстаюся льготамі, а працую як юрыдычная асоба. Таму калі пачаўся гвалт вакол прадпрымальнікаў, я сказаў: усіх паставіць у роўныя ўмовы. Гэты год -- апошні ў станаўленьні арганізаванага прадпрымальніцтва".

13.23 "Неабходна разьвіваць сярэдні кляс, каб незабясьпечаных не было зусім".


13.20 "Да мяне ў кабінэт не прыходзіць драбната. Гэта кіты. Сусьветныя банкі і вядомыя кампаніі. Мы ні для кога не закрываемся. Але мы ўжо маем магчымасьць выбіраць".


13.20 "Мы на ўзроўні прэзыдэнта выбіраем, якую кампанію ўпусьціць у краіну".


13.17 "Трэба адмучыцца гэтую пяцігодку... У нас сёньня не хапае працоўных рук".


13.15 "Сёньня на БелАЗы чэргі. МТЗ 70 тысяч трактараў сёньня вырабіць.Трэба болей... Але мы разгортваемся злачынна марудна. У нас больш за трыльён рублёў не задзейнічаны ў эканоміцы. Няма праблем з інвэстыцыямі".


13.13 "У нас болей за трыльён рублёў, якія не задзейнічаныя ў эканоміцы. Скрыгочучы зубамі, мы вытрымалі: не прадалі МТЗ, БелАЗ і МАЗ".
Бесталковым людзям заўсёды шанцуе. І нам таксама. Які мэнэджмэнт?


13.10 "Бесталковым людзям заўсёды шанцуе. І нам таксама. Які мэнэджмэнт? Сёньня ўсё, што мы вырабляем – нарасхват. Рынкі збыту калясальныя. Нас Бог пашкадаваў у чарговы раз.Трэба больш вырабіць, і ўсё купяць. Выдумляць шмат ня трэба".


13.07 "Пра пэнсійную рэформу: “55-60 гадоў для мужыка – гэта што, пэнсіянер? Гэтым шляхам прайшла ўся цывілізацыя”.


13.06 "Вы адчуваеце, што сьвет разьвіваецца ў тым кірунку, што многія ўжо далучыліся да галодных бунтаў. Людзям жэрці няма чаго. А мы разважаем пра льготы".

13.05 А.Лукашэнка пра пэрспэктывы харчовага крызісу:


"Сьвет разьвіваецца так, што ўжо мільёны людзей адчуваюць голад. Людзям жэрці няма чаго. А мы сёньня сядзім і разважаем пра льготы. Ну, пральгаціруемся яшчэ год-паўтара, а пасьля грымнемся так, што будзе як на пачатку 90-х... усе кідаліся пад ногі маладому прэзыдэнту і крычалі: “Дапамажыце!”

13.02 А.Лукашэнка пра скасаваньне льготаў (працяг
Ад упарадкаваньня льготаў выйгралі ўсе
):


"Упарадкаваньне льготаў - гэта не эканомія сродкаў. Такой мэты ня ставілася. Галоўная мэта -- у справядлівасьці. Так, гэта цяжка і няпроста, але назавіце хоць адну дзяржаву, якая не занялася гэтым".


12.58 А.Лукашэнка пра скасаваньне льготаў, сацыяльную абарону і заробкі:



"Рэальна ад упарадкаваньня льготаў выйгралі ўсе. Колькасьць атрымальнікаў дапамогі вырасла больш як у 3 разы. Гэта не эканомія дзяржаўных сродкаў, галоўная мэта ў справядлівасьці той ці іншай падтрымкі. Мы зрабілі тое, што зрабілі ўсе. Калі хто хоча адступіць ад таго, што мы прынялі перад новымі выбарамі – адступайце, але безь мяне. Мы цяпер у 4 разы больш трацім на сацыяльную падтрымку".


