Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Казлоўскі: Кебіч не мяняў бы сымболікі


Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі – госьць “Начной Свабоды”.


Караткевіч: Скажыце, вы лірычны чалавек?

Казлоўскі: Я думаю, так, таму што я вырас у Беларусі, на ўскраіне Белавескай пушчы, аб якой вельмі добра сьпяваюць "Песьняры". Я рос зь імі, таму – я лірычны чалавек.

Караткевіч: Якое вашае ўражаньне ад нядаўняй сустрэчы зь беларускімі маладымі дэмакратамі, якую вы праводзілі разам зь Міхаілам Чыгіром?

Казлоўскі: Уражаньні самыя добрыя, самыя цёплыя. Я ніколі ня думаў, што на працягу 1,5 гадзіны моладзь здолее задаць столькі розных пытаньняў - палітыка, быт, праблемы... Яны былі настолькі зацікаўленыя размовай, што я ледзьве адпрасіўся, каб яны пусьцілі мяне дадому...

Караткевіч: Фактычна, цяпер за маладымі – вулічная барацьба. Некаторыя зь іх трапляюць і ў "кабінэтную" палітыку (на ўзроўні моладзевых філіяў сваіх арганізацый). Як вы думаеце, ці дасьпела беларуская дэмакратычная моладзь да ўваходу ў "кабінэтную" палітыку?

Казлоўскі: Я ўпэўнены, што так, у іх настолькі дзяржаўнае мысьленьне, яны настолькі занепакоеныя тым становішчам, у якім мы жывем, што канечне, іх трэба падцягваць у нашыя партыйныя арганізацыі, каб яны вучыліся дзяржаўнасьці, працаваць. Трэба больш ім давяраць, больш верыць, што яны могуць рашаць палітычныя задачы.

Караткевіч: Як бы вы ахарактарызавалі дзеяньні ўладаў і сілавых структураў у часе апошніх акцый?

Казлоўскі: Гэта можна назваць барбарствам нашага часу, гэта самае сапраўднае барбарства. І вельмі жорстка яны абыходзяцца ў першую чаргу з моладзю, каб яна баялася выйсьці на вуліцу. Але я ўпэўнены, што гэтыя маладыя людзі будуць змагацца і далей, і за імі – будучыня.

Караткевіч: Кажуць, што ў Ташкенцкай вайсковай вучэльні вы здавалі некаторыя іспыты па-беларуску. Можаце прыгадаць, як гэта было?

Казлоўскі: Гэта было вельмі складана, бо я скончыў беларускую сярэднюю школу ў сяле Мурава, жывая яшчэ мая кляснай кіраўніца Вольга Мікалаеўна, ня так даўно я зь ёю сустракаўся... Калі я прыехаў у Ташкент, то іспыты я здаваў на расейскай мове – пісьмовыя здаў добра. Калі ж дайшла справа да вуснай матэматыкі, я пачаў адказваць на пытаньне – яны мяне не разумелі, бачу, камісія зь мяне сьмяецца... Мяне пацягнула плакаць, бо я вельмі добра ведаў матэматыку, у свой час удзельнічаў у матэматычнай алімпіядзе Пружанскага раёну, і добрая жанчына ў складзе камісіі сказала: хлопчык, а ты напішы на дошцы, як ты разумееш пытаньне ў білеце. Я напісаў і атрымаў пяцёрку. Цікавы быў досьвед.

Караткевіч: Пры вас беларускае войска мела бел-чырвона-белую сымболіку...

Казлоўскі: Калі была скасаваная Беларуская вайсковая акруга і створанае міністэрства абароны, а ўсе войскі акругі былі перададзены ў падпарадкаваньне Міністэрства абароны, усе былі апранутыя ў савецкую форму. Але літаральна дзесьці празь месяц-другі, калі я стаў першым міністрам абароны РБ, мяне запрасілі з афіцыйным візытам у ЗША, потым – у Брусэль.

Была зьнятая жалезная заслона, якая была ў савецкі час. Я зразумеў, што мне як міністру ў складзе дэлегацыі трэба паехаць у нацыянальнай форме. Мы зрабілі камісію, якая распрацавала нацыянальную сымболіку – какарды, пагоны, шаўроны – і ў Доме моды на Нямізе была тэрмінова замоўленая гэтая форма.

Калі я першы і мае падначаленыя ў складзе дэлегацыі апранулі гэтую форму, прыляцелі ў ЗША і там выйшлі з самалёту ў нацыянальнай вайсковай форме, то амэрыканцы былі вельмі зьдзіўленыя, яны ня ведалі, ці тая гэта дэлегацыя – бо тут я прымаў пасла і вайсковага аташэ Злучаных Штатаў у савецкай форме... Таму гэта было вельмі прыемна і нам самім, паказацца як генэралы і афіцэры беларускай арміі.

Караткевіч: А вам якая сымболіка эстэтычна больш блізкая?

Казлоўскі: Тое, што была ў той час бел-чырвона-белая сымболіка – гэта быў такі крок, і ня трэба было ламаць тое, што было зроблена новай уладай. Нармальнай была сымболіка. Тое, што зрабіла новая ўлада – гэта яе памылка. Думаю, што прыйдзе час, і нацыянальная сымболіка будзе вернутая ў беларускае войска.

Караткевіч: У часе прэзыдэнцкіх выбараў у 1994 годзе вы ўваходзілі ў каманду Вячаслава Кебіча. Журналісты часта задаюць пытаньне: калі б перамог Кебіч, ці стаў бы ён мяняць сымболіку?

Казлоўскі: Я думаю – ня стаў бы. Я ў гэтым перакананы. Кебіч разумны чалавек, ён разумеў, што час памяняўся. І пры ўсіх праблемах Беларусі ў той час пачынаць мяняць сымболіку – гэта было б найвялікшае глупства, і ён, я думаю, на гэта не пайшоў бы. Бо калі толькі была створанае нацыянальнае войска, а закон аб мовах быў прыняты літаральна годам раней, то ў міністэрстве мы на калегіі таксама прынялі рашэньне, што беларускае войска будзе пераходзіць на беларускую мову. І вельмі актыўна гэта падтрымаў старшыня Вярхоўнага савету Шушкевіч, і Кебіч таксама – каб войска прыняло прысягу ў 1992 годзе, 31 сьнежня... Таму я ўпэўнены, што Кебіч на гэты крок не пайшоў бы.

Караткевіч: У сакавіку 1994 году вы ўдзельнічалі ў вялікім форуме ў Брусэлі, дзе абмяркоўвалася праграма "Партнэрства дзеля міру"...

Казлоўскі: Калі гэтая праграма была агучаная на гэтым саміце, дзе прысутнічалі мністры абароны краінаў НАТО і былога СССР, то ў сваім выступе там я гаварыў, што я ўпэўнены, што кіраўніцтва нашай беларускай дзяржавы падтрымае гэтую ідэю. Яна давала магчымасьць нашаму войску больш стасункаў мець зь сябрамі НАТО, суседнімі заходнімі дзяржавамі, а гэта давала магчымасьці наладжваць вайсковае, вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва, пераймаць досьвед заходніх дзяржаў, і гэта было вельмі важна.

Караткевіч: Ці варта Беларусі неяк балюча рэагаваць на разьмяшчэньне супрацьракетных баз у краінах Усходняй Эўропы?

Казлоўскі: Я думаю, Беларусі рэагаваць на гэта ня трэба, але як вайсковы спэцыяліст і прафэсіянал хачу сказаць, што гэта памылка Злучаных Штатаў Амэрыкі – прасоўваць сюды гэтыя радыёлякацыйныя станцыі і разьмяшчаць ракеты-перахопнікі на тэрыторыі Чэхіі і Польшчы. Памылка таму, што гэта падштурхоўвае тую ж Расею і іншыя дзяржавы да гонкі ўзбраеньняў, а гэта ўжо нясе пагрозу для агульнаэўрапейскай бясьпекі. Я лічу гэта памылкай.

Караткевіч: А якая ваша пазыцыя што да прысутнасьці расейскіх вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі?

Казлоўскі: Я ў той час быў міністрам абароны, калі гэтае пытаньне разглядалася, і мы, вайсковае і грамадзянскае кіраўніцтва Беларусі, дамовіліся з Расеяй, што дзьве базы застануцца – пад Баранавічамі і пад Вілейкай. У нас падобнае ўзбраеньне, цеснае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва між Расеяй і Беларусьсю, і я лічыў, і сёньня лічу, што вялікай пагрозы для Беларусі гэта не нясе. Іншая справа, што сёньня Расея робіць усё для таго, каб гэтыя базы, якія знаходзяцца ў Азэрбайджане, Малдове ці на нашай тэрыторыі, былі зь цягам часам перамешчаныя на тэрыторыю Расеі, і так будзе, я ў гэтым не сумняюся. Таму гэтае пытаньне будзе аб'ектыўна вырашацца зь цягам часу, але прапаноўваць выштурхоўваць гэтыя базы ў тэрыторыі Беларусі ці прымаць аб гэтым нейкае рашэньне – я лічу, што на сёньняшні час будзе памылкай на гэтым настойваць.

Караткевіч: Цяпер крыху пра асабістае... Кажуць, што генэрал Казлоўскі адналюб – як ваша сэрца скарыла вашая жонка Натальля?

Казлоўскі: Мы пазнаёміліся ў Ташкенце – ёй было 17 гадоў, а мне 22, і яна была вельмі простай, сьціплай, акуратнай дзяўчынай. Калі яна пачаставала мяне баршчом, я зразумеў, што яна будзе вельмі добрай гаспадыняй, і так яно і было. Мы прайшлі жыцьцё побач, памянялі 21 кватэру за гэты час, маем траіх дзяцей і чатырох унукаў, і будуць яшчэ ўнукі, я ўпэўнены, бо ў мяне 23 лютага, у дзень 90-годзьдзя нашых узброеных сілаў, ажаніўся малодшы сын... У мяне вельмі сымпатычная, вельмі добрая жонка, і я яе вельмі кахаю.

Караткевіч: Кажуць, што род Казлоўскіх – доўгажыхары. Гэта так?

Казлоўскі: Дай бог. Усе, дзякуй богу, жывы і здаровы. Я самы малодшы ў сям'і, у мяне трое братоў і дзьве сястры, жывуць у Пружанскім раёне.

Караткевіч: Чым вы займаецеся ў вольны час?

Казлоўскі: Калі я працаваў у гэтыя гады, ад лейтэнанта да генэрала, міністра абароны, вельмі мала было часу займацца чымсьці такім для душы, але адпачывалі. У маладосьці я захапляўся спортам, альпінізмам – на Казбэку, Эльбрусе быў у свой час. А калі цяпер больш вольны – люблю паляваньне, рыбалку, люблю папрацаваць на лецішчы. Я да ўсяго звыклы, бо я вырас у сялянскай сям'і, дзе з малых гадоў вучылі працаваць, хадзіць за плугам, касіць сена, нарыхтоўваць дровы і гэтак далей, таму я ўсё ўмею рабіць сваімі рукамі – у тым ліку і лецішча маленькае пад Менскам збудаваў сам, з дапамогай братоў і сяброў, пасьля таго, як ужо сышоў у адстаўку.

Караткевіч: Якія вашыя пажаданьні нашым слухачам, тым, хто правёў з намі гэтыя 20 хвілін?

Казлоўскі: Я вельмі ўдзячны, што вы мяне выслухалі. Хачу пажадаць усім дабрабыту, здароўя, і каб хутчэй наша Беларусь стала свабоднай дзяржавай, каб мы маглі спакойна хадзіць па вуліцах і каб ніхто ня біў маладых людзей дубцом па галаве, нават калі яны з чымсьці ня згодныя. Людзі маюць права сказаць тое, што яны думаюць. Сёньня яны гэтага права ня маюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG