Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто напаў на офіс БНФ? <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Кіраўніцтва партыі БНФ лічыць напад на офіс партыі дробнай помстай за тое, што яе праэўрапейская палітыка набыла папулярнасьць у грамадзтве.


Уначы з 28 на 29 сакавіка хуліганы пабілі вокны ў партыйным офісе і суседнім памяшканьні ЖЭСу. Яны запэцкалі чорнай фарбай дзьверы і нанесьлі на іх сымболіку незарэгістраванай Нацыянал-бальшавіцкай партыі. Яшчэ дзьве ўлёткі з каардынатамі арганізацыі былі прылепленыя на вокны сядзібы. Кіраўніцтва партыі лічыць малаверагодным, што напад на офіс зьдзейсьнілі “нацболы”.



Супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску зафіксавалі нанесеныя пашкоджаньні. Гэта ня першы выпадак, калі іх выклікаюць на сядзібу партыі БНФ пасьля таго, як невядомыя запэцкаюць сьцены і дзьверы смалой ці фарбай. 16 жніўня 2006 году невядомыя прымацавалі да дзьвярэй Управы муляж бомбы. Побач былі раскіданыя ўлёткі з сымболікай РНЕ (“Русское национальное единство”). Самі ж сябры незарэгістраванай партыі тады абверглі свой удзел у вандалізьме і назвалі гэта правакацыяй спэцслужбаў. Міліцыянты даручылі ўчастковаму інспэктару правесьці праверку, і справу спынілі. У ніводным з выпадкаў, калі рабіліся напады на партыйны офіс, злачынцаў не знайшлі.

Лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі выказаў сваё меркаваньне:

“Ніякія РНЕ, ніякія нацбальшавіцкія партыі ў Беларусі. Для іх тут няма ніякай асновы. Я думаю, што гэта робяць вучні спэцыяльных навучальных установаў, якія трэніруюцца на такіх штуках. Няма тут падставаў, каб рабіць гэта нейкім палітычным структурам. Падставай ёсьць тое, што рэжым бачыць, што цэнтар інтэлектуальнага супраціву, мірнага супраціву знаходзіцца па гэтым адрасе. Вось і спрабуюць дробнымі такімі гадасьцямі папсаваць настрой”.



Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч дадаў:

“Ня маючы магчымасьці спыніць у Беларусі праэўрапейскія настроі, якія растуць з кожным днём, маргінальная агентура расейскай імпэрыі робіць дробныя пакасьці. У прынцыпе, гэта ж ня першы раз – і пэцкалі дзьверы, і білі шкло, і вешалі муляж бомбы – але гэта недарэчныя спробы запалохаць тых, каго запалохаць немагчыма. Гэта паказвае ўбоства розуму тых людзей, якія робяць такія акцыі”.

Сёньня ж у партыйным офісе заменяць пабітае шкло і пафарбуюць дзьверы. У памяшканьні ЖЭСу, які месьціцца побач зь сядзібай партыі БНФ, шкло замянілі яшчэ ў суботу. Кіраўніцтва партыі БНФ лічыць, што хуліганы папросту думалі, што б’юць вокны толькі ў партыйным офісе, бо шыльда і ўваход у ЖЭС — з другога боку будынка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG