Пасол ЗША ў Беларусі Карэн Ст'юарт, якая пакінула Беларусь на патрабаваньне беларускага Міністэрства замежных спраў, заявіла ў інтэрвію францускаму агенцтву Франс-Прэс, што Злучаныя Штаты хутчэй за ўсё задаволяць патрабаваньне беларускага боку і скароцяць штат сваёй дыпляматычнай місіі ў Менску, каб ня страціць яе наагул.
"На дадзеным этапе, узважыўшы ўсе чыньнікі, я мяркую, што нам вельмі важна мець там пасольства," -- сказала яна.
Паводле Карэн Ст'юарт пытаньне кадравага складу пасольства будзе вырашанае на наступным тыдні. Яна падкрэсьліла, што гэта істотнае скарачэньне, што цяперашні склад не празьмерны, а неабходны для выкананьня ускладзеных на пасольства функцый і для вырашэньня праблемы ягонай бясьпекі. "Гэта ўключае супрацоўнікаў службы бясьпекі, марскіх пехацінцаў і гэтак далей," -- патлумачыла спадарыня Ст'юарт.