За паўгадзіны да прэзэнтацыі ў офіс прыйшлі некалькі міліцыянтаў і супрацоўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і спыталіся, што за акцыі там рыхтуюцца.
Напярэдадні сябры АГП атрымалі з МНС прадпісаньне на выкананьне неабходных мерапрыемстваў па тэхніцы пажарнай бясьпекі. Згодна з гэтым прадпісаньнем, у памяшканьні могуць знаходзіцца ня больш за 15 чалавек.
У часе, калі ў офісе АГП зьявіліся міліцыянты, па дарозе зь Менску да Горадні двойчы затрымлівалі мікраўтобус з прадстаўнікамі дэмакратычных арганізацыяў, якія ехалі на прэзэнтацыю. Сярод затрыманых былі рэжысэр Валеры Мазынскі, бард Андрэй Плясанаў, моладзевы актывіст Франак Вячорка, барды Дар’я Кадамская і Павал Кузьмiч.
Супрацоўнік МНС, які агледзеў памяшканьне і пералічыў людзей у офісе АГП, сказаў, што заўваг ня мае.
Тады адзін зь міліцыянтаў паклікаў кіраўніка гарадзенскай арганізацыі АГП Юры Істоміна ў калідор і паказаў, што там пад лавай ляжыць разьбіты бытавы тэрмомэтар.
Міліцыянты адразу выклікалі пажарную машыну і загадалі ўсім пакінуць памяшканьне. Пасьля прыезду машыны МНС высьветлілася, што ртуць з тэрмомэтра не выцекла і небясьпекі няма.
Юры Істомін выказаў зьдзіўленьне разьбітым тэрмомэтрам. Паводле яго словаў, учора памяшканьне прыбіралі, а сёньня яго адчынілі першы раз:
“Я лічу, што гэта правакацыя праваахоўных органаў, паколькі пажарнікі ня маюць да нас прэтэнзіяў. Думаю, наступным крокам будзе тое, што офіс зачыняць, каб тут ніхто не зьбіраўся”.
Прэзэнтацыю сайту АДС, прэзэнтацыю сэрыі беларускіх аўдыёкніг таварыства “Белтонмэдыя”, адкрыцьцё фотавыставы “10 год з аднаго акна” Андрэя Плясанава, а таксама выступ пераможцаў “Бардаўскай восені” Дар’і Кадамскай і Паўла Кузьмiча давялося праводзіць у памяшканьні Таварыства беларускай школы.
Франак Вячорка, які прэзэнтаваў у Горадні сайт АДС, лічыць, што сёньняшнія праблемы па дарозе зь Менску ў Горадню – гэта працяг уладамі сакавіцкіх рэпрэсіяў у дачыненьні да дэмакратычных актывістаў:
“Магчыма, улады спрабавалі сарваць сёньняшняе мерапрыемства, а магчыма, проста шукалі матэрыялы да “Чарнобыльскага шляху”.