Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьвеце камэнтуюць крызіс у стасунках Беларусі і ЗША


Рашэньне Менску аб выстаўленьні 10 амэрыканскіх дыпляматаў яшчэ больш абвастрыла канфлікт паміж ЗША і Беларусьсю, выкліканы санкцыямі і парушэньнямі правоў чалавека, падае BBC.


Пра абвастрэньне крызісу ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях пішуць таксама нямецкі “Der Stern”, аўстрыйскі “Der Standard”, швайцарская “Basler Zeitung” ды іншыя эўрапейскія СМІ.

“Калі летась у штаце амэрыканскай амбасады налічвалася 35 супрацоўнікаў, то неўзабаве колькасьць дыпляматаў складзе шэсьць чалавек, уключна зь кіраўніком місіі”, піша “Basler Zeitung”. Швайцарскія аглядальнікі зьвязваюць далейшае абвастрэньне дачыненьняў беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў з тым, што Вашынгтон належыць да найбольш жорсткіх крытыкаў рэжыму Лукашэнкі.

Як падае нямецкае выданьне “Der Stern”, патрабаваньне аб скарачэньні штату амэрыканскай амбасады зьвязана з жорсткімі санкцыямі амэрыканскага міністэрства фінансаў супраць беларускага канцэрну "Белнафтахім". Менавіта пасьля гэтага Менск стаў дамагацца, каб амбасадар ЗША выехала ў сваю краіну дзеля кансультацыяў. Цытуючы словы часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Джонатана Мура, “Der Stern” піша пра “беспрэцэдэнтны працэс”.

Тым часам амэрыканскія выданьні паведамляюць пра першую рэакцыю Вашынгтону. Газэта “Washington post” прыводзіць словы прэсавага сакратара ЗША Шона Маккормака, які назваў учорашняе рашэньне Менску “неапраўданым і неправамоцным”. “Мы зараз абдумваем свой адказ на гэтыя дзеяньні”, заявіў Маккормак. Як піша “Washington post”, амэрыканскія чыноўнікі кажуць, што стасункі будуць нармалізаваныя толькі пасьля таго, як беларускія ўлады вызваляць з турмы палітычных вязьняў на чале з Аляксандрам Казуліным.

У матэрыяле, прысьвечаным абвастрэньню дачыненьняў паміж Менскам і Вашынгтонам, карэспандэнт ВВС прыводзіць словы беларускага лідэра Лукашэнкі: “Мы ні зь кім ня хочам сварыцца – ні з Усходам, ні з Захадам, – заявіў беларускі прэзыдэнт. – Аднак, калі Расея ніколі не “шпыняла” Беларусь за недахопы, то чаму гэта сабе дазваляе Захад?”, – падкрэсьліў Лукашэнка і дадаў, што “гістарычны час аднабаковых ультыматумаў і санкцыяў застаўся ззаду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG