Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч паабяцаў дапамагчы магілёўцам <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з жыхарамі “хрушчовак” магілёўскага мікрараёну “МІР-1” ды наведаў рынак “Крыніца” што ў мікрараёне Саламінка.


Жыхары абодвух мікрараёнаў дамагаюцца ад мясцовай улады вырашэньня сваіх праблемаў.

Два месяцы таму жыхары мікрараёну “МІР-1” назьбіралі паўтысячы подпісаў за найхутчэйшую рэканструкцыю “хрушчовак”. Сабраныя подпісы людзі накіравалі ў гарвыканкам і аблвыканкам. Атрыманы ад чыноўнікаў адказ іх не задаволіў. Што далей рабіць, людзі ня ведаюць. Пра тое яны й скардзіліся Аляксандру Мілінкевічу.

Аляксандар Мілінкевіч паабяцаў людзям дапамагчы:

“Мы абавязкова дапаможам Вам. Будзе Вам добры юрыст, можа і два. Прыедуць спэцыялісты, камунальнікі й па заканадаўстве. Але трэба быць разам й не разыходзіцца. Трэба падаваць у суд. Суды для таго існуюць, каб вырашаць спрэчныя пытаньні. Ня трэба баяцца судоў. Гэта нармальная працэдура. Трэба адстойваць свае правы. Дзякуй Вам за тое, што вы ёсьць і што вы актыўныя”.

Сваімі ўражаньнямі ад сустрэчы з жыхарамі “хрушчовак” Аляксандар Мілінкевіч падзяліўся з “Свабодай”:

“У кожнай краіне ёсьць праблемы зь бюджэтам. У кожнай краіне цяжка вырашаюцца камунальныя праблемы. Ёсьць першачарговыя рэчы. Калі ў цэнтры гораду мяняюць плітку ў трэці раз, лепшую на яшчэ лепшую, альбо будуць палацы – мы такія багатыя, каб тое рабіць. Тут жа дамы могуць абрынуцца на галовы людзей. Я лічу, што самае галоўнае, што гэтыя людзі спрабуюць самі пастаяць за сябе”.

Ці спадзяюцца людзі з “хрушчовак” на дапамогу Мілінкевіча? Гаворыць адна з уладальніц “хрушчоўкі” Ніна Пятроўна:

“У мяне жыцьцё пражытае, як гаворыцца. Я хачу толькі лепшага толькі сваім дзецям ды ўнукам. Вялікіх спадзеваў я ня маю, але, магчыма, і дапаможа”.

Што да моладзі, якая жыве ў “хрушчоўках”, то яе на сустрэчы не было. Маладыя людзі назіралі за гутаркай людзей сталага веку з палітыкам праз вокны.

Пасьля мікрараёну “МІР-1” Мілінкевіч наведаў другі мікрараён – “Саламінка”. Цягам месяцу жыхары дваццацітысячнага раёну й прадпрымальнікі змагаюцца з намерам улады зьліквідаваць адзіны тут рынак. За месяц людзі назьбіралі шэсьць тысяч подпісаў супраць яго ліквідацыі. На месцы рынка ўлады маюць намер збудаваць спартовы комплекс.

Свае крыўды на ўладу людзі выказалі Аляксандру Мілінкевічу. Палітык пакінуў свой подпіс супраць зносу рынку.

Аляксандар Мілінкевіч два дні знаходзіўся на Магілёўшчыне. Учора ён наведаў Бялыніччыну, Шклоўшчыну ды Горкі.

“У нас шмат праблемаў, і важна тут тое, каб улада не адгароджвалася ад людзей. Кепска, што ўлада не выбіраецца й не залежыць ад людзей. Яна сама па сабе, а людзі самі па сабе. Людзі запытваюць мяне, як жыць маладым, як ім пабудаваць кватэры, як атрымаць адукацыю. Задавалі шмат пытаньняў пра ахову здароўя й атамную станцыю. У Горках, да прыкладу, малайцы, там сабралі паўтары тысячы подпісаў супраць будаўніцтва АЭС у Горацкім раёне. Шмат пытаньняў ёсьць, але добра тое, што людзі пачынаюць разумець, што самім трэба змагацца за свае правы й бараніць сваю годнасьць”.

За час побыту на Магілёўшчыне ў Мілінкевіча не было праблемаў зь міліцыяй. Яна толькі назірала за сустрэчамі здалёк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG