Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасольства ЗША аднаўляе выдачу візаў з 1 красавіка


Як паведамілі “Свабодзе” ў амбасадзе ЗША ў Менску, выдача візаў грамадзянам Беларусі будзе адноўленая 1 красавіка. Адначасова амбасадар Карэн Ст’юарт, якая знаходзіцца ў Вашынгтоне, заявіла, што ЗША ня будуць адмаўляцца ад эканамічных санкцыяў у адносінах да ўладаў Беларусі.


Выдачу візаў у амэрыканскім пасольстве і разгляд новых заявак прыпынілі 19 сакавіка. Гэта было выклікана патрабаваньнямі беларускага МЗС аб скарачэньні штату пасольства ЗША ў Менску.

Пад ціскам беларускіх уладаў тэрыторыю Беларусі цягам мінулай серады і чацьвярга пакінула амаль палова амэрыканскіх дыпляматаў, акрэдытаваных у Менску. Зьехаў і супрацоўнік амбасады Курт Фінлі, якога Першы канал БТ і КДБ абвінавацілі ў стварэньні шпіёнскай сеткі. На гэты момант у амэрыканскай амбасадзе працуе 17 дыпляматаў — гэтулькі ж, колькі ў беларускім пасольстве ў Вашынгтоне.

Праца амбасады ЗША нармалізуецца, аднак у сувязі з патрабаваньнямі беларускіх уладаў была скарочаная колькасьць консулаў — з двух да аднаго. Таму з 1 красавіка, калі адновіцца выдача візаў, адпаведна будзе скарочаная колькасьць заявак, якія будуць прымацца.

Пасол ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт зазначыла ў інтэрвію Эўрарадыё, што ня можа назваць даты свайго вяртаньня ў Беларусь. Гэта залежыць ад таго, калі вернецца ў Амэрыку беларускі амбасадар Міхаіл Хвастоў.

У МЗС Беларусі зьвестак наконт даты вяртаньня спадара Хвастова на працоўнае месца таксама пакуль няма.

Тым часам Карэн Ст’юарт зазначыла, што Злучаныя Штаты не зьбіраюцца адмаўляцца ад палітыкі ўвядзеньня эканамічных санкцыяў у адносінах да ўладаў Беларусі. Такую заяву яна зрабіла ў эфіры радыёстанцыі “Эхо Москвы”:

“Мы павінны даць беларускім уладам магчымасьць зрабіць выбар паміж пазытыўнымі дабротамі адносін з Захадам і адмоўнымі адносінамі — у выпадку, калі яны будуць уціскаць правы чалавека і адмаўляцца ад дэмакратыі”, — сказала Карэн Ст’юарт.

Амбасадарка падкрэсьліла, што ЗША па-ранейшаму настойваюць на “вызваленьні ўсіх міжнародна прызнаных беларускіх палітвязьняў, у тым ліку аднаго зь лідэраў апазыцыі Аляксандра Казуліна”. Пры гэтым яна прызнала, што Злучаныя Штаты працягваюць кансультацыі з Эўразьвязам пра сумесныя санкцыі ў адносінах да ўладаў Беларусі.

Тым часам, як паведамляе прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, гаворачы пра амэрыканскія санкцыі, ён заявіў, што іх трэба кампэнсаваць дывэрсыфікацыяй беларускага экспарту, у прыватнасьці, актывізуючы супрацоўніцтва з краінамі Пэрсыдзкай затокі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG