Улетку 2006-га года паводле гэтага артыкулу на розныя тэрміны былі асуджаныя чацьвёра актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, якая ставіла за мэту незалежнае назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі. Найбольшы тэрмін – 2 гады пазбаўленьня волі, атрымаў лідэр “Партнэрства” Мікалай Астрэйка. На волю ён выйшаў пасьля году зьняволеньня.
Найчасьцей артыкул аб ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі ўжываўся супраць актывістаў “Маладога фронту”. У канцы 2006-га года паводле гэтага артыкулу на паўтара году зьняволеньня быў асуджаны лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, у 2007-ым грашовым штрафам былі пакараныя актывістка зь Нясьвіжу Наста Азарка, а таксама Яраслаў Грышчэня з Баранавіч. У Салігорску прыцягваўся да адказнасьці Іван Шыла. Грашовымі штрафамі пакарана група актывістаў зь Менску. Тады ж, ў 2007 годзе, паўгода калёніі атрымаў актывіст РНЕ.
Улетку 2006-га года, каб спыніць перасьлед, актывісты “Маладога фронту” праводзілі масавую эстафэтную галадоўку, якая доўжылася 20 дзён.
Некаторыя справы да суду гэтак і не дайшлі.