Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі двое з апазыцыі вярнулі сабе права на выезд


Генэральная пракуратура пацьвердзіла, што Анатолю Лябедзьку забаронены выезд зь Беларусі. У сьпісе невыязных застаюцца й іншыя актывісты апазыцыі.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька атрымаў адказ на свой запыт да генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. Падпісаў адказ начальнік аддзелу нагляду за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзян Рыгор Шостак.

“Адказ я схільны назваць адпіскай. Гэтае нежаданьне кіроўных асобаў пракуратуры ставіць свой подпіс яшчэ раз даводзіць палітычную падаплёку ўсёй гэтай маёй справы, – мяркуе Анатоль Лябедзька.

Пракуратура фармальна кажа, што мне адмоўлена, бо адносна мяне ўзбуджана крымінальная справа. Я праходжу як падазраваны, і кропка. Хоць я фармуляваў іншыя пытаньні: якія канкрэтна дзеяньні пракуратурай прымаюцца ўжо больш за чатыры гады, каб давесьці да нейкага лягічнага заканчэньня гэтую справу? Я прапаную: альбо падавайце гэта ў суд, альбо яе трэба проста зачыняць. Бо там няма прававых падстаў, каб яна існавала больш за чатыры гады. На ніводнае пытаньне я не атрымаў адказу”.

Чыноўнік, аднак, спасылаецца на пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікаваны Беларусьсю. Ён пералічвае выпадкі, калі могуць абмежаваць выезд. Анатоль Лябедзька цьвердзіць:

“Але ніводзін з гэтых пунктаў не падпадае пад маю сытуацыю абсалютна. Таму я зноў буду працягваць бамбардаваньне Васілевіча, зараз я буду прасіць зь ім асабістай сустрэчы. І рыхтую зварот у Канстытуцыйны суд, бо парушаецца Канстытуцыя і мае канстытуцыйныя правы”.

Справу завяла Менская гарадзкая пракуратура нібыта за паклёп на прэзыдэнта Беларусі, які прагучаў у выказваньнях палітыка ў праграме Мікалая Сванідзэ “Зеркало” на тэлеканале РТР.

На днях ня выпусьцілі зь Беларусі актывістку незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Насту Палажанку:

“Мяне зьнялі зь цягніка “Менск — Варшава”. Мне паведамілі, што я знаходжуся ў сьпісе невыязных таму, што на мяне заведзеная крымінальная справа. Але на той момант, калі я знаходзілася на мяжы, я пра гэтую крымінальную справу ня ведала. Я схадзіла ў АВІР Першамайскага раёну, дзе мне выдалі даведку, што на мяне ўзбуджана крымінальная справа. Але ніякіх падрабязнасьцяў яны не даюць. Невядома, ці новая, ці старая гэтая крымінальная справа. Я падала заяву ў міністэрства ўнутраных справаў і дагэтуль чакаю адказу”.

На пачатку лютага на беларуска-літоўскай мяжы актывісту “Маладога фронту“ Івану Шылу таксама адмовілі ў выезьдзе. Памежнікі сказалі, што ён знаходзіцца ў сьпісе невыязных з прычыны судзімасьці. Іван Шыла сказаў, што гэтая судзімасьць зьнятая ў сакавіку, і ён неўзабаве зьбіраецца высьветліць свой статус.

Таксама ў сьпісах невыязных застаецца лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч.

Адмоўлена ў выезьдзе і апазыцыйнаму палітыку Валеру Шчукіну. Пакуль ён не атрымаў тлумачэньняў на свой запыт ад афіцыйных структураў. Хоць за мяжу яму трапіць удалося — праз Расею.

Актывісты Барыс Гарэцкі і Цімох Дранчук пасьля вялікіх намаганьняў вярнулі сабе права на выезд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG