Нагадаем, што “Дарога” Івонкі Сурвілы — гэта чатырнаццатая кніга выдавецкай сэрыі нашага радыё “Бібліятэка Свабоды XXI стагодзьдзя”. Яе прэзэнтацыя адбудзецца ў Менску 17 сакавіка а 18 гадзіне ў сядзібе БНФ на Машэрава, 8 (былая Варвашэні).
“Я гэтую кніжку ўспрыняў як такое гуканьне вясны. Гэтая кніга напісаная зь верай у гэтую беларускую вясну, верай у яе абуджэньне.
Другая рэч, якая мяне ўразіла ўжо як навукоўца, — гэта надзвычайная чысьціня беларускай мэнтальнасьці, якую дэманструе Івонка Сурвіла ў сваёй кніжцы. Гэтая мэнтальнасьць можа служыць своеасаблівым эталёнам натуральнай, чыстай, яскравай, сьветлай беларускай мэнтальнасьці. І я лічу, што толькі з такой мэнтальнасьцю ці кірункам думак, як у Івонкі Сурвілы, можна стаць сапраўдным беларускім нацыянальным лідэрам. І гэта асноўная ўмова для прэтэндэнтаў на такое высокае званьне. Каб у нас кіраўніцтва мела такую мэнтальнасьць, то ў нас не было б ніякіх праблем з далейшым грамадзкім і эканамічным прагрэсам”.