Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя драматургі прадставілі ў Менску “Эўрэпіку”


“Эўрэпіка” – так завецца сумесны праект беларускага “Свабоднага тэатру” і мэрыі швэдзкага гораду Люнд. “Эўрэпіка” – гэта новы эўрапейскі эпас, які складаюць драматургі з 12 краінаў Эўропы, Амэрыкі і Азіі.


24 сакавіка ў адным з прыватных дамоў Менску шасьцёра з драматургаў чыталі свае п’есы. У выніку мусіць паўстаць адна супольная п’еса і адзін супольны спэктакль.

"У кожнай краіны свой выклік часу, але гэтыя выклікі робяцца агульнымі для ўсіх, у тым ліку і Беларусі давядзецца вырашаць праблемы, якіх няма, пакуль у краіне дыктатура”, – тлумачыць кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін. Падрабязнасьці – у інтэрвію для Радыё Свабода.

Халезін: “Адзіны тэатар будзе рабіцца разам са швэдзкім Лундам, які прэтэндуе на званьне культурнай сталіцы Эўропы 2014 году. Прэм’ера спэктаклю адбудзецца ў кастрычніку ў Люндзе”.

Карэспандэнт: “Якія краіны бяруць удзел у праекце?”

Халезін: “Беларусь, Швэцыя, Латвія, Расея, ЗША, Украіна, Гішпанія, Вялікая Брытанія, Македонія, Турцыя, Румынія... Сёньня, 24 сакавіка, тут у Менску амэрыканскі, брытанскі, швэдзкі, румынскі, турэцкі і беларускі драматургі. Заўтра, 25 сакавіка, пад’яжджае ўдзельніца праекту з Гішпаніі. Пасьля Дня Волі ўсе разьяжджаюцца”.

Карэспандэнт: “Якія ў названых краінах галоўныя праблемы, галоўныя выклікі?”

Халезін: “У Беларусі – эстэтычны канфлікт паміж двума культурнымі суб’ектамі, тое, што спараджае дыктатуру. У Румыніі – комплекс праблемаў, зьвязаных з уваходам у аб’яднаную Эўропу плюс канфармізм. Калі казаць пра Брытанію, то гэта астраўная мэнтальнасьць, якая блякуе кантакты зь сьветам. У Швэцыі – канфлікт з эмігрантамі...”

Карэспандэнт: “Ёсьць такі стэрэатып, што беларусы жывуць у ізаляванай краіне, і многія праблемы Эўропы нам не да галавы: ані эміграцыя, ані ўступленьне ў Эўразьвяз...”

Халезін: “Гэта абсалютна нашыя праблемы. Але каб зь імі сутыкнуцца, нам трэба вырашыць праблему, якая стаіць першай – свабода. Калі мы вырашым гэтую праблему, адразу ж сутыкнемся з тымі праблемамі, што стаяць перад аб’яднанай Эўропай. Менавіта таму мы і робім гэты праект у Беларусі. Каб беларусы змаглі разабрацца, што будзе далей і чаго нам чакаць. І якія ставіць бар’еры на шляху гэтых велічэзных праблемаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG