Бальшыня зь іх ведае спадарыню Райчонак як мясцовую дэмакратычную актывістку, якая заснавала мастацкую галерэю ў мястэчку Германавічы Шаркаўшчынскага раёну і ўжо амаль 18 год запар ладзіць плэнэры з удзелам беларускіх і замежных мастакоў.
У якасьці акторкі шмат хто ўбачыў Аду Райчонак упершыню, між тым сама гераіня стужкі распавяла, што калісьці марыла здымацца ў кіно, і гэтую ейную мару ажыцьцявіў стваральнік фільму Уладзімер Колас.
Прэзэнтуючы фільм, Уладзімер Колас падкрэсьліў, што такія асобы, як Ада Райчонак, ёсьць бясспрэчна ўнікальнымі. І таму цікавасьць да стужкі выказалі кампаніі больш чым 10 эўрапейскіх дзяржаваў.
Землякі зь Віцебшчыны таксама горача абмяркоўвалі ўбачанае, найперш замалёўкі сучаснага беларускага вясковага побыту – таго асяродку, у якім жыве колішняя вясковая настаўніца Ада Эльеўна, якая пасьпявае ўтрымліваць немалую гаспадарку і адначасова працаваць над папаўненьнем музэю, прыцягваючы працу заўчасна памерлага сына, мясцовага краязнаўцы, этнографа, пісьменьніка Міхася Райчонка.
Героямі фільма “Галерэя Ады” сталіся таксама вядомыя беларускія мастакі, якія штогод зьязджаюцца на арганізаваныя спадарыняй Райчонак пленэры, і звычайныя вяскоўцы з Германавіч. Землякі Ады Райчонак у фільме жывуць сваім звычыйным жыцьцём, якое потым увасабляецца ў мастацкіх працах удзельнікаў пленэраў.
Спадарыня Ада кажа, што гэтую дакумэнтальную стужку ужо паглядзелі ці ня ўсе ейныя аднавяскоўцы. Яна лічыць гэта вельмі важным, бо пэўная: праз мастацтва – мастацтва выяўленчае альбо мастацтва кіно – людзі павінны стацца лепшымі.