Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Што будзе з вакзалам?"


Агляд недзяржаўнай прэсы


«Комсомольская правда в Белоруссии» тры паласы пятнічнай “талстушкі” прысьвяціла інцыдэнту з “жывым аўтамабільным шчытом” на шашы Менск — Мікашэвічы. Газэце ўдалося расшукаць пасажыраў той машыны, якую спрабавала затрымаць ДАІ. Маладыя людзі Раман і Вольга заўтра жэняцца. Везьлі з Гомелю да сябе на вясельле сьведку.

Яны прызнаюць, што былі нецьвярозыя. Раману, які быў за рулём, 21 год. Правоў у яго не было. Ні ў той момант, ні калі-небудзь. Ён папросту ніколі не спрабаваў іх атрымаць, хаця аўтамабіль водзіць ужо 7 год. Маладыя людзі былі ўпэўненыя, што змогуць уцячы ад ДАІ, таму і не спыняліся. Але, калі пад’яжджалі да Менску, зразумелі, што наступствы будуць сур’ёзныя.

На першай паласе маладэчанскай “Рэгіянальнай газэты” артыкул “Што будзе з вакзалам”? Апавядае журналіст Сяргей Зянько:

У рэдакцыю пазваніў жыхар Маладэчна, які запытаўся, ці сочым мы за ходам рэканструкцыі вакзала. Маўляў, цяпер там мяняюць вокны і зьнішчаюць рэльефную кладку. А гэта ж гістарычны помнік. Мы зьвярнуліся па тлумачэньні да старшыні Камісіі аховы гістарычных помнікаў Маладзечанскага выканкаму. Ён сказаў, што парушэньняў у тым, што адбываецца, няма ніякіх. Бо вакзал зьяўляецца “помнікам мясцовага значэньня” – нават не абласнога. Проста ён быў узяты пад ахову рашэньнем аблвыканкаму”...

У газэце “Народная воля” (http://www.nv-online.info/) - пра ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах. Адказваючы на пытаньне аднаго з журналістаў пра санітарны стан памяшканьняў, дзе адбываюць тэрмін пакараньня адміністрацыйна арыштаваныя, міністар унутраных справаў Беларусі сп. Навумаў заявіў: "Ня думаю, што трэба даводзіць гэтыя месцы да такога стану, каб туды камусьці хацелася".

Як у турэмных умовах парушаюцца правы чалавека, ці можна гэта неяк зьмяніць і як - шукае адказы газэта.

15 сакавіка краіна адзначае Дзень Канстытуцыі. Ці можна назваць гэты дзень сьвяточным, што варта адзначаць беларусам у гэты дзень? На гэтыя пытаньні “Народная воля” папрасіла адказаць прафэсара Міхаіла Пастухова. На ягоны погляд, погляд экс-судзьдзі Канстытуцыйнага суду, сёньня “Канстытуцыя з важнейшага прававога дакумэнта ператварылася ў маленькую кніжачку, якую вывучаюць хіба што школьнікі і студэнты юрыдычных ВНУ”...


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG