”Комомольская правда” в Белоруссии” працягвае тэму “жывога шчыта”, які з прыватных аўтамабіляў стварылі супрацоўнікі ДАІ, каб спыніць нецьвярозага кіроўцу. Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 2-га сакавіка на Слуцкай шашы непадалёк ад Менску. Газэта аддала цэлую паласу паведамленьням і развагам чытачоў, прысланых праз інтэрнэт. Журналістка Ірына Козлік цытуе.
“Чалавек, які на назваўся Нік-рэпэцітар, піша: “Мой сябар распавёў, што восеньню 2007-га года ягоны сваяк быў “жывым шчытом” на кальцавой менскай аўтадарозе. Гналіся за нецьвярозым кіроўцам, той ударыўся ў аўтамабіль сваяка, аўтамабіль перакуліўся. Дарэчы, выйсьці з аўтамабіля таксама не далі. А яшчэ двое знаёмых паведамілі, што былі ў падобнай сытуацыі, але без здарэньня. Выснова – гэта распаўсюджаная практыка. Такіх “жывых шчытоў” хапала і раней”.
Яшчэ адна актуальная тэма, паднятая “Комсомолкой”: стандартная двухпакаёўка ў Менску каштуе амаль 100 тысяч даляраў, але атрымаць на гэтую суму крэдыт ня лёгка. Да таго ж беларусы плацяць за такія крэдыты ў пяць разоў больш за эўрапейцаў. Прычыны – ў артыкуле “Чаму ў Беларусі няма танных і доўгатэрміновых крэдытаў?”
“Газэта Слонімская” заступілася на жыхароў прыватных дамоў, пабудаваных ў Слоніме ў раёне вуліцы Косаўскі тракт. Трынаццаць гадоў таму там выдзелілі болей за 200 ўчасткаў пад індывідуальнае будаўніцтва. Болей за 40 дамоў ужо пабудаваны, у іх жывуць людзі, але водаправоду дагэтуль не правялі. Штогод гучаць абяцаньні, а праца адкладаецца. Зараз ўлады абяцаюць зрабіць ўсё ў будучым годзе – гэтак па абласным радыё сказаў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму спадар Уладзімер Саўчанка. Журналіст газэты Сяргей Васільеў, які сустракаўся з жыхарамі дамоў, распавядае.
“Вадавоз два разы на тыдзень прывозіць ваду, але дарогі там няма. Калі дрэннае надвор’е, вадавоз ня можа праехаць па вуліцы, стаіць на шашы, а людзі бегаюць туды-сюды з вёдрамі. Зімой, казалі людзі, яны тапілі сьнег ў ваннай, каб было чым памыцца”.
Газэта “Вольнае Глыбокае” рыхтуе сьвяточны нумар, прысьвечаны 90-годзьдзю БНР. Мясцовы краязнаўца, рэдактар газэты Уладзімер Скрабатун, праз расповед пра адзін з гарадзкіх адрасоў знаёміць чытачоў з гістарычнымі падзеямі амаль векавой даўніны.
“У Глыбокім па вуліцы Горкага, 22 ёсьць цікавы будынак. Драўляны дом, пабудаваны ў 1930-ыя гады. Дом ацалеў у вайну. Паводле знаўцаў нашай гісторыі тут жылі Душ-Душэўскія, з якіх паходзіў Клаўдзій Душэўскі, аўтар бел-чырвона-белага сьцяга”.