12.55 А.Лукашэнка выказвае сваё бачаньне, як павінны працаваць мэдыі:



“Перакосы ў той ці іншы бок правакуюць канфлікты паміж уладай і насельніцтвам. СМІ становяцца масавай зброяй насаджваньня неаб’ектыўнай і непраўдзівай інфармацыі. Рэальнае жыцьцё ў краіне патрэбна не фабрыкаваць, вырываючы з кантэксту асобныя факты, а праўдзіва асьвятляць, адлюстроўваць”.


12.50 А.Лукашэнка пра нацыянальныя меншасьці і “Карту паляка”
Абавязкова ператворым Беларусьфільм у беларускі Галівуд
:



"Ня ўдасца раскалоць нашае маналітнае грамадзтва ніякімі “картамі паляка”. У нас ніякіх нацыянальных меншасьцяў няма. У нас усе – грамадзяне Беларусі. Не трэба з нашых палякаў рабіць здраднікаў праз усялякія "карты паляка".

Андрэй Пачобут: “Мне падаецца, што гэта – прымірэнчы тон кіраўніка дзяржавы ў дачыненьні да польскай меншасьці, да ініцыятывы “Карта паляка”. Беларускі прэзыдэнт ня мае ніякага ўплыву на “карту паляка”. Іншага ад яго чакаць нельга. Ён павінен быў прызнаць, што такая ініцыятыва ёсьць. Гэты дакумэнт не нясе ніякай пагрозы нацыянальнай бясьпецы. Я нармальна паставіўся да такіх выказваньняў Лукашэнкі".


12.48 "Трэба актывізаваць працэс вяртаньня беларускіх культурных каштоўнасьцяў з-за мяжы".

12.47 "Мы абавязкова ператворым Беларусьфільм у беларускі Галівуд".

12.45 "Вулічным хуліганам далі імя палітвязьняў. Іх у нас 6. Ладна, мы прынялі рашэньне, што тэму з гэтымі зьняволенымі закрываем: пяцёра на свабодзе, шосты адмовіўся. Якія прэтэнзіі да беларускіх уладаў?"

Дачка палітвязьня Юлія Казуліна, камэнтуючы гэтую заяву А. Лукашэнкі, выказала недаўменьне:

“У адносінах да майго таты было ўсё ня так. Іншых палітвязьняў выпусьцілі. А яму сказалі: давай зьяжджай, прапануючы палітычныя ўцёкі. Мой тата на гэта не пагадзіўся. Ён не вінаваты і ўцякаць з краіны не зьбіраецца”.


12.40 "У Беларусі пачалі зьяўляцца цэлыя дынастыі апазыцыянэраў. Што было б, калі б яны прыйшлі да ўлады?"

Вінцук Вячорка мяркуе, што заявамі пра дынастыі ў апазыцыі А. Лукашэнка спрабуе адвесьці падобныя абвінавачваньні ад сябе:

“Яго наўпрост абвінавачваюць у пабудове азіяцкай фэадальнай сыстэмы. Калі ж ён заўважыў, што ў мяне культывуюцца каштоўнасьці беларушчыны, свабоды, дэмакратыі і мой сын іх падзяляе, то хай зайздросьціць. Мой сын падзяляе са мной і лёс – пасадкі, выкіданьне з унівэрсытэту. Калі Лукашэнка меў яго на ўвазе, значыць, ён браў удзел у прыняцьці рашэньняў наконт майго сына”.


12.35 А.Лукашэнка пра апазыцыю, вулічныя акцыі і міжнародны ціск:
Пачалі зьяўляцца цэлыя дынастыі апазыцыянэраў



“Апазыцыя, дзеячы губляюць сон, калі нехта на Захадзе скажа добрыя словы на адрас Беларусі… Заклікаюць мітынгаваць пэнсіянэраў і прадпрымальнікаў. Толькі ўдзельнікі гэтых сацыяльных маршаў зьбіваюць кіроўцаў і мінакоў, перакрываюць праезныя часткі вуліцаў, ходзяць з рознакаляровымі сьцягамі і сьцягамі Эўразьвязу. Пэнсіянэраў і прадпрымальнікаў, дзеля якіх ладзіліся акцыі, аказваецца вельмі мала. Як улада павінна рэагаваць на гэтае бязладзьдзе? Калі ў гадзіну “пік” людзі ня могуць праехаць па цэнтры сталіцы, калі малойчыкі накідваюцца з кулакамі. Каго абараняць -- сотні тысячаў мірных жыхароў ці групу лайдакоў, якім захацелася пагуляць у рэвалюцыянэраў? Мне гэтых дзяцей, якія строяць зь сябе рэвалюцыянэраў, шчыра шкада”.

12.30 "Я не выходзіў з той партыі, у якой калісьці быў. Мы ня будзем сілай заганяць у арганізацыю "Белая Русь", якая была створаная паводле падказкі альбо штуршка зьлева, справа ці зьверху". Паводле Лукашэнкі, "цяпер арганізацыя прэтэндуе на сотні квадратных мэтраў офісаў і кампутары".

12.29 А.Лукашэнка пра “Белую Русь”:



“Сілу пачынае набіраць грамадзкае аб’яднаньне “Белая Русь”. Я б ня стаў засяроджваць увагу на ім, каб не спэкуляцыі, якія часам даходзяць да абсурду. Кажуць, што Лукашэнка стварае партыю ўлады, што нібыта ў анкетах будзе радок пра прыналежнасьць да гэтай партыі. Адразу адкажу на гэтыя чуткі: катэгарычна не прымаю прапрэзыдэнцкія палітычныя структуры”.

12.25 "У беларускага грамадзтва няма хранічных хваробаў. Нам удалося пазьбегнуць расколу, расслаеньня".

12.22 "13 тысячаў апякунскіх і прыёмных сем’яў. Штогод у Беларусі закрываюцца 2 дзіцячыя дамы".

12.20 "У Беларусі актуальнай становіцца праблема наркаманіі. Сёньня знаходзяць шпрыцы ў рэстарацыях, выяўляюць схемы пастаўкі зельля".

12.19 "Трэба комплекс захадаў, каб не дапусьціць паленьня і расьпіцьця сьпіртных напояў на працоўных месцах".

Анатоль Лябедзька

Старшыня Палітрады АГП Анатоль Лябедзька: “На зьезьдзе АГП мы прынялі пасланьне да грамадзянаў, бізнэсу і краіны. У нас ёсьць рашэньне перадаць яго ва ўрад, Палату прадстаўнікоў і адміністрацыю Лукашэнкі. Мы сёньня спрабавалі выканаць рашэньне зьезду. Няўдала. Ад пачатку міліцыя нам не магла нічога патлумачыць. Пляц быў адкрыты, людзі хадзілі, а міліцыя спыніла толькі нас. Пасьля спэцназ выціснуў нас з плошчы. Мы спрабавалі раздаваць газэту “Народная воля”, дзе надрукаваны тэкст нашага пасланьня. Нас затрымалі і завезьлі ў Цэнтральны РАУС. Там мы знаходзіліся болей за 3 гадзіны. Мы чулі толькі выказваньні пра змаганьне з п’янствам і абяцаньне даць заробак у 700 даляраў”.

12.14 "30% дзяцей пакутуюць на хранічныя хваробы".

12.10 Лукашэнка паставіў задачу вывесьці Беларусь у групу краінаў-лідэраў, выйсьці з групы краінаў, якія даганяюць: “Беларусь апошнія паўтара дзясятка гадоў адстойвала свой сувэрэнітэт пасьля развалу СССР. Цяпер сувэрэнная Беларусь адбылася, створаны моцны фундамэнт, які дазваляе эфэктыўна разьвівацца па ўсіх кірунках. Але сьвет вакол мяняецца, і мы ня можам застацца на ўзбоччы разьвіцьця. Патрэбны якасны рывок і новая якасьць жыцьця”.

12.08 “Паглядзіце на дзяцей. Уся культурная адукацыя зьвялася да інтэрнэту. Яны перасталі хадзіць у кіно і тэатар”.

У залі знаходзяцца 57 чальцоў Савету рэспублікі і 108 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG