Сьцягоў няма ля ўваходу ў будынкі гарвыканкаму й аблвыканкаму. На цэнтральных вуліцах гораду дзяржаўны сьцяг з чорнай стужкай вывешаны толькі з вакна будынку сярэдняй школы № 1 (на здымку).
На плошчы Леніна няма расьцяжкі пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС. 23 красавіка расьцяжку разгарнулі, аднак 25 красавіка яе ўжо не было. Замест чарнобыльскай цяпер разгорнутая расьцяжка да першатравеньскага сьвята працы.
На цэнтральных вуліцах Магілёва шмат міліцыі. Міліцыянты патрулююць пешаходную вуліцу Ленінскую й месца правядзеньня велікоднага кірмашу, які адкрыўся сёньня насупраць Магілёўскага гарвыканкаму.
Учора ў Магілёве ўлада й дэмакратычная апазыцыя зладзілі свае мерапрыемствы да гадавіны чарнобыльскай катастрофы. У афіцыйным мітынгу ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўлады й праўладных арганізацыяў, а таксама школьнікі. На месца правядзеньня мітынгу іх прывезьлі аўтобусамі. Прыйшлі на мітынг і актывісты апазыцыі. На пачатку мітынгу на дзьве гадзіны быў затрыманы актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Мікола Расюк.
Невялікі мітынг ля крыжа памяці па ахвярах чарнобыльскай катастрофы правялі й магілёўскія дэмакраты. На жалобны мітынг прыйшлі два дзясяткі чалавек. За мітынгам сачылі тры службовыя машыны зь міліцыянтамі.
Мерапрыемствы да гадавіны чарнобыльскай катастрофы актывісты апазыцыі правялі ў Крычаве ды Горках.
Актывісты горацкай ініцыятывы “Антыядзерная група” зьбіралі подпісы жыхароў Мсьціслава супраць будаўніцтва ў суседнім Горацкім раёне атамнай электрастанцыі. За дзьве гадзіны супраць АЭС падпісаліся 169 чалавек.
У Крычаве сёньня выйшаў адмысловы “чарнобыльскі” нумар недзяржаўнай газэты “Вольны горад”. Учора супрацоўнікі выданьня наведалі жыхароў чарнобыльскай зоны. Паводле рэдактара газэты Сяргея Няроўнага, журналісты перадалі “чарнобыльцам” кнігі Сьвятланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва” ды выслухалі іхныя думкі адносна будаўніцтва АЭС у Беларусі.
Радыенуклідамі забруджаная трэцяя частка Магілёўшчыны. У зоне са шчыльнасьцю радыеактыўнага забруджаньня больш за адзін кюры цяпер жывуць, паводле афіцыйнай інфармацыі, блізу 120 тысяч чалавек, у тым ліку 25 тысяч дзяцей.