Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р.Сітніца: “Найвялікшая падзея ў жыцьці – каханьне”


Сёлета Рыгор Сітніца адзначае паўвекавы юбілей. Ён удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх, замежных ды міжнародных выстаў і мастацкіх імпрэзаў. Творы мастака знаходзяцца ў музэях Беларусі, Польшчы, Грэцыі, Нямеччыны, у прыватных зборах многіх краінаў. Ён першы намесьнік старшыні Беларускага саюзу мастакоў. У апошнія дзесяць гадоў прабуе сябе ў паэзіі і публіцыстыцы: ляўрэат двух літаратурных прэмій – «Полымя-2003» і «Залаты апостраф-2007». Сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе са спадаром Сітніцам пра ягоныя асабістыя музычныя, літаратурныя, мастацкія, грамадзянскія прыярытэты.


Уліцёнак: “Хто для мастака Рыгора Сітніцы – узор у мастацтве?”

Сітніца: “Язэп Драздовіч, Гаўрыла Вашчанка, Уладзімер Савіч у беларускім мастацтве, Ван Гог – у сусьветным”.

Уліцёнак
: “А хто ідэал для паэта Сітніцы?”

Сітніца: “Рыгор Барадулін, Барыс Пастэрнак, Аляксандар Блок, Уладзімер Караткевіч, Максім Багдановіч, Янка Купала”…

Уліцёнак: “Што яднае такіх розных постацяў і ў мастацтве, і ў паэзіі?”

Сітніца: “Высокая эстэтыка. Высокая мараль. Высокі ўзор мастацтва”.

Уліцёнак: “А каго Вы бачыце на п’едэстале ў рэальным жыцьці?”

Сітніца:
“Для мяне грамадзкі аўтарытэт – гэта Васіль Быкаў. Таму што гэта ўзор сумленьня, гэта ўзор маралі, узор служэньня Бацькаўшчыне і мастацтву”.

Уліцёнак: “Вы – грамадзкі рэдактар Радыё Свабода гэтага тыдня. У такім разе: якія Вашыя любімыя газэты або сайты?”

Сітніца:
“Часопіс “Дзеяслоў” у яго папяровым, а найперш электронным выглядзе. Людзі займаюцца вельмі пазытыўнай працай: яны ствараюць пазытыўны, гуманістычны і аптымістычны вобраз нашае Беларусі”.

Уліцёнак: “Што для беларусаў, у такім разе, каштоўнасьць нумар адзін?”

Сітніца: “Бацькаўшчына: мова, гісторыя, культура, рэлігія”.

Уліцёнак: “Найвялікшыя посьпех і параз вашага жыцьця?”

Сітніца:
“У мяне цудоўная сям’я, у мяне каханая жонка… А самая вялікая падзея ў жыцьці чалавека – гэта каханьне. Калі Бог даў яго – значыць, жыцьцё адбылося. Ну а параза… Не магу ўзгадаць!”

Уліцёнак:
“За Вамі слава душы кампаніі: што любіце слухаць, сьпяваць?”

Сітніца: “Я люблю фальклёр, таму й сябрую з музыкамі, якія працуюць у фольк-мадэрне – гурты “Палац”, “Юр’я”… Дарэчы, зьяўляюся адным зь вядоўцаў фольк-мадэрн-фэстываляў “Таўкачыкі”. Таму, натуральна, у кампаніі аддаю перавагу народным песьням, заўсёды, напрыклад, сьпяваю “Ой, сівы конь бяжыць…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG