Брат Эмануіла Зэльцэра, вядомы ў Амэрыцы музыка Марк Зэльцэр, даў інтэрвію “Свабодзе” па тэлефоне зь Нью-Ёрку.
Марк Зэльцэр: “Абвінавачваньне не было прад’яўлена, і брат абвясьціў галадоўку. Прызначаны дзяржавай адвакат пацьвердзіў, што ён сем дзён быў на галадоўцы і патрабаваў сустрэчы з амэрыканскім консулам. Сустрэча да гэтага часу не адбылася.
Як мне вядома, было пяць афіцыйных пратэстаў ад амэрыканскай амбасады. Беларускія ўлады прызначаюць сустрэчы і за 15 хвілінаў да сустрэчы яе адкладаюць.
Беларускія ўлады атрымалі афіцыйны ліст ад лекара майго брата пра ягоны стан здароўя і пра лекі, якія яму неабходныя. І ў лісьце было дакладна напісана, што калі гэтыя лекі яму ня даць, дык ён можа ня выжыць. У леках было адмоўлена. Прычым, я разумеў, што, магчыма, такіх лекаў няма ў Менску, таму неадкладна кур’ерам туды былі дастаўленыя ўсе лекі.
Адвакат прынёс лекі брату ў камэру, сьледчы дазволіў брату паглядзець на лекі і пацьвердзіць, што гэта тое, што яму трэба. Пасьля гэтага лекі забралі і сказалі, што не дадуць. І не далі.
Адвакат прынёс усе гэтыя лекі брату ў камэру, сьледчы дазволіў брату паглядзець на лекі і пацьвердзіць, што гэта тое, што яму трэба. Пасьля гэтага лекі ў яго забралі і сказалі, што не дадуць. І не далі.
Брат хворы на цяжкую форму падагры і артрыту. Гэта невыносныя болі, калі не прымаць лекі. І ўладам ня трэба яго катаваць (хаця як адвакат сказаў, што яго білі па галаве). Але яго катаваць ня трэба – дастаткова ня даць лекаў, і ён ня будзе спаць з-за невыносных боляў. Так што гэта самы барбарскі мэтад – адмовіць у леках, але паказаць яму гэтыя лекі, што яны ёсьць. І хутчэй за ўсё, сказалі: "Падпішы гэта, скажы гэта – вось тады таблетачку дадзім!".
Дадам, што 2 красавіка аб 11-й гадзіне раніцы мы ў Нью-Ёрку праводзім (і ўжо атрымалі дазвол ад уладаў) дэманстрацыю перад консульствам Беларусі на рагу Трэцяй авэню і 44 вуліцы”.