А шостай гадзіне на плошчы пачалася імправізаваная акцыя: сюды прыйшлі моладзевыя актывісты, а таксама ўдзельнікі галадоўкі, якая стартуе сёньня а шостай вечара.
Моладзь патлумачыла журналістам, што гэта будзе эстафэтная галадоўка. Пакуль што ў ёй удзельнічаюць 7 чалавек – браты Скрабцы, Тацяна Ваніна, Вячаслаў Сіўчык, Алесь Макаеў, – але яны не выключаюць, што да гэтай акцыі далучацца іншыя ўдзельнікі. Галадоўнікі кажуць, што будуць галадаць да тае пары, пакуль ня вызваляць з турмы Аляксандра Казуліна.
Апроч таго, мэтай сёньняшняй акцыі было прыцягнуць увагу грамадзкасьці да тых падзеяў, якія адбываліся на Плошчы 2 гады таму. Нягледзячы на тое, што колькасьць удзельнікаў была даволі малая, не было абавязковай інфармацыйнай кампаніі, на плошчу прыехалі 6 аўтазакаў і 5 аўтобусаў са спэцназам. Гэтым разам абышлося без затрыманьняў.