Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Раманчук: дзеяньні ўладаў сьведчаць пра безвыходнасьць


Палітыкі і экспэрты працягваюць камэнтаваць рашэньне афіцыйнага Менску выслаць з краіны 10 дыпляматаў ЗША.


Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:



“Я думаю, што гэта рэакцыя на санкцыі ЗША, рэакцыя на жорсткую пазыцыю наконт палітвязьняў. І проста ўлады такім чынам сьведчаць пра безвыходнасьць, адсутнасьць канцэпцыі разьвіцьця і тое, што акрамя канфліктаў, спрэчак яны нічога іншага ў межах нацыянальных інтарэсаў зрабіць ня могуць. Тыповая ілюстрацыя прыказкі:Моська брэша на слана.


Гэта можа прывесьці да таго, што значна пагоршацца фінансавыя магчымасьці беларускіх кампаній, магчымасьці крэдытаваньня, і сур'ёзныя інвэстары ня будуць схільныя інвэставаць у краіну, якая знаходзіцца ў стане дыпляматычнай вайны з Амэрыкай”.


Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандар Вайтовіч сказаў, што яму зразумелая першая рэакцыя ўлады на санкцыі ЗША супраць “Белнафтахіму”:


“Але далей усё становіцца незразумелым, бо справа ідзе да таго, каб перарваць дыпляматычныя дачыненьні. І гэта ўжо не на карысьць Беларусі. Далей усе крокі робіць Беларусь. І гэта звыш таго, што патрэбна. Гэта справа міжнародных гульняў, якія вядзе Лукашэнка. У нас у краіне ня сіла закону, а закон сілы. Вось гэта ўсё і растлумачвае.
Гэта будзе прыводзіць да далейшай ізаляцыі Беларусі

Калі Беларусь вырашыла адказаць на ўвядзеньне абмежаваньняў такім чынам, то цяпер, я лічу, было б правільным і ЗША таксама адказаць нейкім чынам. Бо захады, якія робіць Беларусь, ужо выйшлі за межы неабходных.

Гэта будзе прыводзіць да далейшай ізаляцыі Беларусі. У міжнародных дачыненьнях трэба трымацца правілаў, якіх трымаюцца іншыя краіны. Ня трэба іх парушаць. Беларусь вось зь нейкіх прычынаў вырашыла так сябе паводзіць. Не Беларусь, вядома, а адзін чалавек у Беларусі”.



Старшыня Парты БНФ Лявон Баршчэўскі: “У беларускім грамадзтве наскокі на амэрыканскую амбасаду ці на амэрыканскіх дыпляматаў не выклікаюць масавага спачуваньня, як гэта магло быць у Расеі, дзе распаўсюджаны антыамэрыканізм. Гэта сьведчыць, што Лукашэнка ўзяў курс на тое, што свайго малодшага нашчадка ён хоча зрабіць прэзыдэнтам. А гэта можа адбыцца гадоў праз 30. Ва ўзросьце Робэрта Мугабэ ён хоча перадаць уладу далей. Для гэтага й патрэбны самаізаляцыянізм. Канечне, гэта наіўныя спадзяваньні. Сьвет у эпоху глябалізацыі мяняецца вельмі хутка і нічога ня можа быць такім даўгавечным, як здавалася раней”.
Ён хоча паказаць, што ён бароніць сваё атачэньне і яго прыбыткі


Спадар Баршчэўскі сказаў, што санкцыі з боку ЗША закранулі не беларускі народ, а лукашэнкаўскае атачэньне. А захады кіраўніка Беларусі “рацыянальна не вытлумачальныя, а дэманстратыўныя”: “Прыбыткі ад канцэрну “Белнафтахім” мае не беларускі народ, а чыноўнікі. Вельмі адчувальнымі аказаліся гэтыя санкцыі, першыя іх крокі для рэжыму Лукашэнкі. Ён хоча менавіта паказаць, што ён бароніць сваё атачэньне і яго прыбыткі”.



Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі ўпэўнены: да разрыву дыпляматычных дачыненьняў справа ня дойдзе:
Гэта чыста дыпляматычныя крокі

“Я думаю, гэта чыста дыпляматычныя крокі, якія не пацягнуць за сабою разрыву дыпляматычных дачыненьняў. Я зыходжу ў сваіх меркаваньнях з заявы прэзыдэнта Беларусі ў яго пасланьні беларускаму народу і парлямэнту. Там было заяўлена, што Беларусь зацікаўленая ў супрацоўніцтве са Злучанымі Штатамі, з Эўразьвязам на роўных, партнэрскіх умовах. У нас шмат сумесных эканамічных інтарэсаў. Ня трэба забывацца, што бальшыня сумесных беларуска-амэрыканскіх прадпрыемстваў працуюць на беларускім рынку. Таму гэтыя інтарэсы будуць улічаны”.


Карэн Акопаў, былы супрацоўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі, зьвяртае ўвагу на тое, што галоўнае патрабаваньне Злучаных Штатаў Амэрыкі ад афіцыйнага Менску — вызваленьне ўсіх палітвязьняў:
Усё ўпіраецца ў асабістыя амбіцыі кіраўніка Беларусі,

“Калі Беларусь вызваліць усіх палітвязьняў, дык у амэрыканскага боку зьявяцца ўсе падставы перагледзець свой падыход да эканамічных санкцыяў. Гэта відавочна. І калі амэрыканцы пра гэта кажуць, калі яны анансуюць гэта, значыць, яны так і будуць дзейнічаць. У такіх пытаньнях у іх вельмі празрыстая пазыцыя. І тут усё ўпіраецца ў асабістыя амбіцыі кіраўніка Беларусі, які ў некаторых асобах, што цяпер знаходзяцца за кратамі, бачыць сваіх асабістых ворагаў.

Калі ж Беларусь не вызваляе палітвязьняў, можа паўтарыцца так званы савецкі варыянт. Гэта азначае, што дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі ў ЗША і амэрыканскія ў Беларусі могуць атрымаць абмежаваньні па сваіх рэгіёнах дзейнасьці. Так было ў савецкія часы, калі савецкія дыпляматы ў ЗША мелі закрытыя зоны, куды яны не маглі патрапіць ніколі. І адпаведна амэрыканскія дыпляматы мелі ў Савецкім Саюзе такія ж закрытыя тэрыторыі”.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі засяроджвае ўвагу на тым, што Злучаныя Штаты прынялі спэцыяльны закон пра Беларусь — “Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі”. І беспрэцэдэнтныя дзеяньні беларускага боку — гэта рэакцыя на тое, што закон пачаў выконвацца, падкрэсьлівае аглядальнік:
Робяцца спробы ўцягнуць у гэты канфлікт Маскву.


“Што будзе далей? Пакуль выконваецца ня ўсё, што прадугледжваецца гэтым законам. Трэба меркаваць, што санкцыі будуць пашырацца. І яны будуць тычыцца ня толькі “Белнафтахіму”, але і замежных беларускіх установаў. А яны ж ня толькі камэрцыйныя. Таму санкцыі могуць датычыцца ў тым ліку і замежных дыпляматычных місіяў.

І яшчэ хачу зьвярнуць увагу. Ёсьць пэўны пункт гледжаньня (падкрэсьліваю, ён існуе ня толькі ў Менску), што гэта дыпляматычная бойка, скіраваная да новаабранага прэзыдэнта Расеі. Робяцца спробы ўцягнуць у гэты канфлікт Маскву. І тут цікава, што свой першы афіцыйны візыт спадар Мядзьведзеў робіць ня ў Менск, а ў Астану. А гэта красамоўны прыклад прыярытэтаў новага гаспадара Крамля”.

30 красавіка МЗС Беларусі перадаў часова паверанаму ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі Джонатану Муру сьпіс амэрыканскіх дыпляматаў, якіx абвясьцілі пэрсонамі non grata.

10 амэрыканскіх дыпляматаў маюць пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам 72 гадзін. Такім чынам, колькасьць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску скароціцца да 5 чалавек. Адзін зь іх — часова павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Джонатан Мур.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG