Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павысіцца плата за энэргарэсурсы?


Міхал Залескі
Міхал Залескі

У Беларусі падрыхтавана прапанова аб падвышэньні кошту жыльлёва-камунальных паслугаў прыблізна на тры даляры за кошт павялічэньня тарыфу на энэргарэсурсы для насельніцтва.


Нагадваем, што Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што сёлета тарыфы на паслугі жыльлёва-камунальнай сфэры ня будуць падвышаныя больш чым на 5 даляраў. Але гэты ліміт падвышэньня быў вычарпаны ўжо ў першым месяцы году. Наколькі могуць падвысіцца кошты на энэргію цягам гэтага году? На гэтае пытаньне адказвае эканаміст Міхал Залескі

Цыганкоў: “Міхал, калі ў пачатку году ўлады абяцалі, што сёлета тарыфы на паслугі ЖКГ не павялічацца больш чым на 5 даляраў за ўвесь год – вы і паверылі?”

Залескі: “Не, ня верыў, і нават сказаў у адным з інтэрвію, што гэта не атрымаецца. Бо выбраць адразу ўсё... я яшчэ пра малпаў узгадаў, якія папрасілі, каб ім адразу ўсе арэхі за дзень далі, а ўвечары яны сталі прасіць яшчэ. Гэтак і беларуская ўлада – выбрала адразу ўсё, і думалі, што ім больш “есьці” не захочацца да канца году. Захацелася...”

Цыганкоў: “Ці можна спрагназаваць, якімі тэмпамі будуць расьці тарыфы цягам году?”


Залескі: “Я так думаю, паколькі інфляцыя выйдзе каля 15-17 працэнтаў у год (можа быць і 20, калі горай справы пойдуць, бо ва ўсім сьвеце сытуацыя фінансавая пагаршаецца) – то гэтымі 3 далярамі не абмяжуюцца. Будзе яшчэ адно падвышэньне, напэўна. перад пачаткам ацяпляльнага сэзону, пасьля выбараў. І ў выніку, за год мы будзем мець павышэньне на 11-12 даляраў замест абяцаных 5. Абгрунтаваньне палітычнае, маральнае і любое іншае заўсёды ўлада знойдзе – ёсьць управа ідэалёгіі, і яны нешта прыдумаюць”.

Цыганкоў: “Надыходзячае падвышэньне неназваны чыноўнік тлумачыць тым, што неабходна кампэнсаваць рост цэнаў на расейскі газ. Але пакуль цана на газ для Беларусі даволі лагодная. Што будзе, калі (на думку большасьці экспэртаў) з Новага году газ для Беларусі будзе каштаваць за 200 даляраў?”

Залескі: “Той, хто хоча – шукае магчымасьці. А хто ня хоча – шукае прычыну. Вось знайшлі прычыну. Але – кошты на газ павышаюцца ва ўсім сьвеце, яны прывязаныя да цаны на нафту. Нафта перайшла за 100, газ перайшоў за 300, і будзе расьці надалей.

Далей. Беларусь жыве не па рынкавых цэнах. Мы не плацім за газ так, як палякі, літоўцы, немцы, усе астатнія. Нам ёсьць пэўныя льготы. Дык замест таго, каб перабудоўваць унутры саму галіну энэргетыкі, камунальную сфэру – нам укручваюць адно: трэба больш плаціць. Гэта будзе проста раскрутка інфляцыі – вытворчасьці гэта павышэньне нічога ня дасьць”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG