Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаны прысуд Касі Салаўёвай <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Кася Салаўёва аштрафаваная за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Заўтра вынясуць прысуд А.Янушэўскаму і пройдзе суд над Л.Атакулавай.


19.45
Супрацоўнікі міліцыі склалі на Людмілу Атакулаву пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Дзяўчыну не адпусьцілі, а адвезьлі на ноч да суду ў Наваполацкі ізалятар. Суд над Людмілай Атакулавай пачнецца заўтра ў 9.30 раніцы.

19.05
Супрацоўнікі міліцыі на выезьдзе з Полацку затрымалі машыну, у якой вярталіся ў Менск маладафронтаўцуы Аляксей Шэін, Дзяніс Садоўскі, Людміла Атакулава і Валер Мацкевіч. Яны загадалі хлопцам заставацца ў машыне, а Атакулаву павялі ў пастарунак. Міліцыянты мелі пра сабе паперу, дзе былі запісаныя нумары аўтамабіляў, на якіх у Полацак прыехалі паплечнікі Касі Салаўёвай зь Менску.

18.30 Абвяшчэньне прысуду прысуду Аляксею Янушэўскаму перанесьлі на заўтра на 10.30 раніцы. Яго самаго да суду адпусьцілі.

17.50 КАЦЯРЫНУ САЛАЎЁВУ АШТРАФАВАЛІ НА 1 МІЛЬЁН 750 ТЫСЯЧ РУБЛЁЎ.

17.10
Пачаўся суд над Аляксеем Янушэўскім

У часе суду над Аляксеем Янушэўскім
16.15
Маладафронтаўца Аляксея Янушэўскага міліцыянты абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным вулічным мерапрыемстве. На яго складзены пратакол паводле артыкулу 23.34. Ён усё яшчэ знаходзіцца ў пастарунку. Міліцыянты паведамілі, што магчыма сёньня яго ўжо даставяць у суд, дзе яму прызначаць пакараньне. Аляксею пагражае арышт ад 5 да 15 сутак. Летась ён быў пакараны за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі штрафам.

15.00 А. Янушэўскага трымаюць у міліцыі.

КАСІ САЛАЎЁВАЙ УРУЧЫЛІ НОВУЮ ПОЗВУ

14.50
У часе судовага перапынку Кася Салаўёва атрымала позву зьявіцца ў пракуратуру на допыт па новай крымінальнай справе. Кася лічыць, што гэта, магчыма, справа, якая распачыналася 29 лістапада за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў.

13.35 Пасьля ўнясеньня ў Крымінальны кодэкс Беларусі ў пачатку 2006-га года артыкулу аб адказнасьці за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі ён стаў самым распаўсюджаным ў дачыненьні да актывістаў моладзевага руху. Як каралі за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях?

Кацярына Салаўёва з мамай падчас перапынку

13.21 У судовым працэсе аб’яўлены перапынак. У 17 30 будзе агалошаны прысуд.

АКЦЫЯ ПРАТЭСТУ КАЛЯ БУДЫНКУ СУДА

13.20
Паплечнікам мітынгоўцаў удалося утварыць жывы ланцуг, каб пасадзіць удзельнікаў акцыі ў аўтамабіль, які адразу зьехаў ад будынку суду. Атрымалася, што ў падагнаны аўтазак не было каго саджаць. Затрыманы адзін з удзельнікаў акцыі А.Янушэўскі. Яго адвезьлі ў міліцыю.

13.15
Удзельнікаў акцыі разганяюць міліцыянты. Іван Шыла сказаў Радые Свабода:"Нас затрымліваюць. Нас людзі больш-менш абаранілі. паспрабуем сесьці ў машыну і зьехаць, але ня думаю, што гэта ўдасца".

13.05
Пяцёра актывістаў селі на асфальт каля будынку суду. Скандуюць: "Верым.Можам.Пераможам", "Улада-народу! Моладзі-свабоду!" Сярод іх Іван Шыла, Зьміцер Хведарук і Клюеў.

Жывы ланцуг не дазваляе арыштаваць удзельнікаў мітынгу

13.00 SMS з залі суду: "Пракурор просіць штраф у 200 базавых велічыняў (сем мільёнаў рублёў ). На вуліцы мітынг."

12.55
Калі ўсіх запусьцілі ў залю пад час перапынку, туды зайшла здымачная група БТ і яны пачалі здымаць. Алесь Бяляцкі закрываў аб’ектыў тэлекамэры, а прысутныя патрабавалі, каб журналісты БТ пакінулі судовую залю. Але супрацоўнікаў БТ больш за ўсё цікавіў прадстаўнік амбасады ЗША. Яны зьвярнуліся да яго па камэнтар.

12.50
Скончыўся 10-хвілінны перапынак у судзе. Пачнуцца спрэчкі, выступіць дзяржаўны абвінаваўца і адвакат. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч не выключае, што сёньня будзе вынесены прысуд.

Паводле спадара Стэфановіча, у справе фігуруюць пісьмовыя матэрыялы і паказаньні сьведак. Гэта газэты, якія былі сканфіскаваныя ў пакоі ў інтэрнаце і якія не маюць дачыненьня да справы, дыскі з дакумэнтальнымі стужкамі. Кацярына адмаўляе, што ў яе дзеяньнях прысутнічае склад злачынства. В.Стэфановіч сказаў: “Дзіўна, што пракурор сама ператварала працэс у палітычны”.

ПЕРАПЫНАК. УРАЖАНЬНІ АД ПРАЦЭСУ

12.40
Назіральнікі адзначаюць, што судзьдзя вельмі хутка вядзе працэс. І ўжо сёньня можа быць агалошаны прысуд.

Паводле Іны Кулей, пракурор нагадвае школьную настаўніцу, якая пытаецца пра розныя дробязі жыцьця. І ўсе пытаньні зводзяцца да таго, колькі ў Касі газэтаў і як яны называюцца. Прысутныя абураюцца: незразумела, якім чынам гэта тычыцца крымінальнай справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

12.30
У судзе аб’яўлены перапынак. Журналісты і грамадзяне, якія прыйшлі на працэс, змаглі ўвайсьці ў залю.

12.15 SMS з залі суду: "Судзьдзя Марозава агалошвае пісьмовыя матэрыялы справы".

ДОПЫТ СЬВЕДКАЎ

12.10 У калідоры каля судовай залі прысутныя ўступілі ў палеміку з карэспандэнтам БТ. Людзі выказвалі сваё абурэньне і абвінавачвалі дзяржаўны тэлеканал у паклёпе і распаўсюдзе ілжывых зьвестак. У выніку супрацоўнікам міліцыі давялося завесьці апэратара і карэспандэнта ў куток, каб выключыць нейкія інцыдэнты. У судзе дапыталі сьведак - выхавальніцу інтэрнату і двух студэнтак. Адна са сьведак сказала, што ў судзе спыталі, ці ведала яна, што "Малады фронт" ёсьць апазыцыйнай арганізацыяй і ці агітавала Кася сваіх суседак уступаць у "Малаы фронт".

Карэспандэнт БТ, якога прысутныя патрабавалі выдаліць з залі

11.57 SMS з залі суду: "Працягваецца допыт сьведкаў".

11.55
Усіх грамадзянаў, якія прыйшлі на суд, прапусьцілі ў будынак суду. Яны пішуць скаргі за тое, што іх падманулі. Ім абяцаюць, што ўсіх прапусьцяць на судовае паседжаньне пад час перапынку.

11.45 SMS
з залі суду: "Ідзе допыт сьведкаў".

СУДЗЬДЗЯ ЦЫТУЕ ПРЫВАТНЫ ДЗЁНЬНІК КАСІ

11.40
Паводле сайту праваабарончага цэнтру "Вясна", судзьдзя Марозава працытавала дзёньнікавыя запісы Касі Салаўёвай, якія далучаны да матэрыялаў справы: “ …але я са свайго боку зраблю ўсё ад мяне залежнае, каб зруйнаваць гэты рэжым”. Да матэрыялаў справы далучаныя таксама 263 асобнікі праваабарончага бюлетэня “Права на волю”, які нібыта распаўсюджвала актывістка.

КАСЯ ВЫСТУПІЛА З ПРАМОВАЙ

11.35
Паводле сайту праваабарончага цэнтру "Вясна", у сваім слове Кася Салаўёва патлумачыла судзьдзі свой удзел у незарэгістраваным “Маладым фронце” жаданьнем адраджаць беларускую мову і культуру.Яна нагадала у судзе, што пры гэтай уладзе беларуская мова можа ператварыцца ў латынь.

11.30
У судзе пачалі допыт сьведак. Гэта дзяўчаты, якія вучыліся і жылі ў адным інтэрнаце з Касяй Салаўёвай. У залі суду знаходзяцца 9 чалавек. Сярод іх Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей, праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валяцнін Стэфановіч і іншыя.

У ЗАЛЮ ПРАПУСЬЦІЛІ БАЦЬКОЎ І ПРАДСТАЎНІКА АМБАСАДЫ ЗША

11.15
Намесьнік старшыні суду пад час судовага працэсу завёў у судовую залю першага сакратара амбасады ЗША Луіса Крышака, а таксама бацькоў Касі Салаўёвай. Журналістам ён паведаміў, што яны зойдуць у судовую залю толькі пад час перапынку. Астатнія грамадзяне, якія прыйшлі на суд, стаяць на вуліцы каля будынку суду.

ЖУРНАЛІСТАЎ НЕ ПУСЬЦІЛІ Ў СУДОВУЮ ЗАЛЮ

11.00
Высьветлілася, што суд над Касяй Салаўёвай пачаўся, як і плянавалася, а 10.30. Абураныя журналісты прайшлі ў кабінэт старшыні суду Ігара Калесьнікава. Ён сказаў, што ніякіх распараджэньняў супрацоўнікамі міліцыі не даваў і нічога ня ведае пра гэтую сытуацыю. У выніку зайсьці у судовую залю можна будзе толькі пад час перапынку. Назіральнікі назвалі гэта "цынічным падманам". Бацькі Касі Салаўёвай таксама не змаглі трапіць у судовую залю, як і журналісты, а таксама больш за 30 прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці, якія стаяць на вуліцы, каля ганку.



КАЛЯ БУДЫНКУ СУДУ ЗЬБІРАЮЦЦА ЛЮДЗІ

10.30
Каля будынку полацкага суду сабралася больш за 30 чалавек. Сярод іх лідэр руху “За свабоду!” Аляксандар Мілінкевіч, старшыня аргкамітэту ў стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Нароная грамада) Мікалай Статкевіч, старшыня камітэта дапамогі палітрэпрэсаваным Іна Кулей, адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, а таксама іншыя моладзевыя актывісты і грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі амбасады ЗША.

Міліцыянты ў цывільным і ў форме стаяць на ганку і ў суд пакуль нікога не прапускаюць. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што для судовага паседжаньня шукаюць вялікую залю.

Судовы працэс над Касяй Салаўёвай будзе адкрытым .

Кася Салаўёва разам з адвакатам Аляксандрам Галіевым знаходзяцца ў будынку суда, дзе яны яшчэ раз знаёмяцца з матэрыяламі справы.

КАСЯ САЛАЎЁВА: КРОНІКА ПЕРАСЬЛЕДУ
29 лістапада на Кацярыну Салаўёву заводзяць дзьве крымінальныя справы: за дзейнасьць ад імя незарэгістраванага ў Беларусі Маладога Фронту (артыкул 193’1) і за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў (за недахопам доказаў пазьней спынена). Акрамя гэтага, 29 лістапада на Кацярыну была заведзеная адміністрацыйная справа за графіці, што ў той дзень зьявіліся на будынку Полацкага выканкаму. За графіці яе прызналі вінаватай і пакаралі штрафам.

5 сьнежня Кацярына Салаўёва была другі раз выключана з Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсітэту, дзе навучалася на настаўніцу ангельскай мовы.

25 сакавіка, у дзень сьвяткаваньня Дня Волі, пры разгоне мірнага шэсьця, 20-гадовую Кацярыну затрымалі і зьбілі байцы спэцназу. Яе прысудзілі да 5 сутак арышту. З-за арышту Кася не змагла прысутнічаць на ўласным судзе па крымінальнай справе, які першапачаткова быў заплянаваны на 27 сакавіка.

У аўторак, 8 красавіка, пачаўся суд над сяброўкай Маладога Фронту Кацярынай Салаўёвай.
Інфармацыя ўзятая з сайту Маладога Фронту
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG