Ён паведаміў нашаму радыё, што 27 лютага накіраваўся з братам на машыне ў Польшчу. Яны прайшлі кантроль на КПП “Брузгі”, але на польскім баку на КПП “Кузьніца Беластоцкая” яго пратрымалі некалькі гадзінаў і анулявалі візу, патлумачыўшы, што існуе рашэньне не ўпускаць спадара Пажэцкага на тэрыторыю польскай дзяржавы.
Юзаф Пажэцкі кажа, што ў 2000 годзе ўжо існавала забарона на яго ўезд у Польшчу. У 2005 годзе пасьля таго, як беларускія ўлады сталі перасьледаваць Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс, Міністэрства замежных справаў Польшчы пісьмова выбачылася перад ім. Праўда, ў Беларусі яго некалькі разоў арыштоўвалі і на два гады забаранілі выезд з краіны. Потым ён ня раз наведваў Польшчу. Апошні раз ён быў там у мінулым сьнежні разам з Анжалікай Борыс. Яны сустракаліся з афіцыйнымі асобамі РП.
Гадавая польская віза ў пашпарце Ю.Пажэцкага, ануляваная сёньня польскімі памежнікамі, мела тэрмін да чэрвеня 2008 году.