Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск – сталіца БНР <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў Менску адбылася экскурсія па мясьцінах, зьвязаных з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе ладзілі актывісты БНФ.


Экскурсія, у якой бралі ўдзел каля пяцідзесяці чалавек, пачалася ад помніка Янку Купалу. Потым малады гісторык Павал Дзюсекаў павёў грамадзянаў да аднаго з будынкаў комплексу архіярэйскага падвор’я:

“Гэты домік захаваўся амаль што ў першапачатковым выглядзе. Гэта быў царкоўна-археалягічны музэй. Чым ён цікавы нам, што зь ліпеня да жніўня 1918 года тут праводзіла свае паседжаньні Рада БНР”.

У цяперашнім будынку тэатра імя Янкі Купалы ў 1917 годзе быў скліканы першы Ўсебеларускі зьезд, у якім бралі ўдзел 1872 дэлегаты з усяго беларускага этнічнага абшару – ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Тут прагучаў заклік “Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!”.

“Гэты зьезд адкрываўся пад гімн “Не загаснуць зоркі ў небе”, напісаны Янкам Купалам. Там лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, быў герб “Пагоня”. 17 сьнежня на зьезд увайшлі бальшавікі. Трымаючы націск літаральна ў дзьвярах, удзельнікі зьезду абіраюць прэзыдыюм. Гэты прэзыдыюм уцякае з чорнага ходу і накіроўваецца ў бок Лібава-Роменскай тагачаснай чыгункі. У той час як астатніх дэлегатаў арыштоўваюць”.

У будынку былога біскупскага палацу, які ўключае касьцёл панны Марыі, прынятая першая Ўстаўная грамата БНР. Для ўдзельнікаў экскурсіі сябра Партыі БНФ Франак Вячорка зачытаў яе тэкст. Менавіта адсюль, па словах гісторыка Паўла Дзюсекава, пачынаецца шлях Беларусі да незалежнасьці.

Потым пабачылі будынак, дзе праходзілі паседжаньні Беларускага народнага прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам. І завяршылася экскурсія на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была прынятая трэцяя Ўстаўная грамата БНР.

“Менавіта тут, пачаўшы паседжаньне позна ўвечары 24 сакавіка, яны абмяркоўвалі лёс Бацькаўшчыны, яе далейшы шлях, і раніцай у 8 гадзін 25 сакавіка была абвешчаная трэцяя Ўстаўная грамата БНР, якая абвясьціла БНР незалежнай дзяржавай”.

Дом, у якім засядала Рада БНР
Тэкст граматы зачытаў прысутным Франак Вячорка. Ён раздаў юбілейныя паштоўкі з выявай будынку.

Удзельнік экскурсіі спадар Барыс падзяліўся ўражаньнямі:

“Вельмі добра было б, каб аднавілі дом на сучаснай вуліцы Валадарскага, дзе была прынятая трэцяя Ўстаўная грамата. Тым больш, што ў 1990-я гады была выраблена вельмі прыгожая мэмарыяльная шыльда, якая павінна была быць усталявана на гэтым будынку. І да гэтага часу дзяржава не дазваляе гэтага зрабіць. А трэба сваю гісторыю шанаваць. А шыльда ёсьць, яна захоўваецца, пэўна, у Беларускім Народным Фронце”.

Паводле Франака Вячоркі, турыстычныя ўстановы, на жаль, не прапануюць такіх экскурсій:

“Я думаю, што гэта будзе добрая нагода – 90-годзьдзе БНР – усім турыстычным фірмам прадумаць свае маршруты, каб на аўтобусах, пешшу праводзіць беларусаў і замежнікаў па памятных мясьцінах БНР. Паколькі БНР у сьвеце ведаюць, БНР прызнаюць. Вельмі важна, каб ведалі, дзе гэта ўсё адбывалася”.


Будынак на вул. Валадарскага, 9, дзе была прынятая 3-я Ўстаўная грамата БНР
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG