Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск лавіруе паміж Эўропай і ЗША


Напружанасьць у дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЗША, якая ўзьнікла ў сувязі з увядзеньнем санкцыяў супраць канцэрну “Белнафтахім”, працягваецца.


Амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў ужо прыляцеў у Менск для кансультацыяў. А амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт, нягледзячы на рэкамэндацыю беларускага Міністэрства замежных справаў, застаецца ў Менску.

Палітоляг Віталь Сіліцкі, камэнтуючы для нашага радыё гэты дыпляматычны канфлікт, перадусім зьвяртае ўвагу на тое, што амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт па-ранейшаму застаецца ў Беларусі. Адносна яе беларускія ўлады “абмежаваліся дастаткова дэкаратыўнымі захадамі”, – лічыць палітоляг:

“Гэта, на мой погляд, азначае, што беларускі бок зараз, хутчэй за ўсё, ня можа дазволіць сабе радыкальных крокаў. Шмат хто кажа (і, я думаю, слушна) пра тое, што галоўнай мэтай вонкавай палітыкі Лукашэнкі цяпер будзе гульня на супярэчнасьцях паміж Амэрыкай і Эўропай. Але каб зрабіць гэта, ён зараз ня мае права ісьці на абвастрэньне сытуацыі. Таму што высылка зь Беларусі амэрыканскай амбасадаркі прывяла б да кансалідацыі эўрапейцаў. А гэта азначала б канец таму дыялёгу, які ў Беларусі ідзе зараз з Эўропай.

І тое, што Лукашэнка паводзіць сябе даволі стрымана, нягледзячы на ўсю сваю рыторыку, паказвае, што зараз ён у гэтым дыялёгу зацікаўлены”.

Сёньня гэтую тэму закрануў і сам Аляксандар Лукашэнка. Прымаючы інвэстараў зь Вялікай Брытаніі, кіраўнік Беларусі заявіў: пэрспэктывы разьвіцьця дачыненьняў Беларусі і Эўразьвязу залежаць ад ступені незалежнасьці палітыкі Эўразьвязу ад палітыкі ЗША адносна Беларусі.

“Што тычыцца нашых узаемадзеяньняў з Эўрапейскім Зьвязам, дык, як нам тут падаецца, Эўразьвяз правільна разумее ўсё тое, што адбываецца вакол Беларусі, і правільна ацэньвае ролю Беларусі для Эўрапейскага Зьвязу. І пэрспэктывы нашых дачыненьняў з Эўразьвязам, на жаль, не ляжаць у плоскасьці Эўропа — Беларусь. Пэрспэктывы будуць залежаць ад таго, наколькі Эўрапейскі Зьвяз будзе больш-менш самастойным ад палітыкі Злучаных Штатаў адносна Беларусі”.

Палітоляг Вячаслаў Пазьняк лічыць, што ў гэтым канфлікце выразна відаць два аспэкты — дыпляматычны і эканамічны:

“Эскаляцыя дыпляматычнай напружанасьці — гэта тупіковы варыянт. Крайні пункт у падобных сытуацыях — разрыў дыпляматычных стасункаў. Але думаецца, што да гэтага справа ня дойдзе. Хоць я не выключаю варыянта, пры якім напружанасьць яшчэ больш узрасьце і будзе нават зафіксаванае зьніжэньне ўзроўню дыпляматычнага прадстаўніцтва.

Ад амэрыканскага боку відаць, што існуе пакет фінансава-эканамічных санкцыяў, якія пакуль ня цалкам рэалізаваныя. І мне падаецца, што цяперашнія акцыі беларускага боку як раз і скіраваныя ня столькі на тое, каб адрэагаваць на санкцыі супраць “Белнафтахіму”, колькі на тое, каб папярэдзіць новыя фінансава-эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Думаецца, гэта галоўная задача беларускага боку ў цяперашняй сытуацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG