Разам са студэнтамі дыктоўку пісалі выкладчыкі, а таксама віленскія беларусы і адзін зь літоўскіх парлямэнтароў беларускага паходжаньня – Вацлаў Станкевіч.
Для дыктоўкі ў Вільні, як і ў іншых месцах, быў абраны тэкст прадмовы да зборніка Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская”. Бальшыня удзельнікаў былі студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.
“Калі пабачыла аб'яву, адразу зразумела, што пайду – мне гэта было цікава, тым больш гэта праходзіць першы раз, яшчэ ні разу такога ня было, таму вырашыла пайсьці і не пашкадавала”, – сказала Марыя, якая вучыцца ў Вільні ў ЭГУ трэці год. Яе аднакурсніца Валерыя падзялілася: “Калі шчыра, прыйшла пісаць дыктоўку, каб яшчэ раз адчуць сябе за школьнай партай... Ну, і насамрэч, мне падаецца гэтая дыктоўка вельмі істотнай падзеяй, – у іншых краінах ужо прайшлі такія дыктоўкі, і цяпер – упершыню ў нас, і гэта сапраўды нам усім патрэбна”.
“Нацыянальная дыктоўка будзе і ў наступным годзе. Будзе традыцыя абавязкова працягвацца, на наступны год мы зробім яшчэ лепей”, – сказаў адзін зь яе асноўных арганізатараў, студэнт ЭГУ Алег Грубіч.
Алег Грубіч сказаў пасьля заканчэньня імпрэзы: “Прыйшлі ня ўсе, каго запрашалі, каму адмыслова паведамлялі. Але прыйшлі нават такія людзі, ад якіх я й не чакаў, што прыйдуць. А тыя хто абяцалі, зьбіраліся прыйсьці – чамусьці не прыйшлі. Але мне спадабалася, як усё сёньня адбылося. Сёньня было душэўна, так можна адным словам акрэсьліць. І вельмі прыемна”.
Пісаў дыктоўку і заснавальнік “Талакі” Сяржук Вітушка, які жыве ў Вільні і працягвае актыўную грамадзкую дзейнасьць, нягледзячы на тое, што страціў зрок у выніку цяжкай хваробы.
“Я лічу, што гэта вельмі добры чын – нацыянальная дыктоўка. На жаль, цяперашнім часам часта бяссэнсоўнымі робяцца гэтак званыя палітычныя акцыі. А жыцьцё чалавечае ідзе, так? І каб ня траціць яго дарэмна, трэба прыдумляць такія дзеяньні, каб кожны дзень быў насычаны якойсьці сэнсоўнай беларускай працай. І вось гэтая дыктоўка – яна ня пойдзе ў пясок. Вось гэтыя словы Багушэвіча, якія людзі некалькі разоў пачулі, якія яны запомняць, завучаць, пішучы гэтую дыктоўку, яны спатрэбяцца чалавеку потым кожны дзень”.
Тэкст дыктоўкі Сяржук Вітушка пісаў лацінкай. Ён прызнаўся, што было нялёгка – ён ня змог прывезьці свой кампутар, і давялося пісаць шрыфтам Брайля для сьляпых, якім ён звычайна не карыстаецца.
“Я ведаю лацінскі альфабэт шрыфтам Брайля. І з дапамогай гэтага лацінскага альфабэту набіраеш звычайны тэкст. Выціскаеш гэтыя кропачкі, а потым пальцам гэтыя кропачкі можна абмацаць і прачытаць гэтае слова”.
Адзін зь літоўскіх парлямэнтароў беларускага паходжаньня таксама узяў чынны ўдзел. Чалец камітэту замежных спраў Сойму Літвы Вацлаў Станкевіч адклаў сваю паездку ў родную Кляйпэду, куды ён вяртаецца кожны раз напрыканцы тыдня працы ў Вільні, каб напісаць дыктоўку.
“Таму што я беларус. І, як ужо гаварыў студэнтам, я добра ведаю становішча зь беларускай мовай у Беларусі. Гэта трагічная сытуацыя. І таму мне вельмі важна было ўдзельнічаць.
Я не хачу нікога крытыкаваць, я хачу толькі папрасіць беларускіх палітыкаў, чыноўнікаў, беларускае грамадзтва карыстацца сваёй беларускай пекнай мовай. Мова, культура – гэта карані любой нацыі, і беларускай таксама. Гэта – і будучыня, і незалежнасьць Беларусі, бо бяз мовы і культуры, без сваіх каранёў Беларусь не ўтрымае сваёй незалежнасьці. Таму вельмі важна для мяне было сёньня ўдзельнічаць у гэтай дыктоўцы”.
“Сёньня была вельмі прыгожая аўдыторыя, шмат маладых і прыгожых студэнтаў, але я спадзяваўся, што будзе й больш “студэнтаў” майго ўзросту, – вы ведаеце, мне сёлета будзе 54 гады, – дадаў Вацлаў Станкевіч. – Тут вельмі шмат жыве беларусаў, і грамадзкіх беларускіх актывістаў, і я спадзяюся, у наступным годзе будзе такая дыктоўка ізноў, і ўжо далучыцца больш беларусаў. І тут, вядома, справа ня ў тым, каму 15 ці 18 гадоў, а каму 50 ці 70. Усе мы павінны ўзяцца разам за супольную працу і падтрымліваць сваю родную мову і культуру”.