Ганна Соўсь: "Зянон Станіслававіч, найперш хачу запытацца, як Вы будзеце адзначаць 90-ыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі?”
Зянон Пазьняк: “Я запрошаны на канфэрэнцыю ў Прагу, і буду там 22 і 23 сакавіка. А потым буду ў Варшаве, там буду сьвяткаваць разам з сябрамі”.
Соўсь: “Якія з каштоўнасьцяў БНР застаюцца і сёньня актуальнымі для беларускіх патрыётаў?”
25 жніўня, як і 25 сакавіка -- гэта вялікая дата нашай гісторыі
І гэтае адраджэньне ўжо адбылося пад новай назвай, назвай Беларусь. Гэты ўсе ідэі і гэтыя пэрспэктывы былі закладзеныя і прапісаныя дзеячамі БНР. Я маю на ўвазе і грамадзкі лад -- рэспубліканскі, і дэмакратыя, і нацыянальная дзяржава, і нацыянальныя межы, і этнічны склад, і культура, і будучыня. Гэтыя ідэі ўсе былі закладзеныя, і пра іх мы гаворым як пра ідэалы БНР. І гэтым ідэаламі жыло ўсё беларускае адраджэньне. І ўдалося іх ізноў паставіць на парадак дня і вярнуць незалежнасьць у часе беларускай нацыянальнай рэвалюцыі ў 1991 годзе. 25 жніўня, як і 25 сакавіка -- гэта вялікая дата нашай гісторыі”.
Соўсь: “Як, на Вашую думку, наколькі сур'ёзная цяпер пагроза незалежнасьці ў параўнаньні з 1918 годам, калі была абвешчаная БНР, ці 1991 годам, калі была абвешчаная Рэспубліка Беларусь?”
Пазьняк: “Цяпер пагроза вельмі сур'ёзная. Таму што мы маем справу з той жа самай імпэрскай ідэалёгіяй, з той жа самай імпэрскай псыхалёгіяй, што і 200 гадоў таму. Але мы маем справу з другой сыстэмай ўлады. 200 гадоў таму гэта быў царызм, гэта быў царскі абсалютызм. 100 гадоў таму гэты былі бальшавікі, гэта быў бальшавізм, камунізм, таму што фактычна камунізм -- гэта была форма рускага імпэрыялізму. І цяпер мы маем справу з гэбізмам. Гэта той выпадак, калі ўсю ўладу, абсалютную ўладу ў Расеі пераняў КГБ.
Захаваць нашу незалежнасьць і нашу нацыянальную культуру, якая на сёньняшні дзень зьяўляецца важнейшым чыньнікам сувэрэнітэту
Соўсь: “Калі пры канцы 1980-х гадоў, пачатку 1990-х гадоў Вы выводзілі на вуліцы дзесяткі, сотні тысячаў чалавек, як Вы лічыце, людзі ішлі за Вамі за нацыянальную ідэю ці супраць камунізму? І цяпер, калі людзі выходзяць на вуліцы, у меншай, праўда, колькасьці, як Вы лічыце, яны выходзяць супраць Лукашэнкі ці зноў жа за нацыянальную ідэю?”
Пазьняк: “20 гадоў таму людзі выходзілі супраць камунізму і за нацыянальную ідэю, і за справядлівасьць. Самае важанае, што беларусы выходзілі за справядлівасьць -- і нацыянальную, і сацыяльную. Вось гэта вельмі важны момант. Цяпер людзі жывуць у перавернутым сьвеце, сьвеце дэзінфармацыі, і гэта вельмі небясьпечна момант, калі людзі ня ведаюць прычынаў іхняга дрэннага стану. Пры той камуністычнай ўладзе людзі ўжо ведалі , што прычына ў камунізьме , прычына ў Савецкім Саюзе, і авангард грамадзтва змагаўся і павёў за сабой усе масы . На сёньняшні дзень яшчэ грамадзтва канчаткова не сасьпела, каб, як Купала пісаў, зразумець, дзе пячэ, дзе студзіць. І ў гэтым задача беларускай адраджэнскай эліты, каб хутчэй дапамагчы і нашаму грамадзтву, і нашым элітам зразумець гэтую складаную абстаноўку.
Людзі павінны зразумець, што трэба берагчы сваё
Гэта вельмі простыя разважаньні, і ў гэтых справах ня трэба мудрыць. Тут усё проста -- жыць альбо ня жыць, быць альбо ня быць, быць свабоднымі альбо не свабоднымі, быць багатымі альбо быць беднымі. І трэба гэты выбар рабіць і разумець, што трэба, каб не страціць сваё”.
Соўсь: “Зянон Станіслававіч, на мінулым тыдні адбыўся чарговы акт вандалізму ў Курапатах, і дзякуючы намаганьням актывістаў Кансэватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ўсе 36 апаганеных крыжоў былі адноўленыя. Зянон Станіслававіч, як Вы лічыце, чаму гэтае месца застаецца аб’ектам вандалізму, і ясна што не шараговых хуліганаў?”
Пазьняк: “Таму што Курапаты сьведчаць аб генацыдзе расейскага камунізму. Гэта сьведчаньне, якое пацьвярджаецца трупамі. Там знайшлі забітых людзей, якіх яны забілі. Да адкрыцьця праўды пра Курапаты яны адчувалі сябе вальней, таму што гэта была абстрактная гаворка, але яны ведалі, што ня дойдзе справа да суда , бо на судзе запатрабуюць факты. Дык вось цяпер Курапаты сьведчаць пра тое, што іх можна і трэба прыцягваць да суду.
Ёсьць трупы, якія яны забілі, мы іх знайшлі, яны гэта разумеюць, і таму яны ўсе гэтыя гады, хутка ўжо 20 гадоў, змагаюцца , зьнішчыць месца злачынства, каб схаваць трупы , а схаваць ужо немагчыма.
Гэта маніфэстацыя бясьсільля цёмных сілаў. Я б так назваў, таму што гэтыя кашчунства ўжо ад бясьсільля. Людзі павінны разумець: прыйдзе час і кожны за гэта адкажа. Справядлівасьць патрабуе пакараньня. Абавязкова. Таму пакараньне будзе, нават, калі яно ня будзе чалавечае, то яно будзе Боскае”.