Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: сёньня новыя ператрусы


У Асіповічах у кватэры грамадзкага актывіста Ігара Сімбірова вядзецца ператрус. Паводле Сімбірова, у кватэры знаходзяцца супрацоўнікі міністэрства надзвычайных сытуацыяў, міліцыянты й людзі ў цывільным. Яны складаюць пратакол на канфіскацыю пятнаццаці найменьняў недзяржаўнай прэсы.



ВЫ - СЬВЕДКА ПАДЗЕЯЎ? ДАСЫЛАЙЦЕ ІНФАРМАЦЫЮ, ФОТА- І ВІДЭАМАТЭРЫЯЛЫ НА АДРАС svaboda@rferl.org


Сёньня пасьля дзевятай гадзіны ў рэдакцыю горацкай недзяржаўнай газэты “Ўзгорак” прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Пра гэта рэдактар выданьня Эдуард Брокараў пасьпеў паведаміць карэспандэнту “Свабоды”. Цяпер тэлефон спадара Брокарава не адказвае.

ПАДЗЕІ ПАПЯРЭДНЯГА ДНЯ

21.30 “Для ператрусу дзьверы рэзалі аўтагенам”

19.12 IFJ: сытуацыя журналістаў у Беларусі ўсё горшая

18.56 “Рэпарцёры бязь межаў” шакаваныя падзеямі ў Беларусі

18.35
Сяргей Скрабец: “Працягваецца запалохваньне грамадзтва вось такімі акцыямі Камітэту дзяржбясьпекі. А так у нас даўно няма свабод, гарантаваных нам Канстытуцыяй: свабоды слова, друку і гэтак далей. Пра гэта ж сьведчаць і тыя затрыманьні і зьбіцьцё палітыкаў, моладзі, актывістаў, якія адбываліся 25 сакавіка. І гэта вельмі дакладна характарызуе ўладу, якая ня пойдзе ні на якія саступкі. Ня будзе свабодных выбараў, ня будзе палёгкі адносна разьвіцьця дэмакратычнага руху. Гэта вельмі сумна, бо з гэтага вынікае, што Казуліну давядзецца адседзець свае тры з паловай гады. Гэта ж тычыцца і іншых палітзьняволеных, у тым ліку новых, якія атрымалі суткі. Я лічу, што ўсё гэта адбываецца толькі таму, што Эўразьвяз ідзе на сталыя кантакты зь сёньняшняй уладай. Калі б яны занялі пазыцыю, якую займае ЗША, то гэтага не адбылося б”.

18.25 Людміла Гразнова: “Улада гэта робіць пры падтрымцы Расеі. Улада ўжо не трымае сябе ў руках. Яна толькі правакуе пагаршэньне сытуацыі ў краіне. Мабыць, санкцыі, накладзеныя на кампанію “Белнафтахім”, так балюча ўдарылі, што ўлада ня мае іншага выйсьця, як арыштоўваць і зьбіваць людзей, а таксама рабіць ператрусы ў кватэрах журналістаў. Яшчэ адно падазрэньне, што на такія бандыцкія мэтады пайшла ня толькі беларуская ўлада. Выконваецца сцэнар па дэстабілізацыі становішча ў краіне, каб на гэтым тле адштурхнуць ад улады Лукашэнку і перадаць яе таму, хто будзе больш ляяльны і марыянэтачны ў руках Расеі”.

18.12
Кіраўнік Эўрапарлямэнту асудзіў дзеяньні беларускіх уладаў

18.02
МЗС: гэта нелегальныя журналісты

18.00
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Старыкевіч пракамэнтаваў масавыя ператрусы на кватэрах журналістаў: “Нічога дзіўнага не адбываецца. Сродкі масавай інфармацыі за ўвесь пэрыяд праўленьня Лукашэнкі цярпелі больш, чым хто іншы. І таму, калі апошнім часам была нейкая адліга, як пра гэта пісалі некаторыя аналітыкі, у сэнсе палітычным, вызвалялі некаторых палітвязьняў, больш-менш спакойна паставіліся да Эўрапейскага і Сацыяльнага маршаў, то незалежных мэдыяў гэта ніяк ня тычылася. І таму цяпер проста чарговы наезд, бо гэтая ўлада несумяшчальная зь незалежнымі мэдыямі. Яна не жадае зь іх існаваньнем прымірыцца. Пакуль загад на канчатковую ліквідацыю не аддадзены, але тое, каб максымальна ўскладніць жыцьцё - такая задача ёсьць, у гэтым сумневу няма”.

17.30
Ператрус у Магілёве (фотарэпартаж)

17.30
Пасьля ператрусу ў офісе "Радыё Рацыя" (фотарэпартаж)

17.12 Ператрусы і канфіскацыі адбыліся ва ўсіх рэгіёнах

16.45
У Віцебску, у кватэры, дзе прапісаны Алег Баршчэўскі і яго бацькі, супрацоўнікі КДБ праводзяць ператрус. Паводле жонкі спадара Баршчэўскага Вольгі Карач, у кватэру нікога не пускаюць. У якасьці панятых выкарысталі салдатаў вайсковай часткі. Тэлефоны бацькоў спадара Баршчэўскага дагэтуль не адказваюць. Сам Алег Баршчэўскі знаходзіцца па-за межамі кватэры. Сябра БХК Павал Левінаў прыехаў на кватэру Баршчэўскіх і папрасіў, каб яго ўзялі ў якасьці панятога. Паводле Вольгі Карач, міліцыянт Скарыновіч абвінаваціў спадара Левінава ў тым, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся. Спадара Левінава адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску.
Супрацоўнік КДБ уваходзіць у кватэру А.Шобіна

16.41 Ператрус на кватэры бабруйскага журналіста А.Шобіна (фотарэпартаж)

16.40 Горадня: офіс БНФ і ГА “Бацькаўшчына” засталіся без кампутараў

16.32
“Мне падаецца, што сёньня яны напалоханыя тым, што ведаюць пратэстныя настроі ў грамадзтве. І таму ўспрымае сытуацыю, як вельмі сур’ёзну. Не зважаючы на тое, што 25 сакавіка, нібыта, выйшла мала народу, пратэстныя настроі ў грамадзтве вельмі моцныя”, - заявіў кінарэжысэр Юры Хашчавацкі.

Bінцук Вячорка
16.30 “Я лічу гэта аднаўленьне паўнавартаснай вайной з прэсай. У гэтым выпадку з электроннай. Прынамсі, з часткай незалежных радыё і тэлестанцый. Гэта ёсьць працяг заяўленай 25 сакавіка новай старой палітыкі”, - заявіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

15.55 “Навошта арыштоўваць журналістаў, якія выконваюць свой абавязак?”

15.47
Намесьнік пракурора Менску Аляксей Стук паведаміў, што даў санкцыю на правядзеньне ператрусаў у памяшканьнях “Радыё Рацыі”, “Эўрапейскага радыё для Беларусі”, тэлекампаніі “БелСат” і ў гарадзенскіх офісах партыі БНФ і “Бацькаўшчына”. Аляксей Стук зазначыў, што ня можа раскрыць усіх падрабязнасьцяў крымінальнай справы і сёньняшняга інцыдэнту, але, паводле ягоных словаў, сьледзтва палічыла, што ў дадзеным выпадку журналісты, супрацоўнічаюць са стваральнікамі сатырычных мультфільмаў і спрыяюць распаўсюджваньню гэтай прадукцыі ў інтэрнэце. Што да кампутараў, аўдыё-апаратуры і носьбітаў інфармацыі, то яны будуць заставацца ў пракуратуры пакуль будзе доўжыцца разьбіральніцтва.

15.45
М.Пастухоў: КДБ праводзіць палітычны вышук у краіне

Мікола Статкевіч

15.50
“Я думаю, што гэта гістэрычная рэакцыя, выкліканая тым, што зроблены вялікі палітычны промах, памылка і правал. Ну, і адказнасьць на сябе прымаць ня хочуць тыя, хто гэта зрабіў. Дык вось яны і звальваюць віну на журналістаў, якія толькі і рабілі, што выконвалі сваю працу”, - так пракамэнатаваў Мікалай Статкевіч сёньняшнія ператрусы.


15:25
Атака на незалежныя СМІ — рэха 25 сакавіка

15.20
Гомельскі незалежны журналіст, сябра БАЖ Анатоль Гатоўчыц: “У мяне ёсьць кампутар, у жонкі ёсьць кампутар, дыктафоны, дыскі, дыскеты – усё гэта канфіскавалі. Усяго канфіскавалі 31 прадмет. Міні-відэакамэра была – яны таксама забралі. Забралі нават відэа, якія мне аўстрыйскія журналісты падаравалі, калі мы па Прыпяці вандравалі. Забралі дзьве касавыя кнігі гомельскай філіі БАЖ, бо я яе старшыня. Таксама кнігу “Выпадковы прэзыдэнт” Калінкіна і Шарамета, а таксама “Лукашэнка – палітычная біяграфія”.

15.15
Віцебская журналістка Алена Сьцяпанава: "Каля 9-гадзіны раніцы мне пазванілі ў кватэру, паказалі пастанову на ператрус. У пастанове было напісана, што я мушу быць сьведкам у крымінальнай справе, якая вядзецца зь 2005 году. Яна тычыцца грамадзянаў Марозава, Мініча і Абозава, якія, нібыта, з-за мяжы распаўсюджваюць праз кампанію “Белсат” анімацыйныя ролікі, якія ганьбяць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Сярод гэтых прысутных было чацьвёра супрацоўнікаў КДБ, а ў якасьці сьведкаў салдатаў тэрміновай службы з бліжэйшай вайсковай часткі".

Павал Севярынец
14.55 “Падзеі 25-га сакавіка, а таксама ўчора і сёньня яскрава сьведчаць на тое, каго баіцца Лукашэнка – перакананы Павал Севярынец, – ён баіцца людзей, якія гатовы выйсьці за свае перакананьні на вуліцы і плошчы. Ён баіцца моладзі. Ён баіцца журналістаў, якія даводзяць да насельніцтва словы свабоды.

14.50 Ператрусы праводзяцца на падставе даручэньня намесьніка пракурора г. Менску А. Стука першаму намесьніку старшыні КДБ генэрал-маёру Вегеры (Вегере) В.П. У даручэнні пералічаныя прозьвішчы людзей, якія, па апэратыўных звестках, зьяўляюцца супрацоўнікамі тэлеканалу «Белсат». Ад рукі ў дакуменце дапісана, што ператрусы трэба правесьці таксама ў «іншых актывістаў радыкальных палітызаваных груповак».

Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА «БАЖ» кіраўнік Наваполацкай філіі арганізацыі Андрэй Аляксандраў, у якога ў кватэры прыкладна ў 14.00 скончыўся ператрус. Супрацоўнікі КДБ прад’явілі яму ордэр на ператрус і тэкст «Даручэння». У апошнім пералічаныя прозвішчы 16 журналістаў, якія наш калега перапісаў: Мельнікаў, Гатоўчыц, Баршчэўскі, Сцяпанава, Суднік, Вараб’ёў, Карпенка, Аршынскі, Васількоў, Брокараў, Шобін, Чухно, Дзех, Белы, Буцік (?), Шчапёткіна, Аляксандраў. (БАЖ)

14.50
У Варшаве адбылася прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікоў тэлеканалу “Белсат” і “Радыё Рацыя”, якія вядуць вяшчаньне з тэрыторыі Польшчы. Дырэктар “Белсату” Агнешка Рамашэўская выказала спадзяваньне, што ня толькі польскае МЗС, але і адпаведныя структуры Эўразьвязу зробіць рашучыя захады для спыненьня хвалі рэпрэсіяў супраць незалежных журналістаў у Беларусі.

14.40
Пад дзвярыма кватэры віцебскага журналіста Вадзіма Баршчэўскага знаходзяцца некалькі супрацоўнікаў КДБ. Пакуль журналіст не адчыняе ім дзверы.

14.35
У экспэртаў “Эўрапейскага радыё” пасьля ператрусу супрацоўнікі КДБ забралі кампутары, аўдыё-абсталяваньне, а таксама ўсе носьбіты інфармацыі. Як і ў офісе Радыё “Рацыя” супрацоўнікі КДБ паведамілі, што ператрус робіцца ў рамках крымінальнай справы.


14.30
У Магілёве да прыватнага дому на вуліцы Чкалава, 16 выкліканы міліцэйскі патруль. Пра гэта паведаміў “Свабодзе” грамадзкі актывіст Аляксандар Сілкоў. Паводле ягоных словаў, у гэты дом, які выкарыстоўваецца таксама для сустрэчаў грамадзкага клюбу “Кола сяброў”, раней уварваліся чацьвёра людзей у цывільным. Яны назваліся супрацоўнікамі КДБ і затрымалі тут сяброў апазыцыі Віталя Васількова і Рыгора Кастусёва. У абодвух на гэты час выключаныя мабільныя тэлефоны.

14.25 КГБ закрывае Белсат”. Артыкул пад такім загалоўкам зьмешчаны сёньня ў польскім інтэрнэт-выданьні Gazeta.pl

14.20
У Магілёве працягваецца ператрус у прыватным грамадзкім цэнтры, які ўзначальваюць сябры апазыцыі Віталь Васількоў і Рыгор Кастусёў. У абодвух актывістаў адключаныя мабільныя тэлефоны. Уваходныя дзьверы ў памяшканьне цэнтру блякавалі супрацоўнікі КДБ. Чацьвёра зь іх праводзяць ператрус.

14.00
Супрацоўнікі КДБ разам з камунальшчыкамі рыхтуюцца ўзламаць дзьверы ў кватэры бабруйскага журналіста Андрэя Шобіна. Як паведамляе праваабарончая арганзіацыя “Вясна 96”, А. Шобіна абвінавачваюць у працы на "Белсат". Ягоны пад’езд заблякаваны машынай КДБ. (ЕРБ)

14.00
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна назвала беспрэцэдэнтнай акцыю КДБ.Паводле спадарыні Літвіной, яна скіравана супраць незалежных журналістаў і распаўсюду нецунзэраванай інфармацыі. У арсэнале ціску на
Ж.Літвіна

журналістаў - ператрусы, канфіскацыя тэхнікі, допыты ў КДБ. Накіраваныя звароты да міжнародных арганізацый, каб яны запатрбавалі спыніць перасьлед журналістаў у Беларусі.

13.55
Заблякаваныя ў Менску экспэрты "Эўрапейскага радыё для Беларусі" на сувязь па-ранейшаму не выходзяць.

Юля Коцкая выглядвае з акна кватэры, дзе адбываецца ператрус. Фота: nn.by
13.40 На “Радыё Рацыя” скончыўся ператрус, які рабілі супрацоўнікі КДБ. Яны забралі з сабой 4 кампутары, 1 ноўтбук, усю апаратуру для гуказапісу і ўсе носьбіты інфармацыі. Супрацоўнікі КДБ павезьлі з сабой на допыт карэспандэнтку “Радыё Рацыя” Юлію Коцкую. Яны паведамілі, што іх цікавілі рэпартажы, зьвязаныя з асьвятленьнем крымінальнай справы супраць “Мультклюбу”, а дакладней — інфармацыя наконт Паўла Марозава і Алега Мініча, якія праходзяць як падазраваныя ў крымінальнай справе за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Журналіст "Радыё Рацыя" Юрый Пацёмкін паведаміў Радыё Свабода, што, на ягоную думку, справа “Мультклюбу” была толькі фармальнай падставай, каб зрабіць ператрус і паралізаваць працу бюро.

13.30
У аддзеле інфармацыі беларускай пракуратуры Радыё Свабода паведамілі, што ня маюць ніякай інфармацыі наконт крымінальнай справы, у рамках якой маглі б рабіцца ператрусы ў офісе радыё “Рацыя”.

13.20 У Берасьці адбыўся ператрус у бацькоўскай кватэры журналісткі Натальлі Чухно. Супрацоўнікі ўправы КДБ па Берасьцейскай вобласьці А.Прыма, А.Бань і В.Без забралі сыстэмны блёк кампутара, шэраг нумароў газэты “Народная воля”, аўдыё- і відэаматэрыялы, некаторыя брашуры — усяго 32 рэчы.

13.15
У Горадні ў памяшканьні культурнага фонду “Бацькаўшчына” скончыўся ператрус. Ён праводзіўся на падставе ўзбуджанай у Менску крымінальнай справе па абразе прэзыдэнта.

Ператрус цягнуўся дзьве гадзіны. Сканфіскавалі пяць кампутараў з усёй інфармацыяй. Кампутары не апячатваліся.

Працягваецца ператрус у офісе БНФ “Адраджэньне”.

12.50
У доме Аляксея Белага ў Баранавічах, дырэктара прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “ІнтэксПрэс - рэгіён”, трое супрацоўнікаў КДБ правялі ператрус. Забралі кампутар, візытоўніцу, брашуру “Журналист – профессия опасная”, кнігу "Случайный президент" і іншую друкаваную. Ператрус матывавалі тым, што Аляксей Белы нібыта супрацоўнічаў зь незалежным тэлеканалам “БелСат” і перадаваў “лживые измышления” ў адрас кіраўніка дзяржавы.

12.40
Кіраўнік службы інфармацыі польскага тэлеканала "Белсат" Аляксей Дзікавіцкі зьвязвае ператрусы ў кватэрах журналістаў, што супрацоўнічаюць з тэлеканалам, з асвятленнем дэманстрацыі ў Менску 25 сакавіка. Паводле спадара Дзікавіцкага, у гэты дзень для большасці замежных мэдыяў была спынена магчымасць перадачы праз спадарожнік відэаматэрыялу з дэманстрацыі "Белсат" быў адзіным, хто змог паказаць матэрыял у эфіры.

А 13-й гадзіне "Белсат" мае намер правесці ў Варшаве прэс-канферэнцыю.

12.35
Адразу трое маёраў управы КДБ па Магілёўскай вобласьці — Р.Гайшун, А.Раманаў і Я.Нікіценка — заявіліся сёньня а 8-й раніцы на кватэру журналіста Генадзя Судніка. Ператрус доўжыўся больш за дзьве гадзіны. Урэшце забралі сыстэмны блёк кампутара.

12.30
Пасьля ператрусу на кватэры, віцебскую журналістку Алену Сьцяпанаву павезьлі на допыт у КДБ.

12.10 Адразу трое маёраў управы КДБ па Магілёўскай вобласьці — Р.Гайшун, А.Раманаў і Я.Нікіценка — заявіліся сёньня а 8-й раніцы на кватэру журналіста Генадзя Судніка. Ператрус доўжыўся больш за дзьве гадзіны. Урэшце забралі сыстэмны блёк кампутара.

12.00
Супрацоўнікі Бярозаўскага рэгіянальнага аддзяленьня КДБ Валеры Дайнэка і Вадзім Даніловіч праводзяць ператрус у кватэры незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай. Службоўцы прад’явілі спадарыні Шчапёткінай пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да Андрэя Абозава, Алега Мініча і Паўла Марозава, якія абвінавачваюцца ў стварэньні сатырычных фільмаў пра Аляксандра Лукашэнку.

11.00 Таксама ператрусы праходзяць на кватэрах незалежных журналістаў у Берасьці, Горадні, Віцебску, Бярозе, Гомелі.

10.50 З 7.40 раніцы сёньня ідзе ператрус у кватэры сябра БАЖ Эдуарда Мельнікава (самога журналіста ў Беларусі няма).

Ператрусы праходзяць на кватэрах журналістаў, што супрацоўнічаюць зь "Белсатам". Большасьць зь іх затрыманыя. Ім ставяць абвінавачваньні ў зьнявазе прэзыдэнта Лукашэнкі. Пра гэта паведаміў gazeta.pl шэф рэдакцыі інфармацыйных праграмаў "Белсату" Аляксей Дзікавіцкі. Паводле спадара Дзікавіцкага, каля 20 аўтараў "Белсату" не выходзяць на сувязь.
Па яго словах, у выніку ператрусаў забіраюць камп’ютары і аргтэхніку.

У прэсавай службе Менскага ГУУС сытуацыю вакол ператрусу на кватэры "Радыё Рацыя" пакуль не камэнтуюць.

9.40 Двое экспэртаў "Эўрапейскага радыё для Беларусі", якія знаходзіліся ў офісе адной зь менскіх фірмаў, не даступныя. Іх тэлефоны не адказваюць.

Паводле адной з супрацоўніцаў радыё, у памяшканьні, дзе яны знаходзяцца апушчаныя жалюзі. Экспэрты з 9.03 раніцы не адказваюць на тэлефанаваньні.

Каля будынку стаяць два мікрааўтобусы зь цёмным шклом.

9.10
На кватэры супрацоўніка "Радыё Рацыя" у Менску адбываецца ператрус.

Паводле папярэдняй інфармацыі яго праводзяць супрацоўнікі КДБ. Паводле аднаго з супрацоўнікаў радыё, якому ўдалося зьбегчы, а 8.30 супрацоўнікі спэцслужбаў зрабілі засаду каля кватэры і затрымлівалі ўсіх, хто ішоў у яе кірунку ў пад'езьдзе. Затрыманы журналіст Барыс Гарэцкі. Ягоны тэлефон адключаны.






.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG