Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля катастрофы ў Самалі: ні вінаватых, ні кампэнсацыі


23 сакавіка 2007 году стала адной з самых змрочных старонак ў гісторыі беларускай авіяцыі.

Падчас узьлёту з аэрапорту сталіцы Самалі Магадыша быў зьбіты самалёт “Іл-76” кампаніі “Трансавіяэкспарт”, які працаваў у Афрыцы пад эгідай ААН. Адзінаццаць пілётаў і авіятэхнікаў у выніку крушэньня самалёту загінулі. КДБ Беларусі, якое вядзе расьсьледаваньне інцыдэнту, агулам абвінавачвае “міжнародны тэрарызм”. Аднак няма адказу: ці была неабходнасьць выпраўляць у Самалі спэцыялістаў, каб дэмантаваць абсталяваньне іншага “Іл-76”, зьбітага баевікамі за два тыдні да гэтага (у тым выпадку абышлося без ахвяраў). Паказальна і тое, што сваякі загіблых дагэтуль не атрымалі матэрыяльнай кампэнсацыі.

З прычыны адсутнасьці працы на радзіме беларускіх пілётаў можна сустрэць па ўсім сьвеце. І перадусім у Афрыцы, куды іншыя авіятары скіроўвацца не рызыкуюць з-за непрадказальнасьці палітычнай сытуацыі на «чорным кантынэнце».

9 сакавіка 2007 году ў Самалі быў абстраляны «Іл-76» беларускай кампаніі «Трансавіяэкспарт», які ў рамках міратворчай місіі Афрыканскага саюзу перавозіў бронетранспартэры з Уганды. Экіпажу цудам удалося пасадзіць самалёт. Праз два тыдні, 23 сакавіка гісторыя паўтарылася: баевікі выпусьцілі зэнітную ракету ў іншы беларускі самалёт, які перавозіў у Менск дэмантаванае абсталяваньне зь ляйнэра, падбітага 9 сакавіка. У выніку Беларусь страціла два самалёты і 11 сваіх грамадзянаў.
Ці кампэнсуе пакуты «міжнародны тэрарызм»?

Летась напачатку красавіка ў Менску разьвіталіся з камандзірам экіпажу Ігарам Вашкевічам, бортінжынэрам Іванам Габам, бортрадыстам Алегам Кануньнікавым, бортапэратарам Ігарам Грэсем, авіяінжынэрам Міхаілам Багловым, авіятэхнікамі Алегам Бандаронкам, Арцёмам Сычуговым, Дзьмітрыем Насьніковым. Другога пілёта Аляксандра Гаманькова, штурмана Генадзя Трашкова і бортапэратара Аляксандра Зерніна пахавалі ў Віцебску.

Надзея і Арцём Сычуговы былі на гэтым сьвеце адзінымі блізкімі людзьмі. Бацькоў страцілі рана, усе радасьці і беды дзялілі на дваіх. Цяпер сястра авіятэхніка Сычугова спрабуе дамагчыся адказу – хто вінаваты ў трагедыі:

“Справа крымінальная працягваецца, а высновы? Мяне калі яшчэ ў верасьні выклікалі, было сказана: гэта зроблена мясцовымі тэрарыстамі ў Магадыша, таму галоўнае абвінавачаньне – міжнароднаму тэрарызму. Што, безумоўна, гучыць вельмі сьмешна і сьведчыць аб тым, што вінаватых проста няма. З боку нашых афіцыйных уладаў, апрача вось гэтай інфармацыі, я нічога больш ня чула. Але ўжо празь іншыя крыніцы ведаю: такія высновы не задаволілі нікога, таму справа цягнецца далей. Я цягам трох гадоў магу падаваць скаргі. Ну, і тут няма ніякага выйсьця, трэба чакаць, бо, шчыра кажучы, за гэта амаль ніхто ня хоча брацца. Маю на ўвазе юрыстаў і г.д. Яны цудоўна разумеюць, наколькі ўсё складана”.

Вольга Грэсь, жонка бортапэратара Ігара Грэся, таксама не асабліва верыць, што справа з пошукам вінаватых і выплатай кампэнсацый сваякам зрушыцца:

“Расьследаваньне нібыта вядзецца, але нас да яго прынцыпова не падпускаюць. Я так думаю, што далей нічога ўжо ня зрушыцца. І ў сэнсе кампэнсацыі наўрад ці што будзе плянавацца. Нам сказалі: падавайце ў суд. Супраць каго? Ды каго заўгодна – так гэта называецца. Маўляў, судзіцеся з “Трансавіяэкспартам”. А падтэкстам – зь міжнародным тэрарызмам”.

Вольга Грэсь дадае, што да гадавіны трагедыі кіраўніцтва “Трансавіяэкспарту” выдаткавала матэрыяльную дапамогу на жалобны стол. Аднак гэта ня тая кампэнсацыя, якая была абяцаная ад пачатку.

Ці кампэнсуе страты беларуская дзяржава?

Надзея Сычугова пры гэтым зазначае: кампанія “Трансавіяэкспарт” атрымала кампэнсацыю за зьбітыя ў Самалі самалёты ад замежных авіяфрахтаўнікоў:

“Атрыманая страхоўка менавіта за той самалёт, на якім яны загінулі. З чаго стала вядома: самалёт быў застрахаваны на выпадак ваенных дзеяньняў. А людзі застрахаваныя не былі, гэта ўжо дакладна таксама вядома. Карацей, кампэнсацыі ніякай не было, выплачаная толькі страхоўка ў памеры 15 тысяч даляраў – тое, што яны былі зарэгістраваныя. То бок, як звычайна страхуюцца людзі, калі кудысьці ляцяць. Камусьці яшчэ выплаціў “Белдзяржстрах”, але паколькі я зьяўляюся толькі сястрой, а ня маці, “не положено” – так было сказана. Хоць думаю, што, канечне, гэта ня так. Але, шчыра кажучы, тады мне было проста не да таго; магчыма, цяпер пачну гэтым займацца, каб выплацілі гэтую страхоўку. А кампэнсацыі як такой не было. Калі гэтак усё будзе цягнуцца надалей, і зноў нічога ня будзе вядома, то мы, сваякі загіблых, будзем пэўным чынам рэагаваць і дзейнічаць”.

Як кажуць блізкія загіблых, ня вельмі прыгожая гісторыя атрымалася з помнікамі. Паводле Вольгі Грэсь, ішоў сапраўдны гандаль, каб заашчадзіць на памяці авіятараў:

“Калі апошні раз вырашалася гэтае пытаньне, нам сказалі: яшчэ будуць абмяркоўваць, разглядаць прапановы ў зьвязку з тэндэрнай сыстэмай, якую ўвялі. Выклікалі адзін раз, прапаноўвалі адзін макет помнікаў. Нам спадабалася, мы пагадзіліся. Але потым нам сказалі, што гэта дорага, трэба пераглядаць. Зноў зьбіралі сваякоў, але я ўжо другі раз ня езьдзіла, таму што ўжо выматалі ўсю нэрвовую сыстэму. Ведаю, што той варыянт, які прапанавалі – таньней, сваякі на яго не пагадзіліся. Але калі шчыра, на столькі стаміліся блізкія, што змагацца з сыстэмай сілаў ужо няма”.

Зь іншых крыніцаў стала вядома, што кансэнсус нібыта дасягнуты і дзяржава цалкам узяла на сябе абавязак аплаты за помнікі загіблым у Самалі. Папярэдне ўсталяваньне помнікаў плянуецца на верасень.

Па невытлумачальна злой іроніі лёсу, у некалькіх дзясятках мэтраў ад магілаў экіпажу Ігара Вашкевіча стаяць сем крыжоў экіпажу Канстанціна Знака. У такі ж дзень 23 сакавіка, але на год раней, беларускія лётчыкі на самалёце “Іл-76” пацярпелі крушэньне ў Танзаніі. Адрозна ад “самалійцаў”, экіпаж Знака працаваў па дамове з малдаўскай фірмай, таму спадзяваньні на нейкую дапамогу ў сваякоў былі ўвогуле прывідныя. Так і атрымалася: на помнікі выдалі суму, сувымерную з выразам “каб адчапіліся”. Галоўным аргумэнтам тое, што авіятары не былі супрацоўнікамі “Трансавіяэкспарту” ці “Белавія”. Грамадзянства Беларусі вырашальным фактарам ня стала.

2008 год для беларускай авіяцыі таксама пачаўся з трагічных вестак. 14 лютага ў Ерэване пацярпеў аварыю пасажырскі самалёт CRJ-100кампаніі “Белавія”. Абышлося без ахвяраў, але самалёт зьнішчаны пажарам. Напачатку сакавіка падчас катастрофы верталёту Мі-8 у Нэпале загінуў беларускі пілёт Дзьмітрый Малышаў. У расейскім Калінінградзе пры загадкавых абставінах загінулі пілёты авіякампаніі “КД-авія”, грамадзяне Беларусі Ўладзімер Стрэж і Мікалай Века. Па дамове яны працавалі ў экіпажах “Боінга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG