Палітыкі сабраліся аб 11 гадзіне на плошчы каля помніка Якубу Коласу. Пасьля ўскладаньня кветак Лявон Баршчэўскі прачытаў коласаўскі верш “Да працы”. Анатоль Лябедзька паведаміў, што 30 сакавіка а 18-й гадзіне вырашана сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, каб выказаць салідарнасьць з арыштаванымі ў Дзень Волі дэманстрантамі і журналістамі, на якіх чыніцца ўціск. Пра мэты сёньняшняй акцыі спадар Лябедзька сказаў:
“Мы такім чынам паказваем поўную дурноту беларускіх уладаў. Мы хочам прадэманстраваць тое, што павінна было адбыцца 25-га. Людзі прыйшлі, усклалі кветкі, прайшлі па маршруце і пайшлі сьвяткаваць дахаты. Нам якраз трэба паказаць вось гэты кантраст”.
Лявон Баршчэўскі чытаў творы песьняроў таксама каля помнікаў Янку Купалу і Максіму Багдановічу,-- пасьля таго, як і да іх былі ўскладзены кветкі.
“Не ўдалося ўскласьці 25-га, бо проста паламалі кветкі. Не пусьцілі да ніводнага з помнікаў. Трэба ж усё роўна выканаць тое, што плянавалі. Нашы клясыкі літаратуры не вінаватыя, што такая ўлада, якая не пускае ўскласьці кветкі”.
Прайсьці маршрутам Дня Волі вырашылі й сябры ПКБ. Сакратар Партыі камуністаў Алена Скрыган сказала, што была на акцыі 25 сакавіка:
“Сілавы разгон гэтай акцыі яшчэ раз кажа пра тое, што ніякіх зрухаў у дэмакратызацыі беларускіх уладаў не адбылося. Выйсьці на плошчу, ускласьці кветкі павінен мець магчымасьць кожны, і калі ён захоча. Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч — гэта тыя людзі, якія для беларусаў зрабілі столькі, што мы гэтымі кветкамі ніколі ім не адплацім”.
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў:
“І маршрут, і дата, і нагода, і наш настрой паказвае, што ва ўладаў няма ні стратэгіі, ні тактыкі паводзінаў. І калі яны думаюць паказаць такім чынам сьвету, што кантралююць тут сытуацыю, то сьвет, наадварот, задае пытаньні: калі яны ня могуць кантраляваць інакш як мардабоем, то, значыць, у іх няма ніякай сілы?”
Віктар Івашкевіч сказаў, што дэмсілы будуць шукаць розныя формы дэманстрацыі сваёй пазыцыі:
“Каб не павялічвалася кола рэпрэсаваных рэжымам людзей, лідэры АДС вырашылі ўзяць пэрсанальную адказнасьць на сябе і прайсьці ўсё ж тым маршрутам, які ўлада не дазволіла 25 сакавіка. “Чарнобыльскі шлях”, я думаю, таксама будзе масавай акцыяй. У якіх формах, аргкамітэт яшчэ будзе абмяркоўваць”.
За ўскладаньнем кветак назіралі больш за два дзясяткі міліцыянтаў у цывільным, вяліся апэратыўныя відэаздымкі. Асаблівую цікавасьць міліцыянты выяўлялі да палітыкаў, якія давалі інтэрвію мэдыям.
Вінцук Вячорка падсумоўвае:
“Гэта быў сымбалічны крок, каб паказаць, што мы памятаем нашых герояў і 25 сакавіка”.