Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНР і Лукашэнка


Як гаворыцца ў такіх выпадках, відаць у лесе нешта вялікае здохла. З “круглага стала” ў «Советской Белоруссии» і зь перадачы першага каналу БТ зьдзіўлены чытач і глядач раптам даведаўся, што Беларуская Народная Рэспубліка – зусім не “нацыяналістычна-буржуазнае марыянэткавае ўтварэньне”, а калі ня слаўная, то па меншай меры годная старонка беларускай гісторыі, якой у пэўнай ступені абавязаная сваім існаваньнем сёньняшняя Рэспубліка Беларусь. Тых, хто гэтак меркаваў і раней, а тым больш тых, для каго ідэалы БНР – гэта сьвятое, больш займае пытаньне, навошта ўладам гэта спатрэбілася і што ж з гэтага будзе?


Ну, калі пачаць з апошняга, то варта сказаць, што шэраг крутых ідэалягічных паваротаў апошніх гадоў сьведчаць пра тое, што гнуткасьць і трываласьць сучаснай улады ня варта недаацэньваць. Напрыканцы мінулага стагодзьдзя здавалася, што палітыка інтэграцыі з Расеяй, а асабліва інтэграцыйная рыторыка – адно з галоўных апірышчаў улады, што страта ці адмова ад гэтага будзе азначаць яе вельмі хуткую палітычную сьмерць. У 2002 годзе было змаганьне з пуцінскай прапановай аб уваходжаньні ў Расею 6-цю губэрнямі, у 2004 годзе – газавая вайна, напрыканцы 2006 – напачатку 2007 году – нафтагазавая вайна. Усе гэтыя крызысы суправаджаліся кардынальнай зьменай рыторыкі, а ў пэўнай ступені і палітыкі. І што? І нічога, ніякіх катастрофаў, ніякага абрынаньня ў выніку страты інтэграцыйнага апірышча не адбылося. Ні традыцыйны электарат улады не падняў яе на вілы за “здраду” Расеі, ні апазыцыя не набыла шмат палітычных дывідэндаў ад таго, што ўлада, па меншай меры на ўзроўні рыторыкі, перахапіла яе незалежніцкія лёзунгі.

Менш заўважна, але таксама даволі істотна зьмянілася за шэраг апошніх гадоў стаўленьне, падыход уладаў да Вялікага Княства Літоўскага. На прыгаданым “круглым стале” ў «Советской Белоруссии» вельмі паказальна прагучалі словы рэдактара газэты Паўла Якубовіча , што, маўляў, наконт ВКЛ усё ўжо зразумела, гэта наша неад’емная слаўная спадчына, наша вялікае мінулае, а вось наконт БНР яшчэ трэба разабрацца. Гэта калі ж з ВКЛ адбылася такая дзіўная эвалюцыя? Мы і не заўважылі. А вось адбылася, як высьвятляецца, калісьці. І таксама нічога катастрафічнага ня здарылася, нічога нідзе не абрынулася.

Але калі і ад кардынальнай зьмены публічнага стаўленьня да БНР, якая да апошняга часу была сымбалем веры нацыянальна-дэмакратычных сіл, улада нічога ня страціць, то не зусім зразумела, што ж набудзе, навошта ёй гэта, жылі, так бы мовіць, 14 гадоў (а дакладней, амаль усе 90 гадоў) бяз БНР, пражылі б і далей.

Паспрабуем пералічыць магчымыя прычыны. Наўрад ці такі ідэалягічны паварот наўпрост зьвязаны зь сёлетняй акцыяй 25 сакавіка. Прызнаньне ўладай легітымнасьці даты, легітымнасьці сьвята здольнае хутчэй разьвеяць страх пайсьці на акцыю, хутчэй надасьць ёй масавасьць, што ў пляны ўлады наўрад ці ўваходзіла.

Таксама не выглядае верагоднай і вэрсія, што прызнаньне БНР – саступка апазыцыі, такая своеасаблівая спроба дыялёгу зь ёй, хаця б па змаўчаньні. Цяперашні стан апазыцыі, шэраг унутраных канфліктаў, апошнім зь якіх стаў выхад “Маладога Фронту” з АДС, сьведчаць пра што заўгодна, толькі не пра рост палітычнай моцы апазыцыі, зь якой улада была б вымушаная лічыцца.

Але тая частка грамадзтва, для якой і ВКЛ, і БНР – гэта важныя каштоўнасьці, не вычэрпваецца выразнай палітычнай апазыцыяй. Гэтая больш шырокая і больш масавая плынь ня тое, каб супраць улады, але і ня за. І зьмена публічнага стаўленьня да БНР – пасланьне менавіта гэтаму колу, спроба зрабіць для яго існаваньне ў сёньняшняй Беларусі больш цярпімым, у пэўным сэнсе прымірыць гэтае кола з уладай шляхам саступак, ня надта важных для ўлады, але важных для гэтых людзей. Гэты паварот у чымсьці падобны да знакамітых перамоваў музыкаў з Праляскоўскім. Не дзеля апазыцыі ж тое ўлада рабіла. А для каго? Вось для каго рабіла тады, для тых жа прыкладна прызнае БНР і цяпер.

Але ёсьць, так выглядае, і яшчэ адзін узровень асэнсаваньня, яшчэ адзін у пэўным сэнсе адрасат. Тут пачнём з аналёгіі: вяртаньне Сталіным пагонаў у Чырвонай арміі ў разгар вайны, вяртаньне пасьля вайны значнай часткі дарэвалюцыйнага антуражу. Шмат для каго тады, скажам, вяртаньне пагонаў было сапраўдным шокам. І навошта гэта было Сталіну? Ну, у палёгцы, дадзенай праваслаўнай царкве ў дні, калі Гітлер падыходзіў да Масквы, яшчэ можна ўбачыць наўпроставую палітычную прагматыку – усё ж шмат людзей захавалі вернасьць Хрыстовай веры і набыць за іх кошт дадатковае апірышча было ў той крытычны момант зусім ня лішнім. Але ж пагоны навошта было вяртаць? Хто іх прасіў вярнуць, каму іх вяртаньнем меркавалася дагадзіць, у чым была палітычная мэта?

Справа, відаць, была ў тым, што мала ўжо здавалася рэвалюцыйнай легітымнасьці, спатрэбілася легітымнасьць гістарычная, спрадвечная, апірышчам якой ёсьць стагодзьдзі гісторыі.

Ну дык і з БНР, магчыма, цяпер адбываецца тое самае. Як ні спрабавалі знайсьці нейкі іншы, абыходны шлях для нацыя- і дзяржаватварэньня, зьбег абставінаў штурхае на агульны. Ня выключана, што пэўную ролю тут адыграла і зьмена пакаленьняў у эшалёнах улады. Самому Лукашэнку, можа, было ўтульна ў дзяржаве, радавод якой ідзе ад БССР, маладзейшай генэрацыі ўлады , магчыма, і ўтульней і спакайней пачуваць сябе ў больш шырокім гістарычным кантэксьце. Фігуральна кажучы, пры 100 і нават 128 далярах за тысячу кубамэтраў газу без БНР можна абыйсьціся, а вось пры 200 ці 300 даляраў за тую тысячу кубоў БНР можа стаць чыста практычнай ідэалягічнай патрэбай.

“Наша ўлада, як легендарны цар Мідас наадварот, да чаго той ні дакранаўся, ператваралася ў золата, нашы ж да чаго ні дакрануцца, ўсё ператвараецца ў … іншую субстанцыю”, – заўважаў некалі наконт падобных практыкаваньняў прыўлашчваньня гісторыі калега Цыганкоў. Не бяз гэтага, зразумела, але мяркую, што пры ўсіх выдатках, дасьціпна ахарактарызаваных калегам, працэс, які мы назіраем, варта ўсё ж вітаць.

Ну, па-першае, з нацыяналістычнага пункту гледжаньня, з пункту гледжаньня працэсу нацыятварэньня гэта наагул абсалютнае дабро. Стварэньне нацыі ў апазыцыйнай прабірцы, у гета – гэта наагул аксюмаран, супярэчнасьць у вызначэньні. Палітычная ідэя можа задаволіцца падтрымкай часткі грамадзтва, нацыянальная ідэя дасягае посьпеху толькі тады, калі ахоплівае ўсіх ці пераважную частку народу. І тая ж БНР – гэта не партыйная спадчына апазыцыі, а супольная спадчына ўсяго беларускага народу. І калі ўлада, зыходзячы з якіх заўгодна нізкіх і кан’юнктурных матываў, гэта прызнае, то яна робіць крок да ўмацаваньня сувязяў, якія аб’ядноўваюць беларусаў у адзінае цэлае.

Калі ж казаць пра ўласна палітычны бок, тут наступствы менш адназначныя. Гэта ў пэўнай ступені пары. З аднаго боку, страта апазыцыяй манаполіі (рэальнай ці ўяўнай) на ВКЛ, БНР і незалежнасьць, крыху зьніжае баявы дух, выводзіць з шэрагаў апазыцыі тых, чыё супярэчнасьці з уладай тычыліся як раз гэтых сюжэтаў. Тое, што апэляцыя да гістарычнай традыцыі не падрывае, а мацуе ўладу, адразу пасьля распаду СССР зразумелі кіраўнікі цэнтральнаазіяцкіх краінаў. Зразумелі і пачалі выводзіць радавод кіраваных імі дзяржаваў не з савецкіх часоў (хаця ў некаторых выпадках аб’ектыўна іх радавод менавіта такім і быў), а зь сівых стагодзьдзяў мінуўшчыны. І нічога, сядзяць, кіруюць, і ніяк гістарычная сьвядомасьць гэтаму іх кіраваньню не перашкаджае.

Але гэта ўсё ж з аднаго боку. З другога ж для аўтарытарнай улады мінулае – гэта і апірышча, і атрута. Дэмакратычная апазыцыя ўзьнімала гісторыю на свае сьцягі апроч іншага і таму, што бачыла ў ёй досьвед імкненьня сваіх продкаў да свабоды, досьвед таго, што людзі, народ – гэта ня дзеці, якім патрэбны строгі вярхоўны “бацька”. У гісторыі ёсьць шмат чаго, але ёсьць і гэта. І гэта разам зь іншым улада і глытае, уключае ў свой публічны абарот, у сваю дзяржаўную ідэалёгію. Як яно спрацуе – Бог ведае, можа на нейкім этапе ўсім, і самому Лукашэнку, стане зразумела, што некаторыя рэчы ён як нашчадак БССР рабіць можа, а вось як нашчадак ВКЛ і БНР, нават прыняўшы гэтую спадчыну з зусім хітрых матываў, - ужо і не.

Пары яно і ёсьць пары, выйгрыш не гарантаваны нікому. Іншая справа, што тыя, хто лічыў і лічыць тую ж БНР сваёй уласнай спадчынай, ужо ня могуць ад яго ўхіліцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG