Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адарве Кадыраў Чачню ад Расеі?


Год таму прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прызначыў Рамзана Кадырава кіраўніком Чачні. Якія вынікі гэтага кіраваньня?

У пэўным сэнсе Масква прызначэньнем Кадырава дасягнула сваіх мэтаў: сытуацыя ў рэспубліцы зьнешне спакойная, тэракты і напады паўстанцаў не адбываюцца, у Чачні працягваецца будаўнічы бум, які распачаўся яшчэ два гады таму, калі Рамзан Кадыраў быў прэм'ер-міністрам рэспублікі. Аднак крытыкі абвінавачваюць 31-гадовага лідэра ва ўсталяваньні ўласнага культу асобы, у шматлікіх парушэньнях правоў чалавека, у рэкеце і ўзбагачэньні за кошт незаконнага экспарту нафты.

Аднак падзеі мінулага тыдня сьведчаць пра тое, што вонкавы парадак, які Кадыраў усталяваў у Чачні – рэч даволі хісткая і ўяўная. Пад Аргунам адбылося маштабнае сутыкненьне паміж вайсковымі злучэньнямі, падпарадкаванымі Кадыраву, і сіламі дэсантна-дывэрсійнага батальёну “Ўсход”, які знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаваньні міністэрству абароны Расеі. Гэтая сутычка, падчас якой паводле агенцтва Reuters было забіта 18 чалавек – сьведчаньне вострай міжкланавай барацьбы ў кадыраўскай Чачні. Абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў злоўжываньні ўладай і шматлікіх злачынствах. Чачэнскія ўлады на чале з Кадыравым дамагаюцца ад Масквы адстаўкі начальніка батальёну “Ўсход” Суліма Ямадаева.

Сытуацыю ацэньвае Аляксей Малашэнка, экспэрт у справах Каўказу з маскоўскага цэнтру Карнэгі:

“Таму Рамзан гэтак хваравіта да яго ставіцца, кажа, што ўсе людзі з батальёну "Ўсход" – гэта злачынцы, ён хоча як мага хутчэй ад іх пазбавіцца, але не атрымліваецца ў яго. І не атрымаецца. Батальён "Усход" – гэта ўзброеныя людзі, якія маюць надзвычай высокі ўзровень баяздольнасьці, гэта прафэсіяналы, і меркаваць, што іх проста разгоняць і аддадуць Кадыраву – гэта ня так. Гэтыя людзі заўсёды будуць рэзэрвам Расеі”.

Магчыма, Масква сапраўды ня хоча аддаваць свайму пратэжэ Кадыраву, ўсю паўнату ўлады над рэспублікай. У рэшце рэшт – падзяляй і ўладар, прынцып імпэрскага кіраваньня, сфармуляваны яшчэ старажытнымі рымлянамі.

Адсутнасьць у Масквы рычагоў кіраваньня ў Чачні можа дазволіць Рамзану Кадыраву калі-небудзь дасягнуць таго, чаго не змаглі дасягнуць Джахар Дудаеў і Аслан Масхадаў – незалежнасьці Чачні фактычнай, а можа і юрыдычнай. Дарэчы, камандзір батальёну “Ўсход” Ямадаеў наўпрост гаворыць пра пляны кіраўніка рэспублікі павярнуць супраць Расеі. Зь іншага боку Рамзана можа спасьцігнуць лёс ягонага бацькі – Ахмада Кадырава, які таксама быў кіраўніком Чачні і стаў ахвярай тэракту ў 2004 годзе. Але ў цяперашняй сытуацыі, калі амаль уся ўлада ў Чачні сканцэнтраваная ў руках Рамзана, ягоная раптоўная сьмерць можа спарадзіць хаос і новыя забурэньні ў рэспубліцы.

Аляксей Малашэнка:

“Небясьпечна рабіць стаўку на аднаго чалавека. У яго шмат ворагаў і ў Расеі і ў самой Чачні. Ён хлопец авантурны, часта езьдзіць без аховы. Ён такі фаталіст. Я мяркую, што шанцаў дажыць да 40 гадоў у яго 50 на 50”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG